Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Настаўнік, турыст, пісьменнік, аўтар песень і іх выканаўца – такім мы ведаем Уладзіміра Цануніна

Уладзімір Цанунін – чалавек на Вілейшчыне вядомы. Ды і не толькі на Вілейшчыне. Настаўнік, турыст, пісьменнік, аўтар песень і іх выканаўца, проста цікавы
і нераўнадушны чалавек – такім мы ведаем Уладзіміра Яфімавіча.

Ён многа прайшоў, многа ведае, таму, напэўна, яго творы такія пранікнёныя, кранаючыя душу. Зараз у скарбонцы пісьменніка 15 паэтычных зборнікаў і адзін зборнік прозы. І на гэтым, канешне ж, творца не спыняецца – у майскім і чэрвеньскім нумарах часопіса «Неман» надрукаваны раман Уладзіміра Цануніна «Пуща», з якім, думаецца, цаніцелі яго творчасці ўжо пазнаёміліся.

У гэтыя дні Уладзімір Яфімавіч адзначыць свой прыгожы юбілей – 70-годдзе з дня нараджэння. З гэтай нагоды мы шчыра віншуем пісьменніка, зычым яму ўсяго самага светлага і добрага і чакаем яго новых твораў! А для вас, паважаныя чытачы, змяшчаем падборку вершаў Уладзіміра Цануніна. Чытайце!

ЗВАНОЎ ХАТЫНСКІХ АДГАЛОСКІ

Над вечным полымем вятры
Калмацяць ранкам тры бярозкі.
І разлятаюцца ў бары
Званоў хатынскіх адгалоскі.
Тут колісь вуліца была.
Дзіцячы смех лунаў над вёскай.
Ды засталіся ад жытла
Званоў хатынскіх адгалоскі.
У той далёкі сакавік
Агнём узняўся хлеў на ўзлессі.
І жудасны жаночы крык
Панесла рэха ў паднябессе.
Маўчаць лясы і паплавы.
Схілілі голавы бярозкі.
Нясуць у небе журавы
Званоў хатынскіх адгалоскі.

Івану Лашутку

Цвілі за хатай у садочку слівы.
Вясёлкай зіхацела ў вокнах
шкло.
Тут кожны дзень паэта
быў шчаслівым.
Шкада, што гэта ў вечнасць
адышло.
Старыя дрэвы над высокім
ганкам
Сумуюць па сваім гаспадары,
Але яго вячэрняя заранка
Ў Баярах не згасае з той пары.

НАВАЛЬНІЧНЫ СОН

Сон вяртае ў час далёкі,
Дзе галінкамі ў расе
Кратаў дуб стары аблокі
І буслянку на страсе.
Раптам вынырнула хмара
І павісла над бугром.
Рэхам скалануў абшары
Нечакана моцны гром.
І адразу за палеткам
Зашумеў гушчар лясны.
Пчолы сцішыліся ў кветках
І замоўклі цвыркуны.
Праз імгненне дождж усыпаў,
Цёплы, чэрвеньскі, густы
На старыя кроны ліпаў,
На падворак і кусты.
А праз пяць хвілін раптоўна
Хмара знікла за ракой.
Пад вясёлкаю чароўнай
Луг ізноў набыў спакой.
Мне начамі часта сніцца,
Як віхор траву нясе
Ў набліжэнні навальніцы…
І буслянка на страсе.

ВЯСНОВЫ РАНАК
Памяці паэтэсы Ганны Новік

Вясновае сонца вясёлкаю грае
На шыбах і ў талай вадзе.
У фрэнчы мужчынскім
жанчына старая
Па вуліцы ціха ідзе.
У ботах салдацкіх, у шапцы вайсковай,
З вялікаю торбай пустой.
На выгляд здаецца бабулькай
вясковай,
Што ў горад прыйшла пехатой.
Насустрач маўкліва чародкі
прахожых
Спяшаюцца, як мурашы.
А ранак вілейскі настолькі
прыгожы,
Што вершы ірвуцца з душы!
Радкі адгукнуцца таемнай
пяшчотай,
Вясёлкаю ў талай вадзе.
Не ведаюць людзі, што
ў хромавых ботах
Пісьменніца побач ідзе.

ПЕРАМОЖНЫ МАЙ

Жытнёвых палёў абрус
І полаг зялёных траў
Раскінула Беларусь
Сярод векавых дубраў.
Пад лапы старых ялін
Хаваюцца курганы.
Загадкі легенд-былін
Вартуюць з вякоў яны.
Заўсёды ішоў народ
За годнасць сваю на бой.
Касцямі варожы зброд
Ляжыць у зямлі сырой.
Квітнее мой родны край.
Вясёлкай спавіў лугі.
І зноў пераможны май
Узняў над зямлёй сцягі.
Палае расой зара
Праз белыя туманы
Ад Буга і да Дняпра,
Ад Прыпяці да Дзвіны!

