Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Міхаіл Казінец: «На вілейскай зямлі я сфарміраваўся як асоба…»

18 мая народнаму артысту Беларусі, мастацкаму кіраўніку і галоўнаму дырыжору Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», ганароваму грамадзяніну Мінскай вобласці і Вілейскага раёна, прафесару Міхаілу Казінцу спаўняецца 80 гадоў. Свой чарговы юбілей Міхаіл Антонавіч па традыцыі сустрэне за дырыжорскім пультам на сцэне Вілейскага Палаца культуры.

Михаил Козинец

Просты хлопчык з Цінцевіч (а менавіта так гавораць у роднай вёсцы Міхаіла Казінца) прысвяціў сваё жыццё музыцы і «выбіўся ў людзі»… І сапраўды, звычайны вясковы хлопец, які добра граў на вяселлях і вясковых танцах, змог вывучыцца і прысвяціць сябе Яе Вялікасці музыцы і аркестру, у які ў далёкім 1972 годзе яго асабіста запрасіў сам Іосіф Жыновіч – выдатны беларускі дырыжор, кампазітар, цымбаліст, педагог, народны артыст СССР. І вось ужо больш за 45 гадоў доўжыцца творчая любоў маэстра і Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра. З ім Міхаіл Казінец ужо аб’ездзіў па меншай меры паўсвету, але свой чарговы юбілей адсвяткуе на сцэне менавіта роднага горада. Напярэдадні юбілейнага канцэрта, у нядаўні прыезд Міхаіла Антонавіча на Вілейшчыну, нам удалося пагутарыць з ім пра родную вёску, сям’ю і вілейскія юнацкія гады.

– Я нарадзіўся 18 мая 1938 года ў вёсцы Цынцавічы. Там скончыў сямігадовую школу, – прыгадвае сваё дзяцінства Міхаіл Антонавіч. – Мае бацькі – Антон Іванавіч і Людміла Антонаўна – былі сялянамі, працавалі на зямлі. З самага дзяцінства я жыў у народным музычным асяроддзі. Мой дзядуля Іван Антонавіч добра граў на скрыпцы, а матуля выдатна спявала народныя песні. Тут з водарам зямлі я сфарміраваўся як асоба. У нас была вялікая гаспадарка – з раніцы да начы вечная работа. Я, напрыклад, не памятаю, калі ўставала маці, калі яна клалася спаць… Памятаю толькі, як уся сям’я сядзела за вялікім сталом, на які ставілі адну вялікую міску і ў кожнага была свая лыжка. Зараз у Цынцавічах у мяне нікога не засталося з родных, толькі некалькі гадоў таму, калі пабываў у вёсцы, сустрэўся са сваімі «сяброўкамі» (усміхаецца), з аднагодкамі, з якімі рос з дзяцінства. У 1954 годзе мае бацькі пабудавалі дом у Вілейцы па вуліцы Пушкіна, 41. Тут у 1952 годзе я паступіў у восьмы клас беларускай сярэдняй школы і першы клас музычнай школы. Праўда, да пабудовы дома, два гады, хадзіў пешшу ў Вілейку на заняткі з вёскі ці ездзіў: летам на веласіпедзе, зімой – на лыжах.

Міхаіл Казінец выбітны дырыжор і педагог, які зрабіў вялікі ўклад у развіццё айчыннай і сусветнай культуры, папулярызацыю музычнай нацыянальнай спадчыны, ён валодае педагагічным дарам і душэўнай шчодрасцю, што і спрыяла выхаванню цэлай плеяды маладых таленавітых музыкантаў, а самае галоўнае – памнажэнню слаўных культурных традыцыі беларускай музычнай школы.

– З васьмі гадоў я пачаў граць на гармоніку: народныя песні, полькі, вальсы, мазуркі – з голасу мамы і дэтэктарнага прыёмніка, – працягвае ўспаміны Міхаіл Антонавіч. – Я слухаў Русланаву, Уцёсава, слухаў – і на гэтым спасцігаў першыя ўрокі музыкі. З 8 гадоў я граў на гармоніку на вечарах у вясковай школе. З 10 гадоў сталі запрашаць на танцы, дарэчы, такім чынам я дапамагаў бацькам: я граў вечары, а хлопцы за гэта прыходзілі да нас і рэзалі сечку на сячкарні. З гэтага ўзросту я ўжо быў і ў дарослым ансамблі, што запрашалі на вяселлі, дзе Суднік граў на цымбалах, я на гармоніку, а дванаццацігадовы хлапчук – на бубне. Вяселлі тады гралі па 3-4 дні. Узгадваецца адно вяселле, што было па вясне: нас, музыкаў, пасадзілі на апошні воз, куды быў запрэжаны конь, які стаяў на рамянях і якому далі самагонкі, каб хоця неяк вёз. Мы весела даехалі да куранецкай царквы, а там конь зваліўся і здох. Было і такое. А яшчэ я граў і на хрэсьбінах. Памятаю, калі ў школе праходзілі рабаўладальніцкі строй, аднаго разу ў час хрэсьбінаў сустрэў мяне дырэктар на вуліцы, калі мяне з гармонікам разам з бабкай валаклі на санях. Так даўней бабку на хрэсьбінах каталі, ну а я граў. Ой, і адчытваў мяне за гэта дырэктар: «Што ж цябе цягаюць іншыя, быццам яны ў цябе рабы…». Добра, са школы не выгналі.

