Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

На роднай зямлі, што яго ўзгадавала…

Чалавек, які вырас у вёсцы, заўсёды адчувае вялікую любоў да зямлі. Не мною гэта заўважана і жыццём пацверджана. Вось і герой маёй сённяшняй публікацыі ўсім сваім жыццём даказвае гэта. Я маю на ўвазе жыхара вёскі Лыцавічы Мікалая Мікалаевіча Мягкова, які на днях адзначыў сваё сямідзесяцігоддзе. Так склалася ў жыцці, што, адпрацаваўшы трыццаць пяць гадоў у сельскагаспадарчай галіне на Вілейшчыне, ён узначаліў сельгасгаліну адной з гаспадарак на Мядзельшчыне, дзе зараз і працуе.

Сям’я ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Мягковых з пяцідзясятых гадоў жыла ў Любані. Бацькі Мікалая Мікалаевіча працавалі ў вядомай на той час далёка за межамі раёна гаспадарцы, якой кіраваў знакаміты Яўген Фёдаравіч Мірановіч. Менавіта ў гэтага чалавека-легенды вучыўся юны Коля Мягкоў жыццёвай мудрасці, адносінам да справы і да людзей працы. І цяпер, праз многа гадоў, ён нярэдка прыгадвае той час, калі ў Любані жыў і працаваў Яўген Мірановіч.

Вучоба і праца, праца і вучоба – яны ў жыцці Мікалая Мягкова ішлі поруч. Электрык у мясцовай гаспадарцы, навучэнец сельгастэхнікума па спецыяльнасці заатэхнік, начальнік комплекса па адкорме цялят, студэнт ветінстытута, заатэхнік, студэнт інстытута кіравання АПК, намеснік старшыні колішняга калгаса імя Кірава, кіраўнік сельгасгаліны ў гаспадарцы на Мядзельшчыне – гэта ўсё вехі жыццёвага і працоўнага шляху Мягкова. У яго працоўнай кніжцы нямнога запісаў, і ўсе яны – адлюстраванне паўвекавога з лішкам працоўнага стажу ў сельскай гаспадарцы, праца ў якой стала справай жыцця Мікалая Мікалаевіча. Вось і дома яны са спадарожніцай жыцця Любоўю Іванаўнай заўсёды мелі і маюць зараз немалую гаспадарку, упраўляцца з якой дапамагаюць дзеці і ўнукі. Пра гэту цудоўную сям’ю газета пісала не раз.

Напярэдадні юбілею Мікалая Мікалаевіча я гутарыла з яго блізкімі, для якіх адметная дата мужа, бацькі і дзядулі – вельмі важная сямейная падзея. Для сыноў Мікалая, Яўгена і дачкі Святланы бацька – той чалавек, які зрабіў іх дзяцінства шчаслівым, дапамагаў і дапамагае на жыццёвым шляху, заўсёды жыве інтарэсамі і клопатамі блізкіх. Самы моцны, разумны, строгі і справядлівы – так характарызуюць дзеці бацьку. Дарэчы, менавіта ён з кожным са сваіх дзяцей ездзіў у навучальную ўстанову, калі яны паступалі. І неяк смялей пераступалі парог альма-матэр выпускнікі сельскай школы, ведаючы, што недзе зусім побач – блізкі чалавек, які хвалюецца, чакае і перажывае за іх. Урэшце, у сям’і Мягковых клопат адно пра аднаго – галоўная рыса, якая перадаецца ад бацькоў дзецям. З вялікай павагай адносіўся Мікалай Мікалаевіч да сваіх бацькоў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, беражліва захоўваюцца ў сям’і іх баявыя ўзнагароды, і гэтыя паважліва-трапяткія адносіны да продкаў перадаюцца маладому пакаленню. Вось і для ўнукаў Мягковых дзядуля – самы лепшы сябра, з якім можна пакатацца на машыне, пабудаваць шалаш ці з’ездзіць на экскурсію; цікавы суразмоўца (асабліва падабаецца ўнукам слухаць пра армейскае мінулае, калі дзядуля быў дэсантнікам); першы настаўнік ва ўсіх справах (менавіта ён прывівае дзецям любоў да тэхнікі, сельскагаспадарчай працы, роднай зямлі). Хто ведае, разважае юбіляр, магчыма, нехта з іх, унукаў, працягне некалі яго справу…

Усе гэтыя дні дружная сям’я Мягковых жыве з адчуваннем агульнага для іх свята – адметнага юбілею роднага чалавека. І калі шчыра, прызнаюцца дзеці, то зусім не верыцца, што іх энергічнаму, няўрымсліваму і працавітаму тату семдзясят. Як і дзесяць, дваццаць гадоў назад, ён пастаянна ў клопатах, у руху – з ранку і да вечара на працы, дзе яго заўсёды чакаюць сур’ёзныя пытанні і людзі, якіх ён паважае і любіць; а кожную вольную хвіліну аддае самаму дарагому ў жыцці – сям’і, без падтрымкі і разумення якой не ўяўляе свайго жыцця.

Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: М.М. Мягкоў з унукамі.
Фота з сямейнага альбома МЯгковых

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 19 queries