Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мікола КУТАС: «Хачу на ўзлёце дня быць побач з ветрам»

У Міколы Кутаса – лёгкі радок. Ён нечым нагадвае подых летняга ветру, што ненавязліва торгае вершаліны дрэў, наталяючы ваколіцы водарам лугавых красак. Водарам роднай мовы, закладзенага яму ў свядомасць матчынага слова напоўнены і вершы паэта. «Захмялею ад лясной раскошы, перазвонаў соснаў і ялін…» – хто з нас не жыў гэтым адчуваннем закалыхваючага забыцця пад распрасцёртым покрывам лясных шатаў, хто не раствараўся ў зялёным шуме, становячыся адным з гукаў дзіўнай мелодыі лесу?..

Роднае слова гушкалі ў душы паэта брукаваныя вулкі Нясвіжа, па якіх імчалася ў неўтаймаванай празе пазнання яго схільнае да акаляючай гармоніі юнацтва.
«Парк у Нясвіжы прывабны красою, Статны ён рыцар, не лічыць гадоў».
Слуцкая брама сталіцы Радзівілаў, вобраз неўтаймаванай пані, які прывідам блукае ў старым парку – гэта духоўны матэрыял, што наталяе голад паэтычнай душы. Як задумны лес, надзелены аўтарам зусім нечаканым параўнаннем: уздыхае лес нібы гармонік… Хто браў у рукі гэты досыць распаўсюджаны некалі сярод вяскоўцаў музычны інструмент,памятае: адпусціўшы клавішы, можна было пачуць менавіта нейкі глухі, пазбаўлены мелодыі гук. Перанесці гэта адчуванне на аб’ект зусім іншага фізічнага стану, стварыўшы пры гэтым пераканаўчы паэтычны вобраз, мог толькі сапраўдны паэт. Той, хто здольны ўбачыць ранішні дотык промня да зялёнага лістка, хто гатовы працягнуць далоні да жоўтай поўні і верыць, што хутка ў іх закалышацца жоўтае святло месяца…
«Ліхтары на каштанах – глядзі: зноўку буйна ўспеніла квецень… Валасы твае кратае вецер. Мая права ён гэта адзін…» Калі пад маім акном выгінаюцца абцяжараныя пялёсткамі квітнеючыя гронкі каштана,на памяць заўсёды прыходзяць гэтыя паэтычныя радкі. Мікола Кутас можа быць пяшчотна цнатлівым у выражэнні інтымных пачуццяў і зрухаў чалавечай душы. А можа – і зусім наадварот: адкрытым да духоўнай аголенасці. Паэт сваёй творчасцю выражае не толькі сябе, яго душа – адбітак духоўных і матэрыяльных існасцей акаляючага свету. Гэта адлюстраванне, пераламляючыся цераз асабістае ўспрыняцце аўтара, і выліваецца ў паэтычны вобраз. І ўсё ж судакранання з тым самым лязом нажа, аб якім некалі так усхвалявана пісаў з усёй страсцю, на якую толькі быў здольны яго паэтычны радок, Уладзімір Высоцкі, не абмінуў і наш герой. Памятаеце? «Поэты ходят пятками по лезвию ножа и режут в кровь свои босые души». Гэта судакрананне ў так і не пачатай споведзі пра бабулю («Усё для іх, усё для дзетак. І шчыравала, як магла. Яна, не знаючы пра гэта, у промнях вечнасці жыла»). Глыбокая рана душы – пасвячэнне памяці Анатолія Рогача («Не сціхла каб стагоддзяў гамана, ён нашай праўды адшукаў нямала»). Рэквіемам апошняй карміліцы вясковай сялібы, агораным невыказным болем, гучыць верш «Карова» («Рэхам над хатамі нёсся душаў сялянскіх крык…»)
Вынікі творчай працы Міколы Кутаса – зборнікі паэзіі «Перазвоны», «Гадзіннік на ратушы», «Размову з вераснем вяду». Сёлета паэту спаўняецца семдзясят год. Мы прапануем чытачам раёнкі нізку яго вершаў і спадзяемся, што яшчэ не аднойчы Мікалай Сямёнавіч уразіць нас сілай свайго паэтычнага таленту, мудрасцю чалавека, які ведае і любіць жыццё.
Марыя КУЗАЎКІНА

