У №64 нашай газеты быў надрукаваны матэрыял «Сообща и заинтересованно», у якім расказвалася пра сустрэчу прадстаўнікоў улады на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Бегунцом з жыхарамі Ільяншчыны. Сустрэчы тады адбыліся ў Партызанскім, Ільі, Мацькаўцах. Жыхарамі гэтых населеных пунктаў было зададзена тады нямала пытанняў і ўнесена прапаноў.
На днях у рэдакцыю патэлефанавала жыхарка пасёлка Партызанскі Валянціна Андрушкевіч. Не толькі ад сябе, але і ад імя жыхароў свайго населенага пункта Валянціна Іванаўна падзякавала і раённай уладзе, і мясцоваму кіраўніцтву за тое, што людскія праблемы, якія былі агучаны на сустрэчы, пачуты і вырашаюцца.
– Асабліва тыя, што датычаць добраўпарадкавання, – адзначыла жанчына. – Так, набалелай праблемай да нядаўняга часу былі аварыйныя дрэвы на могільніку, якія, хоць мы не адзін раз раней падымалі гэта пытанне, ніяк не ўбіраліся. Толькі пасля сустрэчы з кіраўніцтвам ды з прыходам новага старшыні сельвыканкама Аляксандра Мікуцкага справа зроблена.
Наведзены парадак і ў нашым скверыку, аб чым мы таксама прасілі на сустрэчы. Усё зроблена аператыўна, акуратна, прафесіянальна. Ды і ўвогуле з прыходам Аляксандра Канстанцінавіча праведзена сур’ёзная работа па навядзенні парадку ў населеных пунктах.
А яшчэ, падзялілася радасцю Валянціна Іванаўна, у іх пасёлку сёлета ўпершыню за многія гады зноў заззяла агеньчыкамі навагодняя ёлка, загарэлася навагодняя ілюмінацыя. Разам з электрыкамі працаваў над стварэннем святочнай атмасферы і старшыня сельвыканкама, за што жыхары пасёлка ў чарговы раз кажуць яму «дзякуй». І настрой, шчыра прызналася Валянціна Іванаўна, у іх адпаведны – святочны.
Ірына БУДЗЬКО