«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…» – так сказаў паэт.
А мне здаецца, што не трэба далёка ехаць. Дастаткова ўглядзецца ў родны куточак – і зразумееш, як гэта ўсё міла, прыгожа, дорага. Сэрцам гэта адчуваеш. Люблю цябе, родная старонка. З такімі думкамі вярталася я з экскурсіі па нашым раёне.
Дзень выдаўся халодны. Зранку быў дождж. Але мы, члены клуба «Залаты ўзрост», з вялікім жаданнем ехаць чакалі аўтобус каля Палаца культуры.
Кіраўнік нашага клуба Вольга Радзевіч пажартавала:
– Можа, не паедзем? Надвор’е не спрыяе.
– Паедзем! Што нам той дождж.
І сапраўды. І ўзрост нам не перашкода для такіх паездак, а тым больш дрэннае надвор’е. Хоць мы ўсе сталага ўзросту, але цікавасць да жыцця нас не пакінула.
Нам вельмі пашанцавала, што ў арганізацыі і правядзенні экскурсіі дапамог дырэктар Вілейскага музея Сяргей Гарчар.
Маршрут экскурсіі пралягаў праз вёскі чатырох сельсаветаў нашага раёна. Мы не толькі ўбачылі гэтыя месцы, але даведаліся шмат цікавага з іх гісторый.
Першы прыпынак – вёска Касута. Тут мы наведалі царкву, даведаліся пра яе гісторыю. А каля дарогі, побач з агароджай царквы, знаходзіцца валун з памятнай шыльдай знакамітаму Піліпу Орліку. Нашага земляка ўшаноўваюць не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне, Швецыі. Кожны год на свята Пятра і Паўла сюды прыязджаюць прадстаўнікі Украіны.
Канечны пункт экскурсіі – Любча. Па дарозе да яе праехалі нямала іншых вёсак. У кожнай свая гісторыя, свае цікавыя месцы, людзі. Дарэчы, Вілейка багата на таленавітых людзей, аб якіх нам расказаў Сяргей Мікалаевіч.
У вёсцы Абадоўцы былі на сялібе пана Багдановіча, дзе захаваліся поўнасцю або часткова розныя пабудовы: вінакурня, карэтная, куратнікі. Па дарозе было некалькі храмаў, ля якіх мы стаялі, любаваліся імі і слухалі аповед нашага экскурсавода аб іх гісторыі, архітэктуры.
Наведванне былой вёскі Любча, якую напаткаў такі ж лёс, як Хатынь – гэта боль і сум. Мы пастаялі каля помніка, прайшліся па былой вуліцы, абапал якой на месцы хат ляжаць пліты з імёнамі тых, хто тут жыў. У вачах стаіць бярозавая алея, якая вядзе да месца, дзе былі спалены жыхары вёскі. Да вёскі Боркі з такім жа лёсам не даехалі: дрэнная дарога. Але мы пачулі гісторыю трагедыі гэтай вёскі і пра адзіную выжыўшую дзяўчынку.
Газета ў свой час пісала пра дырэктара музея Сяргея Ганчара. Які гэта цудоўны чалавек! Некалькі гадзін нашых зносін выклікалі ў нас захапленне ім і яго ведамі, сакавітай мовай. Я шмат ездзіла з экскурсаводамі. Але не памятаю, каб так уважліва іх слухалі. Мы былі такімі ўдзячнымі слухачамі, таму што Сяргей Мікалаевіч, калі сур’ёзна, а калі з жартам, мілай усмешкай, умее зачараваць слухача. Дай Бог Вам, паважаны чалавек, поспехаў у высакароднай справе па захаванні гісторыі роднай Вілейшчыны. На развітанне Сяргей Мікалаевіч паабяцаў, што ў нас яшчэ будуць сустрэчы, экскурсіі. Будзем чакаць.
Мы вельмі задаволеныя вярнуліся дадому. Пішу аб гэтым, каб сказаць, што і на пенсіі мы не забытыя, ёсць людзі, якія клапоцяцца аб нас. За гэту экскурсію мы ўдзячны супрацоўніцы Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, кіраўніку клуба «Залаты ўзрост» Радзевіч Вользе Аляксандраўне і, вядома, Ганчару Сяргею Мікалаевічу. А яшчэ аддзелу адукацыі за прадастаўлены аўтобус.
Спадзяюся, што ў некаторых узнікла жаданне праехацца па родных мясцінах і ўпэўніцца, што «не нужно мне солнце чужое, чужая земля не нужна». Гэта наша думка, думка сталых людзей. А цяпер звяртаюся да моладзі: вывучайце свой край, любіце яго.
Галіна КАПЦЮГ, член клуба «Залаты ўзрост». 


