Складаемыя шчасця ў людзей розныя. Агульнае, напэўна, у нас пажаданне добрага здароўя блізкім і сабе. А далей – у кожнага свае прыярытэты. Удалая кар’ера, любімая работа, дабрабыт, добрыя заробкі. Гэтыя і іншыя пажаданні ў рознай паслядоўнасці звычайна называюць людзі, адказваючы на пытанне аб шчасці.
Нярэдка даводзілася сустракацца і гутарыць з жанчынамі-маці. Адзначыла такую агульную для ўсіх іх асаблівасць: дзелячыся планамі на будучае, яны ў першую чаргу гавораць пра тых, дзеля каго жывуць, – пра сваіх дзяцей. Каб яны былі здаровымі, паспяховымі і шчаслівымі – гэта галоўнае пажаданне матуль.
Мнагадзетная мама з Куранца Алена Аўсянік – адна з такіх. Да сваіх без малога сарака гадоў Алена Вячаславаўна дабілася вельмі важнага ў жыцці – нарадзіла і гадуе пяцёра дзетак, якім яны з мужам Віктарам Канстанцінавічам аддаюць ласку і цеплыню, прывіваюць лепшыя якасці, якімі павінен валодаць кожны чалавек. І дзеці, трэба адзначыць, растуць дастойнымі. Старэйшы сын Андрэй служыць у арміі, з’яўляецца камандзірам аддзялення ў рамонтнай роце аўтамабільнага батальёна. Дысцыплінаваным, працалюбівым, ветлівым, тактоўным зарэкамендаваў сябе хлопец на службе, за што яго цэняць і паважаюць.
У Куранецкай сярэдняй школе вучацца двое дзяцей з сям’і Аўсянікаў – сямікласніца Крысціна і трэцякласнік Максім. Яны старанна вучацца, з задавальненнем прымаюць удзел у разнастайных школьных мерапрыемствах. Дачка добра малюе, піша вершы, а сын захапляецца спортам. Старэйшыя дзеці дапамагаюць маме па гаспадарцы, клапоцяцца пра малодшых Кацярынку (летам ёй споўніцца чатыры гады) і маленькага Цімку, якому год і чатыры месяцы.
– Калі шчыра, то не думала, што стану мнагадзетнай мамай, – дзеліцца Алена Вячаславаўна. – Але так склалася ў жыцці, і я рада. Мы любім сваіх дзетак, яны – наша радасць і надзея.
Мнагадзетная мама не наракае на складанасці, якія, канешне ж, бываюць. Пакуль што сям’я Аўсянік жыве ў мамы Алены, якая ўжо на пенсіі і дапамагае даглядаць унукаў. У бліжэйшым будучым, падзялілася мая суразмоўца, яны плануюць будаваць сваё жыллё. А як жа інакш? Дзеці растуць, старэйшы вунь ужо дарослы, неўзабаве і сам задумаецца пра сваю сям’ю.
Як і штогод, сёлета дзеці павіншуюць матулю з 8 сакавіка. Іх работы – разнастайныя аплікацыі, малюнкі, паштоўкі з найлепшымі пажаданнямі, старанна выведзенымі дзіцячымі ручкамі, Алена Вячаславаўна беражліва захоўвае. Як захоўвае ў памяці ўсё самае-самае светлае, звязанае з іх дзеткамі. Сёлета да жаночага дня Алена Вячаславаўна атрымае самы дарагі і ганаровы падарунак – ордэн Маці, які ёй уручаць ва ўрачыстай абстаноўцы. Прыемна, радасна, хвалююча і, канешне ж, адказна, і гэта Алена Вячаславаўна і Віктар Канстанцінавіч усведамляюць. У іх дружнай сям’і – пяцёра дзетак, і галоўны бацькоўскі абавязак – выгадаваць іх сапраўднымі людзьмі.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сацыяльнай старонкі Алены Аўсянік