ХРАМ ДЗЯЦІНСТВА

Вяргіні пад акном.
За плотам поле грэчкі.
І пахне палыном
Знаёмы кут за печкай.
Салодкі водар траў
Плыве над наваколлем
І дзесьці шум дубраў
За неабсяжным полем.
Дзявочыя вянкі
Плывуць па чыстых водах,
І цягне ад ракі
Прыемнай прахалодай.
Стаіць, нібы стажок,
Вярба за агародам.
За хатаю лужок
Чаруе пахам мёду.
Вішнёвыя сады
І лава каля брамы …
Заўсёды я сюды
Іду нібы да храма.

КУПАЛЛЕ

Чырванее вогнішча над рэчкай,
Узнімае іскарак віхор.
Між аблок мільгаюць,
нібы свечкі,
Вераніцы таямнічых зор.
З заміраннем уздыхае рэха,
Кліча кветку-папараць шукаць,
І назад ляціць юначым смехам
У чароўны бор за сенажаць.
Светлякамі пожня сее росы.
Шэпча казкі аер малады.
І ракіты апускаюць косы
З тумановай коўдры да вады.
Заплываюць за старыя палі
З марамі дзявочымі вянкі.
Так заўжды, з надзеяй
на каханне,
Ладзілі Купалле землякі.

МУЗЫКА ЖНІВА

Хвалявалі сэрца кветкі,
Даляглядаў хараство.
Не сціхала над палеткамі
Песня звонкая ў жніво.
Ціхім рэхам адгукаліся
Навакольныя лясы.
Сонцу нібы пахваляліся
Спелым зернем каласы.
Галасы плылі шчаслівыя.
Сонцам бліскалі сярпы.
І рамонкі сарамлівыя
Запляталіся ў снапы.
Копы ставілі з усмешкамі,
Нібы чаркі на сталы.
І кружыліся над сцежкамі
Маладзенькія буслы.
Над ракою сінявокаю,
Над садамі ля сяла
Песня звонкая, далёкая
Цёплай раніцай плыла.
Сэрцам гукі запаветныя
І цяпер я чую ў сне,
Бо былі напевы гэтыя
Калыханкай для мяне.
ЦІКАЕ ГАДЗІННІК

Мільгацяць вячэрнія агні
Ў кропельках дажджынак
на акне.
Адзінота. Толькі ў цішыні
Цікае гадзіннік на сцяне.
Успамінаў налятае рой.
І ад іх мурашкі па спіне.
Сумны, абыякавы настрой…
Цікае гадзіннік на сцяне.
Уключаць не хочацца святло,
Бо зручней сядзець у змроку
мне.
Шмат чаго цікавага было.
Цікае гадзіннік на сцяне.
На двары нічога не відно.
Мабыць, хутка дождж
ізноў ліне.
Хоць бы хто пастукаў у акно.
Цікае гадзіннік на сцяне…

НЕБА РАДЗІМЫ

Золата Млечнага шляху
ў прасторы
Неба раскінула над галавой.
Зорак у бездані цёмнага мора
Больш, чым расы на траве
лугавой.
Хмарак празрыстых даўгія
палосы
Ў ззянні ўзнікаюць нібы
з небыцця.
Кажуць, што там вырашаюцца
лёсы
Нашага з вамі зямнога жыцця.
Падаюць знічкі над лесам
таропка.
Поўня малюе ў аблоках узор.
І спадарожніка срэбная кропка
Ціха міргае між пацерак-зор.
Гэта сцвярджаць я зусім
не баюся,
Бо цішыня прымушае сама:
Лепшага неба, чым у Беларусі,
Мабыць, нідзе на планеце
няма.
МАЕ КАРАНІ

Салаўіныя песні на золку
Ўспамінаюцца ў казачным сне.
Лугавыя пахучыя зёлкі
Быццам клічуць здалёку мяне.
Дом бацькоўскі з вясёлкай
над ганкам.
Голас пеўня ў суседнім двары.
І ў акенца плыве з-пад фіранкі
Пах язмінавы ў ззянні зары
І няма ні турбот, ні трывогі.
Не палохаюць думкі бядой.
Быццам зноў я бягу басаногі
Да крыніцы з гаючай вадой.
Гай бярозавы, рэчка і поле.
Ясны ранак у росным агні.
Не забыцца такога ніколі,
Бо адгэтуль мае карані.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries