Больш за тры дзясяткі гадоў працуе ў гандлі віляйчанка Марыя Камінская, якая сцвярджае, што прафесія выбрала яе сама і стала важнай часткай яе жыцця.
У дзяцінстве, якое прайшло на Вілейшчыне ў вёсачцы Давыдкі, Марыя, як і ўсе дзяўчынкі, гуляла «ў доктара», «у магазін», «у школу»… Аднак пазней, ужо ў падлеткавым узросце, ніяк не планавала выбраць нейкую з гэтых прафесій. Неяк атрымалася спантанна, само сабой, што пасля школы дзяўчына падала дакументы ў кааператыўнае вучылішча, хоць блізкія напачатку яе выбар не прынялі.
– Ды вучыцца я ўсё ж пайшла, – расказвае Марыя Раманаўна. – Атрымала прафесію і адправілася на сваё першае працоўнае месца ў Даўгінава. Сюды нас, маладых спецыялістаў, прыехала тады некалькі чалавек, і пачалася самастойная работа. Прыглядаліся і прыслухоўваліся да старэйшых калег, вучыліся прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы. І паступова прыходзіў вопыт. Канешне ж, былі і моманты перажыванняў, расчараванняў і нават слёз.
Без гэтага, напэўна, не бывае ні ў кога на шляху прафесійнага станаўлення. Аднак думкі памяняць прафесію не з’яўлялася, бо з кожным годам Марыя ўсё больш пераконвалася ў правільнасці свайго выбару. Штодзённая праца з людзьмі, уменне выслухаць, параіць і дапамагчы – не проста прафесійныя абавязкі работніка гандлю, але і чыста чалавечае жаданне. Што ні кажы, прызнаецца Марыя Раманаўна, а прыемна бачыць, калі чалавек знаходзіць у магазіне тавар, які яго задавальняе. У такія моманты яна адчувае задавальненне і ўсведамляе важнасць сваёй прафесіі.
– Я ў гандлі з 1987 года, – расказвае пра сябе Марыя Камінская. – Большую частку працавала ў харчовых магазінах, а сем гадоў назад, што называецца, памяняла профіль, і магазін «Будаўнічы» ТАА «СтройРегион» стаў маім новым працоўным месцам. Канешне ж, спачатку было няпроста, бо будаўнічыя матэрыялы – гэта не прадукты харчавання, з якімі адпрацавала столькі часу. Трэба было многаму вучыцца, назапашваць новую інфармацыю, каб даваць пакупнікам парады, адказваць на любыя пытанні. Затое цяпер любыя пытанні пра тыя ж цэмент, шыфер, блокі і іншыя будматэрыялы – у маёй кампетэнцыі. А яшчэ праца ў гэтым магазіне мне дарагая тым, што тут лёс звёў мяне з цікавымі людзьмі. Гэта і мае калегі, і, канешне ж, кіраўніцтва (а яно ў нас, як і належыць, патрабавальнае, кампетэнтнае і, разам з тым, добразычлівае, чулае да тых, хто сумленна робіць сваю справу).
Падумалася, што і кіраўніцтва «СтройРегиона», пра якое так цёпла гаворыць Марыя Раманаўна, цэніць працаўніцу. Інакш не рэкамендавалі б менавіта яе па выніках работы за мінулы год занесці на раённую Дошку гонару і не назвалі б яе ў ліку лепшых работнікаў гандлю Вілейшчыны. З хваляваннем прыгадвае жанчына тую ўрачыстасць у раённым Палацы культуры, калі ўшаноўвалі іх, перадавікоў нашага раёна. Гэта, адзначае Марыя Раманаўна, і высокая ацэнка людской працы, і, разам з тым, адказнасць, стымул рабіць сваю справу яшчэ лепш, апраўдваць аказаны давер.
Загаварылі пра вольны ад працы час. Як і ў кожнай гаспадыні прыватнага дома, у Марыі Раманаўны клопатаў хапае. Асабліва цяпер, улетку, калі столькі спраў у агародзе, кветніку ды ідуць нарыхтоўкі на зіму. Вось і шчыруюць яны з мужам, спраўляючыся з усім гэтым. Не без дапамогі і дзяцей, пра якіх мая суразмоўца гаворыць з асаблівай цеплынёй. Алена, старэйшая дачка, у свой час набыла прафесію бухгалтара, даўно мае сваю сям’ю і парадавала бацькоў двума ўнукамі-памочнікамі; сын Раман пакуль што нежанаты, але гэта толькі пакуль – справа ж маладая…
–Вось так і жыву, – падвяла вынік нашай размове Марыя Раманаўна. – Здаецца, нічога адметнага, усё звычайнае. Ёсць сям’я, якую вельмі люблю і якой даражу, і ёсць любімая работа, якую сумленна выконваю.
А ў гэтым, напэўна, і заключаецца самае галоўнае.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва М. Р. КАМІНСКАЙ