Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На дабрачынны канцэрт у Ерхах было распрададзена каля 200 білетаў

Асаблівая атмасфера панавала ў мінулую нядзелю ў аграгарадку Ерхі – тут ладзіўся дабрачынны канцэрт у рамках марафона «Дзеці супраць раку», які праходзіць па ініцыятыве раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа на Вілейшчыне ўжо тры гады.

Такія дабрачынныя канцэрты збіраюць усіх нераўнадушных людзей горада і раёна дзеля адной высакароднай мэты – дапамагчы дзеткам, якія хварэюць на анкалогію. Прыходзячы на гэтыя дабрачынныя мерапрыемствы (а яны праходзяць ва ўсіх установах культуры) і набываючы білет, мы такім чынам уносім свой уклад у лячэнне хворых, бо ўсе сродкі ад канцэртаў перадаюцца сем’ям, дзе ёсць такія дзеткі. Канцэрт у Ерхах быў дзясятым па ліку і прайшоў пад знакам дабрыні і міласэрнасці.

Перад пачаткам канцэрта бібліятэкар мясцовай бібліятэкі Жанна Андрыеўская запрасіла дзяцей на гульнёвую пляцоўку, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі цікава правялі час.

А тым часам у клубе збіраліся людзі. Прыходзілі маладыя і пажылыя, сем’ямі і па аднаму. 165 білетаў на суму 330 рублёў было рэалізавана ў гэты дзень. На адным дыханні прайшло гэтае мерапрыемства, у якім выступалі самадзейныя артысты з Ерхаў, з аўтаклуба, вакальная група «Надзея» Шылавіцкага Дома культуры, сям’я Жарскіх з Людвінова. Цёпла прымалі гледачы і юную прадстаўніцу Чырвонага Крыжа – валанцёра Дашу Лухвіч.

Не проходите мимо, люди!
Чужых не может быть детей!
Не проходите мимо судеб,
Заботясь только о своей.

Гэтыя радкі з хваляваннем чытала са сцэны старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях. І яе хваляванне і нераўнадушша перадаліся кожнаму, хто стаў удзельнікам гэтай дзеі. Цёплыя словы падзякі Святлана Іосіфаўна выказала старшыні Крывасельскага сельвыканкама, якая прыняла ўдзел у дабрачыннай акцыі, кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі,а таксама кожнаму з вяскоўцаў, хто адклаў усе свае справы і прыйшоў у гэты дзень у клуб.

Надзіва цёплым і светлым атрымалася гэтае мерапрыемства. Ды інакш і не магло быць, бо ўсіх яго ўдзельнікаў аб’ядноўвала высакародная мэта – дапамагчы хворым хлопчыкам і дзяўчынкам. І калі здароўе хаця б аднаго з іх, на дапамогу якому пойдуць сабраныя сродкі, палепшыцца, калі адступіць боль і стане лягчэй жыць, значыць, не дарэмныя нашы агульныя намаганні – і арганізатараў, і самадзейных артыстаў, і ўдзячных гледачоў.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Людмілы ЛЯШКОВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries