Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

ЛЁСЫ НА ФОНЕ ВАЙНЫ: Як закувае шэрая зязюля

Хто б падумаў, што Уладзімір Канстанцінавіч Барысевіч  нарадзіўся ледзь не ў самым пачатку дваццатага стагоддзя (1928 год). Наша група сустрэла яго ля аўталаўкі, якая не мінае вёскі Сакалоўка. Рухавы сімпатычны чалавек падаўся нам значна маладзейшым, чым на самай справе. Мы ад яго потым даведаліся аб узросце. Ва ўтульнай светлай хатцы гаспадар рассадзіў нас вакол сябе і на ўсе пытанні стараўся адказваць грунтоўна і падрабязна. Што ён памятае пра Вялікую Айчынную вайну? Гэта было галоўнае наша пытанне.

–Незадоўга перад вайной бацька, які быў вясковым актывістам, перайшоў ў савецкую часць Беларусі, меўся забраць туды і ўсю сям’ю. Наказаў, каб распрадавалі ўсё. Што мы і зрабілі. А мелі карову, коней, малатарню, сем з палавінай гектараў зямлі, чатыры з іх – сенакос. Працаваць ох як умелі. Бывала, хмара збіраецца, жыта ў мэндліках, бацькі хапаюцца, звозяць у ток, гладзенькі, выбіты глінай. А мы, дзеці, каласкі павінны падабраць, каб усё па-гаспадарску было.Пакуль ацямнее,усё справімся звезці. Адразу выехаць неяк не атрымалася, пан задзержыў. А тут і бальшавікі прыйшлі. І ад бацькі ніякіх вестак няма. Так і прапаў бацька, і ехаць няма куды, а ў нас толькі хата засталася. Пра бацьку даведаліся значна пазней, што памёр у 1942 годзе ў Комі АССР. Зразумела, што выслалі туды, дзе і згінуў.
– Раскажыце, якія ўспаміны захавала Ваша памяць пра пачатак вайны.
– Я ў той дзень быў у полі – пасвіў карову і авечак. Здзівіўся, што ў небе столькі многа самалётаў. Налічыў дваццаць два. Гук такі стаяў, што стала страшна. А праз некаторы час паўз вёску праехалі матацыклісты. Было нават чуваць, як бамбілі Мінск. З вёскі ўцякалі ў поле і лес. У час вайны стараліся менш быць дома. У канцы ўжо вайны прыйшлі ў вёску людзі ў вайсковай форме. На хутарах жылі сем’і Валовіка Пятра, Шахрая Юзі, Пільніцкага Лявона, Барысевіча Кастуся і іншыя. Адзін у нямецкай адзежы і кажа: “Мы не карацелі, але як мы ад’едземся, уцякайце ў лес.” Мы – у поле, у кусты і перайшлі раку ў брод, а там – немцы. Абходзім кругом, з намі яшчэ сусед і мой брат Адам з 1926 года. Тут зноў немцы. Адзін пытае (казалі – француз): “Ці відзеў партызан?” Меншы кажа: “Відзеў. 500 чалавек. Нешта цягнулі.” Ды і паразляталіся. А сям’ю Паўловічаў (Мікалай, Волька, дзеці – Аляксей, Іван, Надзя) усіх перастралялі. Як сталі паліць Паўловіча, нашы ўцяклі ў лес. Я паляцеў да суседзяў, каб папярэдзіць. Дзядзька жыў у Галэцкіх, паляцеў да яго папярэдзіць. Вярнуўся дахаты, каб што ўзяць. Толькі заходзіць, аж чую – немцы гергечуць. Уцёк, схаваўся, толькі сэрца носіцца. Чакаю. Выйшлі трое, нешта панеслі ў мяшку. Мы з братам у хату. Схапілі хлеб (ляжаў на стале), бляшанку малака. Есці страх як хацелася. Брат разаслаў нейкую хустку, пакідаў тое-сёе з куфра. Аднеслі, схавалі. Хацелі якую адзежыну яшчэ ўхапіць. Як вярнуліся, сустрэлі старэйшага брата. Думалі, можа, што застанецца. Брат замкнуў авечак у свіран. Згарэлі разам з хатай, варыўнёй, свірнам і авечкі. Так прайшла ноч 4 мая 1943 года. Раніцай немцы ехалі конна, нават не злазілі з коней. Пастралялі ў крышу з саломы, пачакалі пакуль загарыцца і паехалі.
– Ад Вас зусім недалёка Боркі. Можа, якая радня там жыла?
– Мая бабуля Елізавета жыла ў Борках. Затое я так радаваўся, што там будуецца помнік бязвінным ахвярам і як мог дапамагаў. Вазіў на трактары туды каменне і гравій. Вось ужо нямала часу прайшло з той страшнай падзеі, а сэрца помніць. Часам так запячэ, што збіраюся і іду туды, каб памянуць. А зязюля як закувае, аж слёзы самі пасыпяцца.
– А што вы памятаеце пра пасляваенную школу?
– Ну, як і ўсюды. Пісаць паперы не было, пісалі на газетах, якія знаходзілі, непатрэбных кніжках між радкоў. Чарніла рабілі з буракоў. Падручнікаў мала было. Па чарзе чыталі. Я мала хадзіў у школу. Трэба было працаваць. Пасля арміі працаваў трактарыстам.
–У газеце “Шлях перамогі” мы бачылі фотаздымак, дзе Вы з гармонікам. Вы па-ранейшаму граеце?
– З малых гадоў з братам граем. Я на – цымбалах, а ён – на гармоніку. Магу і на гармоніку. Свадзьбы ігралі. А яшчэ, як раней казалі, збіраліся “ката пячы” – гэта значыць гулянку зладзіць, каб патанцавала моладзь уволю. Тады ў вёсцы шмат было людзей. Прыходзілі весяліцца і старэйшыя.
Уладзімір Канстанцінавіч узяў гармонік – і яго пальцы па-маладому заляталі па кнопках-клавішах. Азартная “Полька” аж змяніла дзяцей, якія толькі што сур’ёзна, з сумам, слухалі ўспаміны пра самотнае і трагічнае. Вочы ў іх засвяціліся гарэзлівай усмешкай. Потым быў вальс, яго змяніў “Кракавяк”. Уладзімір Канстанцінавіч паказаў фотаздымкі. З рамак на сцяне весела ўсміхаліся ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці клуба і саўгаса, а ў цэнтры герой нашай размовы. Ён сваёй працай і ўдзелам у выхаванні дзяцей і моладзі, прыязнымі адносінамі да людзей і прыроды, удзелам у пабудове мемарыялу ў Борках пацвердзіў думку, што амаль кожны такі беларус, сціплы, спакойны,разважлівы, гарэзлівы, працавіты і ёсць сапраўдны патрыёт сваёй радзімы. Нашаму краязнаўчаму музею ён падарыў кросны. Каб не забываліся дзеці пра ўмельства і працавітасць папярэдніх пакаленняў.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік народнага музея
“Вілейшчына літаратурная”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 171 queries