Да чаго ж багатая яна, лексіка нашай роднай мовы! Гэта невычэрпная крыніца, што дорыць нам словы-самацветы, якія зіхацяць-пераліваюцца ў замалёўках і вершах, нарысах і апавяданнях. Вось і ў чарговай, зусім новай, кніжцы Віктара Кажуры «Слоўца да слоўца: амонімы для пачатковай школы», якая ўбачыла свет у мінулым годзе і адрасавана вучням пачатковай школы, ва ўсёй сваёй прыгажосці прадстаюць амонімы беларускай мовы (усе, спадзяюся, памятаюць, што гэта словы, якія аднолькава гучаць, але маюць рознае значэнне).

Для тых, каму цяжкавата растлумачыць значэнне таго ці іншага амоніма, аўтар прадугледзеў і падказку – «Тлумачальны слоўнік» у канцы кніжкі, які дасць на ўсё адказы.
Амонімы ў цікавых рыфмаваннях-карацельках размясціліся ў кнізе зручна, у алфавітным парадку. Пачаўшы з першай літары алфавіта, не заўважыш, як дабярэшся да «я», і усё так захапляльна і цікава чытаецца! Вось, напрыклад, як піша аўтар пра значэнні слова «вал»:
На моры зноў – дзявяты вал,
Пейзаж, як з фільмаў, – фантастычны!
Мы сілу валаву – на вал:
Ток выпрацоўваць электрычны.
Альбо даведаемся пра значэнні слова «горачка»:
– Горачка мне, горачка, –
Жаліцца каніска.
– Ледзяная горачка,
А на ёй так слізка!
А як цікава будзе дзеткам прачытаць пра слова «драпаць»! Аказваецца, і яно мае розныя значэнні…
І шпалеры, і гардзіны
Коцік Мурзік драпаў,
А пасля ад гаспадыні
Што ёсць сілы драпаў.
І ўжо калі пачалі пра катка, дык і далей – пра яго, пра значэнні гэтага слова:
Вунь гарэзлівы каток
Па шашы гуляе
І не бачыць, што каток
Там асфальт раўняе.
Вось так проста, зразумела кожнаму і цікава. І такія ўсе вершы. А калі ўлічыць, што кніжка «Слоўца да слоўца…» ярка і сакавіта ілюстравана, дык можна ўявіць, з якой цікавасцю возьмуць яе ў рукі пачаткоўцы. Возьмуць, каб пазнаваць, адкрываць таямніцы беларускай мовы. Застаецца толькі пажадаць ім поспехаў на гэтым шляху! А Віктару Кажуру – і надалей радаваць нас падобнымі навінкамі!
Ірына БУДЗЬКО








