Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Невялічкая гісторыя з жыцця ветэрана Вянцэвіча

У Дзень вызвалення Вілейкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны мы ўспамінаем ветэранаў, вязняў, усіх, хто мае дачыненне да той бязлітаснай вайны.

На жаль, час сцірае з памяці падзеі мінулага, ды і саміх сведак подзвігаў становіцца з кожным годам усё менш. І чым далей сыходзяць ад нас гады вайны, тым больш нам хочацца даведацца пра тых, хто даў нам свет, хто не шкадаваў свайго жыцця ў баях за наша шчасце і свабоду. Аб вайне маё пакаленне ведае з аповедаў дзядуляў, бацькоў. А мае дзеці даведаюцца ў асноўным толькі з кніг, кінафільмаў, спектакляў. Але галоўнае – апавяданні ветэранаў, яны, як жывая крыніца, сілкуюць нашу ўдзячную памяць. У кожнай сям’і ёсць свая маленькая гісторыя вайны, і мы павінны як мага больш даведацца пра подзвігi нашых дзядоў і прадзедаў – слаўных абаронцаў Радзімы, хто на свае вочы адчуў усе жахі войнаў…

З-за шаноўнага ўзросту і эпідэміялагічнага становішча ў краiне мы з клопатам ставімся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Таму вялікай гутаркі з ветеранам Пятром Васільевічам Вянцэвічам не атрымалася, але дзякуючы яго дачцэ Зоі Пятроўне Грыневіч мы даведаемся няхай аб невялiчкай, але каштоўнай гісторыi пра яшчэ аднаго ветэрана ў нашым раёне, якому споўнілася 95 гадоў.

Ён нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы Нарач Вілейскага раёна. Скончыў чатырохкласную школу. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму споўнілася 16 гадоў. Усе тры гады пражываў у часова акупаванай роднай вёсцы, у бацькоўскай хаце. Пасля вызвалення Вілейшчыны, у ліпені 1944-га, быў прызваны на службу ў рабоча-сялянскую Чырвоную Армію Куранецкім райваенкаматам Вілейскай вобласці. З верасня па кастрычнік 1944-га служыў у 14-м запасным стралковым палку. З кастрычніка гэтага года стралок Пётр Вянцэвіч увайшоў у 74-ы стралковы полк 321 стралковай дывізіі. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы, у баях ля Варшавы, ваяваў за горад Магдэбург. 27 лютага 1945 года быў паранены, лячыўся ў Нясвіжскім шпіталі.

– Калі бацька вярнуўся ў вёску, вырашыў стварыць сям’ю з аднавяскоўкай, маладой, прыгожай дзяўчынай – маёй мамай Ганнай Адамаўнай. У той цяжкі пасляваенны час мужчынская падтрымка і апора былі неацэнныя. У яе на той час загінуў бацька на фронце, пражывала са сваёй маці, ім не было каму дапамагчы, – распавяла Зоя Пятроўна.

Доўгія гады Пётр Васільевіч працаваў у калгасе «XXI з’езд КПСС» конюхам, пчаляром. Яго жонка – у краме, сельсавеце. З цягам часу маладая сям’я абзавялася вялікай гаспадаркай, разам дабудавалі дом, у які яшчэ заклаў падмурак бацька Ганны Адамаўны, нара­дзіліся дзеці – дачка і сын, якія сёння жывуць у Вілейцы з бацькам. А ў роднай вёсачцы ветэран з дзецьмi не пакiдае хату, у летнi перыяд яны з задавальненнем жывуць тут, далей ад гарадской мiтуснi. У Пятра Васільевіча чатыры праўнукі, старэйшаму з якіх 19 гадоў. Яны, як і дзеці, унукі, заўсёды будуць ганарыцца і памятаць ваенную гісторыю роднага чалавека.

Вікторыя АПЯЦЁНАК/Фота Сяргея ГАНЧАРА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries