Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Млын у Лыцавічах: што з ім сталася?

Гэта нататка аб тым, як часам мы не шануем тыя каштоўнасці, якія маем. На Вілейшчыне шмат адметнасцей гісторыі, культуры і прыроды.
Сярод іх быў млын у вёсцы Лыцавічы, што з’яўляўся адзіным унікальным помнікам у раёне, дзе поўнасцю захаваліся ўсе млынарскія механізмы. Што з ім зараз?

Такім быў механізм млына,

а такім стаў

Наша Вілейшчына багаты на гісторыю і памятныя мясціны край. Тут захаваліся помнікі часоў пасялення першага чалавека, перыяду язычніцтва, унікальныя помнікі архітэктуры, пачынаючы ад сярэднявечча да пачатку ХХ стагоддзя. Многае мы страцілі ў гады войнаў і ваяўнічага атэізму. Але тое, што захавалася – сапраўдныя каштоўнасці часу і майстэрства нашых продкаў. Мы шмат пісалі пра былыя панскія маёнткі на Вілейшчыне і тыя архітэктурныя помнікі, што захаваліся на іх тэрыторыях. Адным з самых унікальных па сёння з’яўляўся былы паравы млын маёнтка Чурлёны. Да нашага часу тут стаіць велічны парк пейзажнага тыпу, частка рэшткаў былых пабудоў маёнтка. Але галоўнай перлінай быў працуючы млын. Яшчэ зусім нядаўна ў ім малолі зерне на патрэбы ўласнай гаспадаркі жыхары навакольных вёсак. За ім быў замацаваны мясцовы старажыл, што выконваў ролю млынара. Калі людзям было патрэбна, яны стэлефаноўваліся і пры­язджалі. Кожная дэталь млына была аўтэнтычнай – не навадзел. Гэты млын унесены ва ўсе беларускія даведнікі, і яго фотаздымкі актыўна размяшчаліся на сайтах у інтэрнэце.
На гэтым тыдні ў рэдакцыю зайшла мясцовая жыхарка, якая расказала пра свой боль па тым старым млыне, які кожны старажыл і жыхар Лыцавіч і навакольных вёсак памятае з дзяцінства.
– За апошні час яго проста поўнасцю знішчылі. Мы, мясцовыя жыхары, проста ў роспачы. Гэта такі быў млын! Пра яго пісала і ваша газета як пра адметную славутасць. А зараз там усё разламана, выцягнуты камяні жорнаў на вуліцу, няма дзвярэй, – амаль са слязьмі на вачах распавяла жанчына.

Вось такім стала ўнутраннае начынне млына.

Гэты помнік нашай гісторыка-культурнай спадчыны, асабіста для мяне, хто вельмі цікавіцца мінулым Вілейшчыны,– быў сімвалам нашага беражлівага стаўлення да гісторыі малой радзімы. Не адзін раён не мог пахваліцца такім станам дзеючага млына. Так, ёсць адноўленыя, пераробленыя і крыху мадэрнізаваныя млыны на Беларусі, што зараз сталі месцамі паломніцтва для турыстаў. Але наш, чурленскі, быў сапраўднай каштоўнасцю.
Млын знаходзіцца ў спісе помнікаў гісторыі і культуры Вілейскага раёна – помнікаў мясцовага значэння. А гэта значыць, што менавіта мы, мясцовыя людзі, павінны яго зберагаць і ахоўваць. Зараз можна казаць пра моладзь, якая там начамі “тусуецца” і ад няма чаго рабіць усё разваявала і зламала. Некалі адтуль скралі рухавік, што прыводзіў у рух жорны. Тады мы з краязнаўцамі разважалі – гэта ахвотнікі на каляровыя металы скралі, але драўляныя дэталі ім не цікавыя і наш млын з векавым механізмам захаваецца яшчэ на доўгія часы. Але, як аказалася, старажылы, што карысталіся ім і даглядалі – ужо сышлі. А мы, сучаснае пакаленне, дапусцілі, што там выламалі дзверы і на працягу часу проста знішчалі яго па частках.
Вось фота механізма млына, які быў пару гадоў таму, і цяперашняе пустое памяшканне, дзе не захавалася анічога. І ў гэтым віна ўсіх нас. Хтосьці недзе прамаўчаў, хтосьці прайшоў воддаль ці пагаварыў з суседзямі і абурыўся… Але гэта дапусцілі мы – мясцовыя, што павінны былі зберагчы нашу спадчыну.
Шкада помніка архітэктуры, помніка народнага майстэрства, мясцовай славутасці і добрага млынка. У гэтым годзе Лыцавічы прымаюць раённыя дажынкі, канешне, у бок былога панскага маёнтка зварочваць госці не будуць. Але мы, мясцовыя, гэта будзем бачыць. І ўнікальны млын мы ўжо страцілі і наўрад ці зможам яго аднавіць…

Сяргей ГАНЧАР. Фото автора

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 149 queries