Уздыхае лес, нібы гармонік,
Буду слухаць – сцежка  прывяла.
І такі я ўзрушаны сягоння
Ад мелодый гукаў і святла.
Падміргнула весела бяроза,
Рукі цягне прывітацца клён.
Як тут быць самотным і цвярозым –
Захмялею, быццам маладзён.
Захмялею ад лясной раскошы,
Перазвонаў соснаў і ялін.
І забуду на паляне кошык –
Я такі, напэўна, не адзін.
Захмялею ад зямной пяшчоты,
У зялёных шатах памаўчу,
І пакіну клопаты на потым –
Стану вольным, вольным быць хачу,
Каб брысці праз зараснік шыпшыны,
Каб на дрэва ўзлезці захацець, –
У абдымках неба і Айчыны
Думкам – мроіць, сэрцу – маладзець.
***
Зусім не па-людску зімуем,
Якая пара – не ўгадаць.
Па снезе, па снезе сумую,
Ды штосьці яго не відаць.
І страшаць усіх пацяпленнем,
Глабальнае, кажуць, яно.
Ужо і кажух – не адзенне,
Даўно мяне цешыў, даўно.
Унук мой самоціцца: «Мабыць,
Не вылепім снежную бабу,
Сустрэлі даўно Новы год,
А я не вадзіў карагод».
***
Я – дома. Хлапчанё я тут.
Мне зноў паверыцца сягоння,
Што поўні жоўты парашут
Вось-вось апусціцца ў далоні.
Што вечар цемру разалье,
Нібыта чорную гарбату.
І стане раптам страшна мне,
Бы я ў нечым вінаваты.
А мама возьме за руку:
– Не бойся, скажа, анічога…
З гадамі вызнаў: ласка Бога
Мець гэты запаветны кут.
Трывожыць сэрца успамін,
Ідзе-брыдзе за мной па следу.
У зацень мілых мне хвілін
З любой я далечы прыеду.
***
Спаткаю новы дзень –
І чым адзначу?
Крануў лісток прамень,
Мо, знак на ўдачу?
Іду за промнем я
І так мне светла! –
Хачу на ўзлёце дня
Быць побач з ветрам.
Істотаю адчуць
Яго дыханне,
Мне б памацнець хоць чуць
У парываннях.
Умець каб гэты свет
Любіць шалёна…
Хай кажуць мне ўслед,
Што я зялёны.
***
Я шукаў цябе ў сініх лугах,
Дзе з-за кветак не бачна сцяжыны.
Я гукаў цябе, зваў у барах,
Расхінаючы вецце ажыны.
І, здавалася, мроя мая
Ажывае у рыфмах старанных.
Прызнаюся – радкоў вершаваных
Не запасіў, цытую штодня.
Раяць мне: падключы інтэрнэт
І паставіцца ў пошуках кропка.
Сэрца, сэрца – ці прымеш ты свет,
Дзе ўсё вырашаецца кнопкай?

Карова
Апошнюю збылі карову.
У вёсцы маёй кароў няма.
Жывы хто – збірае грошы на дровы,
А мёртвых ужо не настрашыць зіма.
На бойню здалі рагулю,
Грузілі усім сялом
Насельнікі – тры бабулі,
І дзед, жартаўнік, з кійком.
Як на хаўтурах маўчалі,
Якія там словы і спрыт –
Быццам сябе выганялі
З родных мясцін у нябыт.
У ранішнім шматгалоссі
Чуўся жывёлы рык.
Рэхам над хатамі нёсся
Душаў сялянскіх крык.
Вёска мая губляе
Дух спаконвечны свой.
Вёска мая не знае,
Як бараніцца ёй.

Першы снег
Каб завіхацца – ёсць прычына:
На сцежцы прыбіраю снег,
Як быццам вату аблачыны
Пакую ў дзюравы мех.
А вераб’ям дык не да суму –
Карціць ім лётаць і скакаць.
Імпэту столькі – мушу думаць,
Што не баяцца зімаваць.
Я птушкам дзякую за танец,
Якому пазайдросціць змог.
Фарбуе шчокі мне румянец –
Адзнака сённяшніх трывог.
***
У Слуцкай брамы востры зрок –
Не памыляліся панове,
Каго пускаць у гарадок,
Каму шляхетна так адмовіць.
Пазнаў я замка сілуэт
На фоне зорнага шматкроп’я.
А месяц набрыняў як след
І ён ахоўнік нетаропкі.
Ён раіць з вышыні прэстыжнай –
І варты час не для забаў –
Каб запаветнае ў Нясвіжы
Я гэтай ноччу не праспаў.

