Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Міхаіл Чабрыцкі з маленства навучыўся бачыць прыгажосць прыроды і шчыра палюбіў лес

Каб быць сапраўдным прафесіяналам і чалавекам на сваім месцы, справу сваю трэба любіць. І ад сябе, незалежна ад пасады і роду заняткаў, патрабаваць крыху больш, чым ад іншых. Гэтай асабістай і прафесійнай формулай кіруецца і Міхаіл Чабрыцкі, які працуе ляснічым у Касцяневіцкім лясніцтве. Чалавек адказны, нераўнадушны, які ведае сваю справу, у 2013 годзе Міхаіл Станіслававіч быў адзначаны высокай узнагародай – нагрудным знакам «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь».

У 2013 годзе Міхаіл Станіслававіч быў адзначаны высокай узнагародай – нагрудным знакам "20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь"
У 2013 годзе Міхаіл Станіслававіч быў адзначаны высокай узнагародай – нагрудным знакам «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь»

У Касцяневіцкім лясніцтве Міхаіл Чабрыцкі працуе з 1996 года. У свой час тут жа працаваў яго бацька, Станіслаў Юльянавіч. «Лясную» прафесію сын выбраў не без яго ўплыву. У сям’і было пяцёра дзяцей, а сын – адзіны. Як кажа сам Міхаіл Станіслававіч, ён – «залатая сярэдзіна» паміж дзвюма старэйшымі і дзвюма малодшымі сёстрамі. Дарэчы, адна з іх, Яніна Станіславаўна, сёння працуе таксама ў Касцяневіцкім лясніцтве. Іх бацька быў конюхам – коні ў той час былі і сродкам транспарту, і цяглавай сілай. Станіслаў Юльянавіч даглядаў іх, нарыхтоўваў кармы. На лясны сенакос браў с сабой сына: сам – касіў, а ён – грабіў. І па сёння памятае Міхаіл Чабрыцкі непаўторны водар таго, настоенага на розных зёлках, сена – сапраўднага, лугавога, скошанага і высушанага ўручную.

– Сёння такога сена няма, – з веданнем зазначае Міхаіл Чабрыцкі, які з маленства навучыўся бачыць прыгажосць прыроды і шчыра палюбіў лес.

Дапамагаючы бацьку, ён многаму навучыўся і без доўгіх разважанняў вызначыўся з будучай прафесіяй. Скончыўшы школу ў Касцяневічах, паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. Потым была служба ў арміі, якую ён праходзіў у Маскве, ва ўнутраных войсках. Вярнуўся на радзіму, уладкаваўся на працу – у Касцяневіцкае лясніцтва, дзе і па сёння выконвае абавязкі ляснічага. Завочна скончыў вышэйшую навучальную ўстанову, якая рыхтуе спецыялістаў для лясной гаспадаркі – Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Склалася і асабістае жыццё – жонка, Валянціна Іванаўна, таксама мясцовая. Іх агульны гонар – дзеці Павел і Алена – ужо дарослыя. Яны не сталі прадаўжальнікамі «лясной» дынастыі Чабрыцкіх, ды бацька і не настойваў на гэтым, бо прафесіі сабе сын з дачкою выбралі таксама дастойныя.

Любімы сямейны занятак Чабрыцкіх – «ціхае паляванне». У грыбы ходзяць дзеля душы: пабыць сам-насам з прыродай і паспаборнічаць адзін з адным – чыё ж грыбное шчасце пераважыць? Рыбалка – таксама той від адпачынку для Міхаіла Чабрыцкага, які падабаецца. Але найперш – працоўныя абавязкі. Больш за дзесяць тысяч гектараў – агульная плошча Касцяневіцкага лясніцтва і зона адказнасці ўсяго яго калектыву – згуртаванай каманды прафесіяналаў. А гэта 26 чалавек, дзякуючы агульным намаганням якіх выконваюцца пастаўленыя задачы і даведзеныя планы. Узнаўленне ляснога фонду і нарыхтоўка драўніны, догляд за маладымі пасадкамі, вясной – нарыхтоўка бярозавага соку, летам – папярэджанне лясных пажараў, на працягу ўсяго года – уборка лесу ад смецця, якое застаецца ад «некультурнага» адпачынку некаторых… Захаваць і памножыць лясныя багацці – вось першасны абавязак для ўсяго калектыву.

…Зімою лясныя клопаты сцішваюць свой тэмп. І гэта пара для Міхаіла Чабрыцкага любімая. Таму што ёсць магчымасць сярод паўсядзённых абавязкаў заўважыць усё хараство лесу, адчуць яго велічнасць і важнасць для нас, людзей.

– Лес – гэта жыццё, – разважае ляснічы. – Ён прыгожы заўсёды – і калі ліст падае долу, і калі іней на дрэвах. Лес – розны. Няма ў ім двух аднолькавых дрэў – кожная елачка, бярозка такая адзіная. І працаваць у лесе можа толькі той, хто любіць яго.

Набліжаецца Новы год. У кожнай сям’і яго святкуюць па-свойму. Не магла не пацікавіцца ў Міхаіла Станіслававіча, як прынята ў яго сям’і перагортваць новую старонку календара. Аказваецца, перад тым, як развітацца са старым годам, Чабрыцкія віншуюць галаву сям’і з днём нараджэння – Міхаіл Станіслававіч святкуе яго 30 снежня (а сёлета, дарэчы, адзначыць свой пяцідзесяцігадовы юбілей). І толькі потым сям’я дружна кажа «бывай» году адыходзячаму і сустракае новы – з новымі надзеямі і планамі.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 145 queries