Па Вілейшчыне крочыць другі літаратурна-музычны фестываль «Светлае слова». У яго рамках – канцэрты і прэзентацыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі і дыялогі з моладдзю. І праз кожнае з гэтых мерапрыемстваў чырвонай ніткай праходзіць галоўнае – светлае беларускае слова і яго значэнне ў нашым жыцці.
У рамках фестывалю на днях адбыўся дыялог з моладдзю Вілейскага дзяржаўнага каледжа «Свет жывога эфіра», падчас якога ішла цікавая размова пра беларускае слова. Ва ўтульнай бібліятэцы навучальнай установы сабраліся навучэнцы і педагогі, у госці да якіх прыйшлі Таццяна Захарыч, дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання, і кіраўнік дзіцячага тэатральнага калектыву гэтай установы Леанід Курц, знакамітая журналістка Марыя Кузаўкіна, журналісты раённай газеты.
Слова. Няўлоўнае, нябачнае, нематэрыяльнае, яно мае велізарную сілу. Слова можа акрыліць, падняць да вышынь, а можа, наадварот, «падрэзаць» крылы, моцна параніць… Пэўна, кожны з нас зведаў на сабе гэтыя яго магічныя ўласцівасці. Вось і навучэнцы каледжа, размову з якімі распачала Таццяна Захарыч, гаварылі пра гэта і адзначалі, што светлае слова нясе дабрыню, шчырасць, спагаду.
Для нас, журналістаў, слова з’яўляецца галоўным інструментам у нашай дзейнасці. Як мы з ім працуем, як удумліва і з вялікай адказнасцю выбіраем яго, рыхтуючы матэрыялы, з прысутнымі падзялілася кіраўнік клуба «Юны журналіст», які працуе ў каледжы, Марыя Кузаўкіна. «Будь осторожен, выбирая слово, им осчастливить можно и убить» – гэтай ісцінай кіруецца яна ўсё жыццё. Урэшце, як і кожны паважаючы сябе і сваю працу журналіст.
Падчас сустрэчы навучэнцы даведаліся многа новага пра гісторыю нашага выдання і раённага радыё. Мы гаварылі пра газету розных гадоў, пачынаючы ад дня яе стварэння, узгадвалі людзей, якія працавалі ў раёнцы ў розныя гады. Так, не ўсе з навучэнцаў ведалі, што супрацоўнікам нашага выдання ў свой час быў вядомы беларускі паэт Максім Танк.
А пасля размовы была магчымасць пераканацца, што нашы маладыя суразмоўцы запомнілі важнейшыя вехі з гісторыі раёнкі – Леанід Курц правёў цікавую віктарыну. Прыемна, што на ўсе пытанні прагучалі правільныя адказы, а гэта значыць, што мясцовае выданне (найчасцей у электронным варыянце) моладзь чытае.
Сустрэча закончылася сумесным фотаздымкам яе ўдзельнікаў на памяць, і засталіся светлыя ўражанні ад судакранання з ім, родным беларускім словам.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА