Год таму Юлія Варахава па размеркаванні прыйшла працаваць у ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Вілейкі» пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ.
У дзяцінстве Юліі падабалася займацца тэатральным мастацтвам, але за школьныя гады ёю было прынята рашэнне працягнуць сямейную дынастыю педагогаў, да якой, дарэчы, адносіцца і сям’я яе мужа.
– Шлях да прафесіі ў мяне быў адзіным: я заўсёды хацела працаваць з дзецьмі. Таму пасля заканчэння першай школы, у якой выкладаю, праблемы выбару адукацыйнай установы не ўзнікла. Пасля паспяховага заканчэння ўніверсітэта жаданне працаваць у школе толькі ўзмацнілася. І вось я – настаўніца беларускай мовы і літаратуры! – падзялілася Юлія Аляксандраўна.
Першы званок, першы ўрок з пяцікласнікамі класны кіраўнік Юлія Варахава ўспамінае з хваляваннем: «Адчуваеш пачуцці, якія складана перадаць. Дрыготкім голасам тлумачыла першую тэму, старалася трымаць сябе ў руках. Гэта шчасце, што нарэшце пачынаюць спраўджвацца мары. Адчуваеш таксама і вялікую адказнасць за той давер, які бачыш у вачах дзяцей. А супакойваешся, бачачы ўсмешку і задаволеныя вочы дзяцей у канцы ўрока».
Працуючы ў школе, Юлія Варахава зразумела, што прафесійна валодаць сваімі прадметамі, даступна даносіць матэрыял да вучняў – гэта важна. Але для поспеху адных ведаў мала. Неабходны таксама зносіны з вучнямі, іх бацькамі, разумець іх, заваяваць давер і абавязкова любіць дзяцей. Своечасова разгледзець талент, развіць лепшае ў дзецях, ніколі не спыняцца на дасягнутым, удасканальваць свае веды, раіцца са старэйшым пакаленнем, на яе думку, – самае важнае для настаўніка.
Педагагічны калектыў у пачатку яе працы прыняў з цяплом. Тыя, хто яшчэ ўчора былі яе настаўнікамі, сталі калегамі, яны шчодра дзяліліся сваім багатым вопытам. А куратар у школе па любой просьбе гатовы падказаць і падтрымаць маладога спецыяліста.
– Вось непрыкметна праляцеў год маёй працы. Я вельмі рада, што з першых дзён сваёй педагагічнай дзейнасці з’яўляюся класным кіраўніком, а таксама выкладчыкам восьмых класаў. Колькі хваляванняў і трывог прыйшлося перажыць: як сустрэнуць мяне дзеці, ці спадабаюся я ім, ці знайду падтрымку ў бацькоў. Ужо зараз гэтыя першыя крокі сваёй настаўніцкай прафесіі лічу ўдалымі. Разумею, што я патрэбна дзецям, таксама баць-
кам, якія спадзяюцца, што я дапамагу іх дзецям здабываць самастойна веды, сябраваць, жыць у калектыве. У натоўпе знаходзяць цябе знаёмыя зіхатлівыя вочы, дзеці бягуць насустрач, дзеляцца сваімі ўражаннямі. Хіба гэта не шчасце? – разважае Юлія Варахава.
Кожны раз, перш чым увайсці ў клас, маладая настаўніца прадумвае, якія словы вымавіць у цішыні класа, каб навучыць дзяцей думаць, дзейнічаць, дастукацца да самага сэрца.
На ўсё жыццё запомніла і імкнецца прытрымлівацца выказвання Канфуцыя: «Хто спасцігае новае, песцячы старое, той можа быць настаўнікам». Таму, рыхтуючыся да ўрокаў, мерапрыемстваў, стараецца прадумаць кожную дробязь, кожную фразу.
Кожны дзень у школе, па яе словах, насычаны, увесь час адбываецца нешта цікавае. Маладая настаўніца вядзе актыўны лад жыцця, да чаго прывучае і сваіх падапечных. З’яўляецца ўдзельніцай і пераможцай раённага і абласнога конкурсаў прыгажосці. У мінулым годзе яе навучэнка пятага класа ў літаратурным конкурсе заняла трэцяе месца, гэтую ўзнагароду класны кіраўнік лічыць ганаровай.
Менавіта настаўнік беларускай мовы і літаратуры павінен «прышчапіць» любоў да прыгожага, навучыць карыстацца словам, развіць лагічнае мысленне дзіцяці, лічыць Юлія Варахава. Ад працы выкладчыка залежыць будучыня асобнага вучня і чалавецтва ў цэлым. Для яе вельмі важна ніколі не спыняцца на дасягнутым, абавязкова ісці наперад. Яна ўдзячная свайму лёсу, які прывёў яе ў школу.
Галоўным стрыжнем, які ўтрымлівае ў прафесіі, застанецца жаданне настаўніка змяніць свет да лепшага. Каб наша краіна квітнела, для гэтага патрэбны разумныя лю-
дзі. Мая суразмоўца хацела б выхоўваць такіх вучняў, якія паўплываюць на светлую будучыню Беларусі.
Вікторыя АПЯЦЁНАК/Фота аўтара