Міхаіл Антонавіч часта бывае ў сваім родным горадзе. Тут ён абавязкова наведвае магілы родных, бо ў Вілейцы пахаваныя яго дзед, маці, бацька, брат, а на могілках у Цынцавічах – бабуля, якой не стала яшчэ ў 1945 годзе. Але галоўнае, сюды ён практычна штогод прыязджае са сваім аркестрам.
– Вілейка для мяне была першым горадам, які я ўбачыў пасля сваёй вёскі. Памяць аб пасляваеннай Вілейцы для мяне сёння вельмі каштоўная, нягледзячы на тое, што за жыццё аб’ехаў паўсвету. Гэтыя гады памятныя мне як радасныя, хоць гэта былі і цяжкія пасляваенныя гады. Адносіны паміж моладдзю і дарослымі былі сяброўскімі, чалавечнымі, – з настальгіяй адзначае маэстра. – Гэта былі гады росквіту народнай музычнай культуры, бо ў той час было шмат калектываў мастацкай самадзейнасці. І ў нас, у дзяцей, было бурлівае творчае жыццё. У Вілейцы я граў на школьных вечарынах, на святкаванні Дня Перамогі, Першага Мая, Кастрычніцкай рэвалюцыі. Граў на танцпляцоўцы ў парку, у гарадскім Доме культуры. Я ўвесь час быў заняты, і гэта мне падабалася. Хоць, вядома, як усе хлопцы, мы гулялі ў футбол і іншыя дзіцячыя гульні. Вілейка тых часоў мне і сёння памятаецца цудоўным горадам. Тут захаваліся традыцыі Заходняй Беларусi: на вуліцах была асаблівая чысціня і цішыня. Фактычна ў Вілейцы адчуваўся вясковы ўклад, з добрымі культурнымі традыцыямі. Яшчэ ў 9-10 класах я ўжо вызначыўся, што буду музыкантам. Я ўдзячны Вілейцы за дзіцячыя гады і стараюся не парываць сувязь са сваімі школамі: на шасцідзесяцігоддзе сярэдняй школы № 1 прывозіў аркестр народных інструментаў, на пяцідзесяцігоддзе музычнай школы – аркестр «Маладая Беларусь». Я вяртаю свае даўгі гораду майго дзяцінства…

Імя Міхаіла Казінца – музыканта і педагога – добра вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Яго творчасць з’яўляецца яркай старонкай беларускага летапісу сучаснай музыкі. Пасля заканчэння сямігодкі ў роднай вёсцы ён пайшоў вучыцца ў Вілейскую сярэднюю школу, адначасова вучыўся ў мясцовым філіяле Маладзечанскай музычнай школы, які скончыў за тры гады па класе баяна. Выхаваны на вясковых традыцыях і народнай песеннай і інструментальнай культуры, юнак прыйшоў у элітарную музычную прафесію. У 1965 годзе ён атрымаў вышэйшую адукацыю па класе баяна ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Падчас вучобы захапіўся дырыжыраваннем, таму праз тры гады, у 30-гадовым узросце, вярнуўся ў сцены кансерваторыі і паступіў на аддзяленне оперна-сімфанічнага дырыжыравання, якое скончыў у 1973 годзе, а пазней стажыраваўся па абранай спецыяльнасці. Яшчэ ў студэнцкія гады Міхаіл Казінец пазнаёміўся з народным артыстам СССР і Беларусі Іосіфам Жыновічам, які і запрасіў маладога музыканта ў свой аркестр. Ажыццявілася мара: ён стаў удзельнікам унікальнага музычнага калектыву, працаваў побач з выдатным майстрам, а ў 1975 годзе Міхаіл Антонавіч Казінец стаў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам аркестра (цяпер Нацыянальны дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча), які пад яго кіраўніцтвам даў шырокую дарогу ў жыццё многім творам беларускіх кампазітараў. Разам з калектывам Міхаіл Казінец даў сотні канцэртаў ва ўсіх кутках рэспублікі і за яе межамі, выступаў у самых знакамітых канцэртных залах былога СССР, гастраляваў у Польшчы, Германіі, Францыі, Румыніі, Фінляндыі, Канадзе, Турцыі і Індыі. Ён стварыў таксама сімфанічны аркестр у Акадэміі музыкі «Маладая Беларусь». Міхаіла Казінца ведаюць і як таленавітага педагога. На працягу дваццаці гадоў ён быў рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з 1985). Сваім настаўнікам яго па праву лічаць усе маладыя беларускія музыканты. Дзейнасць Міхаіла Антонавіча Казінца была неаднаразова адзначана: ён заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1978), народны артыст Беларусі (1987), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984) і прэміі «За духоўнае адраджэнне», узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём і ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам Пашаны і інш. Мы ганарымся сваім земляком.

Са святам вас, маэстра. Доўгіх год жыцця і творчай дзейнасці!

Сяргей ГАНЧАР.

Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 133 queries