Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

…няпростыя франтавыя дарогі

За плячыма ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Іванавіча Квяткевіча, жыхара вёскі Кузьмічы Любанскага сельсавета, – няпростыя франтавыя дарогі. Пра іх ён часта расказвае тым, каму выпала жыць пад мірным небам. У мінулым годзе мне давялося сустрэцца з Міхаілам Іванавічам у яго дома. Тое, пра што расказваў ветэран, захоўваю ў памяці і зараз.

Хлопцу ішоў дзевятнаццаты год, калі пачалася вайна. У сорак другім іх, хлопцаў і дзяўчат, збіралі для адпраўкі ў Германію. У той мітусні Міхаіл паспеў захінуцца за вугал будыніны, і ахоўнік яго не ўбачыў. Хаваючыся ад чужых вачэй, хлопец прыбег дамоў і адразу ж звязаўся з партызанамі. Ведаў, што за ўцёкі чакае расстрэл не толькі яго, але і блізкіх, таму неўзабаве ўся сям’я Квяткевічаў была ў партызанскай зоне. Міхаіл змагаўся з ворагам у брыгадзе імя Даватара: разам з іншымі партызанамі разбіраў рэльсы, падрываў цягнікі, хадзіў у разведку.

У сорак чацвёртым Беларусь была вызвалена, і Міхаіл Квяткевіч трапіў на Другі Беларускі фронт, у складзе якога з баямі прайшоў да Кенігсберга. Дату ўзяцця гэтага горада запомніў на ўсё жыццё – гэта было якраз 10 красавіка, у дзень яго нараджэння. Многа салдат тады палегла, а Квяткевічу лёс нібыта ўручыў падарунак у дзень нараджэння, пакінуўшы яго жывым. Шлях салдата Квяткевіча ляжаў на Гданьск, да Одэра, дзе Міхаіл і сустрэў Дзень Перамогі.

Усё сваё пасляваеннае жыццё Міхаіл Іванавіч звязаў з родным калгасам. Нават выйшаўшы на пенсію, не спяшаўся пакідаць работу. А працаваў шчыра, ад душы, аб чым сведчаць мірныя ўзнагароды, што дадаліся да ваенных. Так атрымалася, што ўжо даўно няма на свеце жонкі ветэрана. Маладой пайшла з жыцця і дачка. Цяжка перажываць гэтыя страты, але ж што зробіш – так склалася жыццё… Ды і не прывык ветэран, загартаваны вайной і працай, скардзіцца на лёс. У народзе кажуць, што трэба жыць як набяжыць. І ён жыве, стойка пераносячы ўсе выпрабаванні.
Зусім нядаўна ў жыцці Міхаіла Іванавіча адбылася важная падзея – яму быў уручаны юбілейны медаль «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь». Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны да ветэрана наведаліся прадстаўнікі Любанскага сельвыканкама разам са старшынёй Уладзімірам Чуковічам, артысты Любанскага Дома культуры (на здымку). Ветэран цёпла прыняў гасцей, ахвотна расказаў ім пра свае ваенныя шляхі-дарогі. Своеасаблівым падарункам Міхаілу Іванавічу была песня «Смуглянка», якую выканалі мясцовыя артысты. Вельмі кранула яна ветэрана, ён нават не ўтрымаўся, каб не падхапіць яе. Цёплай атрымалася сустрэча, пасля якой на грудзях у Міхаіла Іванавіча Квяткевіча заблішчэў яшчэ адзін медаль.

У тэму

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 356 «Аб устанаўленні юбілейнага медаля «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь» быў падпісаны ў канцы верасня мінулага года. Ім будуць узнагароджвацца ваеннаслужачыя (акрамя тых, хто нясе тэрміновую службу), якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у сваёй дзейнасці, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл, дзяржслужачыя Беларусі, а таксама іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне абароназдольнасці краіны і Узброеных Сіл.

Як паведаміла старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Шэпелева, на Вілейшчыне юбілейным медалём да Дня абаронцаў Айчыны ўзнагароджана 38 чалавек. Дваім з іх уручаны і медалі “100 лет Великой Октябрьской Социалистической революции”, зацверджаныя цэнтральным камітэтам Камуністычнай партыі Беларусі.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадстаўлена Любанскім сельсаветам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 132 queries