Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мой дзед быў латышскім інжынерам і будаваў млыны на Вілейшчыне

Гісторыю сваёй сям’і вядомая ў раёне настаўніца Лідзія Іосіфаўна Станкевіч ведае да дробязяў. А гісторыя яе роду насычаная і багатая на цікавыя факты. Вядома, што яе дзед Пётр Ольтэ будаваў у вілейскіх памешчыкаў млыны і вінакурні.

Лідзія Станкевіч шкадуе толькі аб адным – што не змагла забраць
усе старыя дакументы з дзядулевай камоды, якая стаяла ў старой хаце

Часам мы ўспрымаем сябе і сваю сям’ю як нейкую адасобленую частку грамадства. Але ў кожнага з нас велізарная сямейная гісторыя. Задумайцеся: колькі родзічаў і пакаленняў продкаў стаіць за намі? Толькі ўявіце, што за вашай спіной знаходзяцца вашы дзяды, за імі – іх бацькі, і так да бясконцасці. Мы ў гэтым свеце не адны. Веды пра наша генеалагічнае дрэва даюць нам сілы жыць сёння, бо гэта самавызначэнне і самапазнанне, разуменне свайго судакранання да нечага большага, чым проста «ты». І гэта дадатковая адказнасць за тое, што застанецца пасля нас.

– Мы ўсе – нашчадкі сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў. Іх жыццёвы вопыт і мудрасць для нас, можа быць, у чымсьці нават важней, чым вопыт, які можна запазычыць ва ўсёй сусветнай літаратуры, – разважае Лідзія Станкевіч з Забалацця. – Мой дзядуля Пётр Іванавіч Ольтэ нарадзіўся ў 1887 годзе ў Латвіі на хутарах у вялікай сям’і. Акрамя яго ў сям’і былі яшчэ дзве сястры і два браты. Бабуля таксама нарадзілася ў Латвіі, звалі яе Мілда. Яе бацькі жылі на суседнім хутары, таму яны былі знаёмыя яшчэ з дзяцінства. Бацька бабулі меў невялікі надзел, таму летам сыходзіў у бурлакі, цягаў баржы на Даўгаве. Вяртаўся дадому толькі восенню.

Дзядуля Лідзіі Іосіфаўны Пётр Ольтэ меў спецыяльнасць інжынера па млынах і праз знаёмага пана Антонія Бароўскага з Юнцавіч быў выкліканы сюды, у Беларусь, да нас, на Вілейшчыну. Ён падпісаў дамову з панам Бароўскім на арэнду зямлі ў вёсцы Кабылянка з красавіка 1924 па красавіка 1936 года. Згодна з гэтай дамовай Пётр Ольтэ павінен быў пабудаваць драўляны млын на двух водных турбінах на рацэ Кабылянка для памолу зерня на муку і крупы. Неўзабаве Ольтэ перавёз сюды і сваю сям’ю. Пан Бароўскі даў латышскаму інжынеру дрэва на будаўніцтва млына і маста-плаціны. Таксама пан выдзеліў дрэва на будаўніцтва хаты для Пятра Ольтэ памерам 16 на 9 і на 4 з гаспадарчымі пабудовамі пад адной страхой. Так у хуткім часе і адбылося.

Млын у маёнтку Юнцавічы на рацэ Кабылянцы. Фота 1920-х гг. з архіва Анжыя Бахдановіча

Пасля пабудовы млына сюды звозілі малоць зерне на муку з усіх навакольных вёсак: Забалацця, Сцешыц, Сачывак, Харкаў, Сморкава, Ракшыц, Скарады, Бакунек і іншых. Як узгадвае Лідзія Іосіфаўна, звычайна жыта і пшаніцу малолі на муку, а з ячменю рабілі крупы.
– У 1939 годзе бабуля Мілда захварэла і паехала ў Рыгу да лекараў. Да гэтага часу адна з яе дачок Марта Бунне была замужам і з сям’ёй жыла ў Рызе. Там бабулі была зроблена аперацыя, але неўзабаве яна памерла, – распавядае Лідзія Станкевіч. – Дзядулі не стала ў 1941 годзе, ён пахаваны на могілках у Альковічах. Пётр Ольтэ быў выдатным майстрам, вядома, што ён дапамагаў будаваць нават і вінакурню ў Ільі.

Пётр Ольтэ. Фота з архіва Л. Станкевіч

Лідзія Іосіфаўна гартае альбом са старымі фотаздымкамі і дакументамі. Тут у яе сабрана ўсё, што датычыцца яе радавода. Кажа, што збіраецца сесці і падрабязна ўсё распісаць, каб засталася памяць. Але пакуль бракуе часу – то клопаты па гаспадарцы, то іншае.

– У сям’і Пятра і Мілды Ольтэ было 9 дзяцей. Сын Пётр жыў у Даўгінаве, быў выдатным столярам. Да нашага часу захавалася мэбля, зробленая яго рукамі: шафа, ложак, шкапчык, шкатулка. Пётр быў забіты немцамі ў пачатку вайны. Сын Арнольд у 20гадовым узросце загінуў у Ялце. Два сыны Ян і Караль жылі ў Кабылянцы. Дачка Сільма выйшла замуж і жыла ў Ільі. Другая дачка Ірэна выйшла замуж за Іосіфа Казлоўскага, што з хутара Казлоўшчына, які месціўся каля Аўсянікаў. Іосіф пайшоў на вайну, трапіў у палон, а пры спробе збегчы быў застрэлены. Мая матуля Аляксандра выйшла замуж у вёску Сачыўкі. Самая старэйшая сятра Марта была замужам у Рызе, а Лідзія – у Польшчы. Дзядулеў дом, праўда, ужо толькі яго частка, стаіць і цяпер у былой Кабылянцы, па левым баку, калі ехаць з Забалацця на Сцешыцы, – з настальгіяй узгадвае Лідзія Іосіфаўна.

Сям’я Ольтэ каля пабудаванай хаты ў Кабылянцы. Фота з архіва Л. Станкевіч

Зараз Лідзія Станкевіч шкадуе толькі аб адным – што не змагла забраць усе старыя дакументы з дзядулевай камоды, які стаяў у старой хаце. Частку з іх спалілі, частку выкінулі, але пэўныя дакументы ўсё ж удалося забраць і захаваць. Сярод іх і тая самая дамова паміж Пятром Ольтэ і панам Антоніям Бароўскім.

Распавяла нам Лідзія Іосіфаўна і пра родных па бацькоўскай лініі.

– Бацька мой родам з вёскі Сачыўкі. Бабуля па гэтай лініі была літоўкай – яе звалі Урсула. Дзед Франц быў беларусам. У іх сям’і было 8 дзяцей: 5 сыноў і 3 дачкі. Самы малодшы Караль вучыўся перад вайной у Вілейцы. Потым пайшоў на фронт і загінуў ва Усходняй Прусіі. Яго імя занесена ў кнігу «Памяць. Вілейскі раён».

Памятае расповед Лідзія Іосіфаўна сваёй бабулі пра млын у Асцюковічах, які пасля пабудовы прастаяў усяго толькі тры дні. Ён згарэў 4 жніўня 1918 года. Бабуля ў той час паехала ў Ілью на фэст, які праходзіў 2 жніўня. Тады і бачыла, як згарэў млын пана Тукайлы.
Вельмі шмат можа узгадаць і расказаць Лідзія Станкевіч пра гісторыю свайго роду. І гэта варта павагі. Як кажуць, хто не ведае і не паважае свайго мінулага, той не мае будучыні.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 150 queries