Паэт
Лістападная ціхая замець,
Час малення, задум ці забаў?
Столькі золата меў пад нагамі –
Не спыняўся. Я долю гукаў.
А яна мне на твары маршчынкай.
Распісалася колісь крадком.
Мая доля – шукаць залацінкі,
Залацінкі, каб сталі радком.

Бабуля
…І ў дзевяноста падпраўляла
У градах штосьці дзень за днём.
Душа сялянская спявала
Над кожнай кветкай і радком.
Любілі праўнукі, унукі
Тут лета звонкае гукаць.
Гасцінцы ім траплялі ў рукі,
Што за ласункі? – не ўгадаць.
Усё для іх, усё для дзетак.
І шчыравала, як магла.
Яна, не знаючы пра гэта,
У промнях вечнасці жыла.
Памерла. Вольная нарэшце.
І, вольнай, лёгка спачываць.
А я маўчу – сівы і грэшны, –
З чаго мне споведзь пачынаць?
***
Маладосць мая адгаманіла,
Гукаў тых у песню не злучыць.
І ўжо ні пругкасці, ні сілы,
Каб трымаць ў абдымках далячынь.
Зойдзе друг і разняволімслоўца,
Закіпае чайнік на пліце.
Зноў паклічам учарашні дзень –
Будзе нашым трэцім суразмоўцам.
А гарбата вусны апячэ
Пацалункам з колішніх начэй.

* * *
Па сталіцы Радзівілаў пехатою
Я па Нясвіжскіх вуліцах блукаю
Сярод старых і новых камяніц.
Наіўны, мабыць, калі ўсё шукаю
Іскрынкі-залацінкі таямніц.
Наіўнасць гэта што ні дзень трывожыць,
Я тут сталеў у школьнай грамадзе,
Хоць блытаў словы «памнажаць» і «множыць» –
Затое верыў – камунізм ідзе.
Ды прывід знік. Папера пачарнела,
І, быццам, польку скончыўгарманіст.
Цяпер люблю рукою агрубелай
Ката прылашчыць і апалы ліст.
Звычайныя люблю зямныя рэчы,
Каб без падману, выдумак, ілжы.
І мне сябе шкада па-чалавечы:
Прыгожа марыў – ды не так я жыў.
У гарадку дзяцінства я блукаю
Сярод старых і новых камяніц.
Усё яшчэ наіўны, бо шукаю
Іскрынкі-залацінкі таямніц.
* * *
Вуліца. Дом нумар восем.
У пацямнелых мурах
Парта, прысеў каб запросіць –
Тут залатая пара.
Тут мае школьныя леты
І зімы. Лётаў, бы стрыж.
Месца святое – Нясвіж,
Даўняя згадка паэтаў.
Чуюцца Буднага крокі,
Думак яго неспакой.
Першыя нашы ўрокі
Велічы, горад, тваёй.
Роднае мовы царэвіч,
Горды выказнік пакут.
Будучы Колас – Міцкевіч
Дзесьці под вокнамі тут.
Ты зачакалася, парта,
Помню цябе праз гады.
Быў бы я лёсу не варты,
Каб не вяртаўся сюды.
Эй, не спяшай, мая восень,
Бачыў я многа ўсяго,
З лічбай шчасліваю – восем –
Адрас дзяцінства майго.
* * *
Паэт і ружы
…Некалькі дзясяткаў гатункаў руж «прыпісаліся» ў Паўлюка Пранузы дома.
(з інфармацыі экскурсавода)
Спытаў я ў ружаў –
Паненак Нясвіжа –
Ці помняць Пранузу,
Заўзятара кніжак?
Схіліўся да кветак,
Мне чуюцца гукі:
«Любіў нас, як дзетак,
Паэт беларускі.
Нас песціў старанна,
Душою лагодзіў,
Каб кожная паннай
Была ў карагодзе.
Пялёсткамі Музу
Яго акрылялі.
І светла Пранузу
Было на скрыжалях.
Мы тут маладзеем
З вясною нанова
І ззяем-квітнеем
Пэтавым словам.

Быць побач з ветрам.br /br /

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 172 queries