Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

МЯсцовы – значыць, дбае пра сваё

У апошнія гады роля Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, якія вырашаюць шэраг праблем мясцовага значэння, прыкметна ўзрасла. Дэпутаты, якіх выбірае мясцовая супольнасць, ведаюць пазіцыю і патрэбы людзей сваёй акругі, заўжды ўлічваюць іх пажаданні, па меры магчымасцяў стараюцца выканаць наказы сваіх выбаршчыкаў – і гэта іх асноўная місія і прызначэнне. Прызначэнне лідара сваёй мясцовасці, чалавека, які карыстаецца аўтарытэтам і павагай, бо ён мясцовы, ён з народа. Кожны дэпутат – гэта, можна сказаць, валанцёр, бо выконвае свае абавязкі бескарысна, ахвяруючы і сваім вольным часам, і сваімі патрэбамі. Аднак, праца дэпутата мае вялікае значэнне, бо кожны народны выбраннік – гэта пасрэднік паміж мясцовымі людзьмі і мясцовай уладай. Менавіта аб працы сістэмы органаў мясцовага самакіравання, якую сёння прадстаўляюць 34 дэпутаты раённага і 128 сельскіх Саветаў, а таксама 164 прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, і будзем распавядаць у нашай новай рубрыцы «Дэпутацкая прыёмная». Мы пастараемся паказаць як прыклады таго ўнёска мясцовых дэпутатаў базавага і першаснага ўзроўняў, так і тыя праблемы і пытанні, з якімі сутыкаюцца жыхары горада і раёна ў сваім паўсядзённым жыцці і якія стараюцца вырашаць сумеснымі намаганнямі.

DSCN0233
Фёдар Крывашэя, Вольга Суднік і Рыгор Кулеш

На мінулым тыдні надарылася пабываць у Вязынскім сельскім Савеце, падчас рабочай паездкі зазірнулі да старшыні сельвыканкама – Ігара Міхайлавіча Судніковіча, які якраз у сваім кабінеце абмяркоўваў надзённыя пытанні разам з некаторымі мясцовымі дэпутатамі і старастамі вёсак. Скарыстаўшыся такой магчымасцю, мы пагутарылі з актывам сельсавета на прадмет іх станоўчага вопыту працы з людзьмі ў вырашэні розных пытанняў.

– Нашы вясковыя дэпутаты і старасты – гэта мая правая рука, – адразу засяродзіў увагу Ігар Міхайлавіч. – Бывае, мы толькі пачынаем разважаць,як вырашыць пэўнае пытанне на вёсцы, а дэпутат ці стараста ўжо тэлефануе і кажа, што пагутарыў з людзьмі і дамовіўся аб тым, што пэўны ўнёсак у вырашэнне пытанняў зробяць самі жырары, а ад сельсавета трэба толькі вось тое і тое. І гэта паўсюдна. Нашы дэпутаты і старасты – гэта ініцыятыўныя, аўтарытэтныя людзі, добрыя арганізатары, якія ведаюць аднавяскоўцаў, якія маюць рэальныя правы і магчымасці ўсталяваць у сваім населеным пункце парадак і згоду. Бо яны на вёсцы, што гаспадар у доме. З аднаго боку, ён павінен бачыць на сваёй тэрыторыі, як той казаў, усе тэхнічныя непаладкі і клапаціцца аб добрым санітарна-тэхнічным стане гэтага «дома», з другога – старацца, каб яго жыхарам жылося ўтульна і камфортна, фармаваць здаровы мікраклімат сярод людзей, арганізоўваць народ на добрыя справы.

І сапраўды, пагутарыўшы з мясцовым актывам, упэўніваешся, што жыхары Вязыншчыны рэальна глядзяць на сённяшнія праблемы. Кожны разумее, можна патрабаваць ад мясцовай улады вырашэння пытанняў, але і многае можна вырашыць самім – сабраўшыся на суботнікі, зладзіўшы вясковую талаку – і вынік бачны адразу, і да таго, што зрабілі сумесна, інакшае стаўленне. Ігар Міхайлавіч Судніковіч, характарызуючы працу прысутнага актыву сельсавета, несупынна адзначаў, што сельскі дэпутат і стараста – гэта надзейны памочнік старшыні сельсавета. Як правіла, кожны з іх удзельнічае ва ўсіх грамадскіх мерапрыемствах, праяўляе асаблівую ўвагу да такіх катэгорый насельніцтва, як ветэраны, інваліды, грамадзян, якія пражываюць адзінока. Яны падаюць прыклад у стане і добраўпарадкаванні ўласнага падворку, а аўтарытэт гэтых людзей заснаваны на працавітасці, адданасці бацькаўшчыне і выключным веданні сваіх землякоў, іх традыцый, звычаяў. І гэта не высокія словы.

Адным з яскравых прыкладаў эфектыўнай сумеснай працы, у прыватнасці, па навядзенні парадку на зямлі і дыялогу з аднавяскоўцамі, з’яўляецца праца дэпутата Рэдзькавіцкай акругі, чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – Куляша Рыгора Рыгоравіча. Ён сам працуе трактарыстам ў Вязынскім лясгасе, але праблемы і патрэбы сваіх аднавяскоўцаў ведае не па чутках, а асабіста, бо жыве ў Рэдзькавічах, а са старастамі вёсак сваёй акругі кантактуе пастаянна.

– Рыгор Рыгоравіч вырашае не толькі пытанні сваёй акругі, а дапамагае ва ўсім і мясцовай уладзе, і мясцовым жыхарам, – гаворыць Ігар Судніковіч. – Ён можа зарганізаваць насельніцтва, ведае ўсе пытанні мясцовых, а самае галоўнае – дапаможа кожнаму, хто звернецца. Так, сумеснымі намаганнямі за апошнія гады мы добраўпарадкавалі і вясковыя могілкі, і вырашаем праблемы вёсак, і гэта ўсё датычыцца кожнага з актыва сельсавета. Рыгор Рыгоравіч з’яўляецца яшчэ і старастам Рэдзькавіч, Матчыц, Азярца, Бярэзава, Располля. Напрыклад, на могілках у Кобузях, па ініцыятыве яго як дэпутата і старасты гэтай вёскі Фёдара Якаўлевіча Крывашэя,людзі сабраліся, высеклі галлё, навялі парадак, а потым, з дапамогай Рыгора Рыгоравіча усё вывезлі. І так ва ўсім. А самае галоўнае, яму давяраюць мясцовыя, ён аўтарытэт.

– Самае галоўнае – з людзьмі трэба гаварыць, – адзначае Рыгор Рыгоравіч. – Большасць жыхароў вёсак – гэта сталыя людзі, а з імі, што самае галоўнае – трэба пагутарыць і палумачыць пра ўсё падрабязна, і яны зробяць што трэба. Галоўнае ўвага. Вось зараз плануем зрабіць у Рэдзькавічах спартыўную пляцоўку, каб моладзь магла пагуляць у футбол, баскетбол. Але ёсць і тое, што турбуе аднавяскоўцаў, напрыклад, адсутнасць “спячых паліцэйскіх” па вёсках, бо ў нас, асабліва на выхадныя, ідзе вялікі паток аўтамашын, што едуць адпачываць на кемпінгі (побач «Варадэа», «Рыбчына»), за час можа праехаць каля васьмідзесяці машын. Асабліва клапоцімся пра дзяцей, хоць у нас часта дзяжураць і экіпажы дзяржінспекцыі.

– Наказы выбаршчыкаў і аднавяскоўцаў заўжды знаходзяцца ў прыярытэце ў дэпутатаў і стараст вёсак, – прадаўжае Ігар Судніковіч. – А як жа інакш? Вось і стараста вёскі Кобузі, Фёдар Якаўлевіч Крывашэя, надзейны памочнік і дэпутату, і сельсавету. Як і Стасілевіч Іван Іванавіч, стараста вёсак Сядзіца, Заазер’я і Петрашова, які шмат зрабіў для правядзення адраснай гаспадаркі вёсак. Яму таксама давяраюць людзі, працуючы разам з якімі ён шмат робіць сумесна. Нядаўна зрабілі добрую копанку супрацьпажарны вадаём.

– Пытанні ёсць заўжды – але мы іх стараемся вырашаць, – распавядае Іван Іванавіч. – Жыхарам вёсак хочацца і асфальт, хоць яны разумеюць, што вёскі неперспектыўныя. Там, дзе жвіравыя дарогі, таксама працуем з дарожнымі службамі па іх грейдзіраванню.

Вось і Алена Уладзіміраўна Сухая, стараста вёскі Ярмолічы, распавядае, што заўжды імкнецца, каб вёска выглядала найлепшым чынам. Ёсць тут і моладзь, таму таксама мяркуюць зрабіць дзіцячую пляцоўку, і зноў жа, агульнымі намаганнямі. Таіса Васільеўна Нарэйка, дэпутат па Паняціцкай акрузе, па сваёй асноўнай рабоце, як фельдшар Вязынскай амбулаторыі, часта бывае ў розных вёсках, кантактуе з мясцовымі жыхарамі і, канешне, калі ў каго з’яўляюцца пытанні, падказвае сельсавету, некаторыя вырашае сумесна з людзьмі.

А вось Суднік Вольгу Мікалаеўну, дэпутата па Вязынскай акрузе № 2, хвалюе тое, як былы панскі парк можна добраўпарадкаваць і зрабіць разынкай мясцовасці.

– Гэта ўнікальная спадчына шляхецкага роду Гяцэвічаў, якую трэба выкарыстоўваць, – дзеліцца сваімі планамі Вольга Мікалаеўна. – Ды і самім будзе больш утульна, калі яго добраўпарадкаваць. Хачацца мне стварыць у Вязыні і сямейны клуб, які б мог паказаць і навучыць моладзь больш адказна ставіцца да культу сям’і. Пустуе ў нас школьны інтэрнат, яго можна было б прыстасаваць пад гэту справу. Знайшліся б і тыя, хто дапамагаў моладзі ў навучанні пэўным сямейным каштоўнасцям, адраджэнню сямейных сумесных святаў, магчыма,навучанню швейнай справе, гатаванню розных страў. У той жа час, не хапае ў Вязыні і месца для рытуальных паслуг, каб наладзіць жалобны стол і іншае, бо ў хатах не кожны гэта можа і арганізаваць. Пытанні ёсць, і стараемся вырашаць іх, прапаноўваем нешта мясцовым, раімся і прыкладаем намаганні для вырашэння з мясцовым кіраўніцтвам. Усё можна вырашыць, толькі захацець.

І такіх прыкладаў адданых людзей на Вязыншчыне вельмі шмат, толькі фармат артыкула не дазваляе распавесці пра ўсіх. Але кожны з іх стараецца на месцы, робіць агульную справу, радзее за сваю малую радзіму. Час паказвае: там,дзе мясцовы дэпутат ці стараста даследуе і своечасова паведамляе пра праблемы вяскоўцаў, усе яны больш аператыўна вырашаюцца, не бывае канфліктаў. Кожны з актыву сельсавета стараецца дапамагчы людзям – гэта ж заўжды карысць. І ўсё таму, што кожны з іх мясцовы, а значыць – дбае пра сваё.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 40 queries