Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Лёс і шчасце – Сакалоўка

Малая радзіма. У кожнага чалавека, дзе б ён ні жыў, яна заўсёды ў сэрцы. Не забываюцца яркія ўражанні з дзяцінства, заўсёды звязаныя з роднымі мясцінамі, бацькоўскай хатай, землякамі. І кожная пара года – марозная зіма ці спякотнае лета, прыгажуня вясна або залатая восень – заўсёды вяртае туды, на малую радзіму, ажыўляючы ў памяці яркія малюнкі, звязаныя з ёй.

Гераіня майго матэрыяла – вядомая ў нас настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Мачэль, якая на днях адзначае свой прыгожы юбілей. Без малога тры дзясяткі гадоў працуе яна ў гімназіі № 1 «Логас», вучыць юных сакавітай роднай мове. Вучні любяць Алену Лявонцьеўну, для многіх яна стала настаўніцай, якую памятаюць і паважаюць заўсёды. І яна поўнасцю аддаецца сваёй прафесіі, пра якую марыла з дзяцінства.

фото1

Алена – старэйшая з дзяцей у сям’і калгаснікаў з вёскі Сакалоўка. А старэйшым, як вядома,  заўсёды больш выпадае. Вось і Алена вельмі рана стала першай памочніцай сваёй мамы, Ларысы Міхайлаўны, якая працавала на ферме. З задавальненнем прыбягала да мамы на ферму і дапамагала ёй даіць кароў.

– Тады яшчэ не было апаратаў, даілі ўручную, – прыгадвае Алена Лявонцьеўна. – У мяне гэта атрымлівалася добра, і першакласніцай, памятаю, даіла па дзесяць кароў.

Пазней з’явіліся апараты, працавітая дзяўчынка вельмі хутка навучылася з імі ўпраўляцца і неўзабаве  ўжо вучыла гэтаму і іншых. Пяцікласніцай ужо замяняла даярак у час іх адпускоў і нават зарабіла такім чынам свае першыя грошы, на якія купіла  прайгравальнік.

– Памятаю, даверыла пакупку маме, сама ж была яшчэ зусім дзіцём, – з усмешкай прыгадала Алена Лявонцьеўна. – Я была на ферме, а мама паехала і купіла. Столькі радасці было тады!

Дзяцінства тагачасных вясковых дзяцей было зусім не падобным на забавы іх гарадскіх аднагодкаў. Ведаю гэта па сабе. Нам выпадала болей працаваць, і гэта, лічу, вельмі важна. Вось і мая суразмоўца прыгадвае, як даглядала малодшых сястрычак, палола агарод, хадзіла ў ягады.

– Бывала, бярэ бабуля вялізны мех і ўтрох – яна, я і сястра Таня – ідзём у брусніцы, – расказала Алена Лявонцьеўна. – Збіралі ягад многа, нарыхтоўвалі на зіму. Сям’я ж немаленькая, таму варылі брусніц многа. І з бульбай было смачна есці, і з батонам – каму як хацелася.

Ішлі гады, набліжаўся час развітання са школай. Да гэтага моманту дзяўчына ўжо цвёрда ведала, што будзе паступаць у педагагічны інстытут. Яна заўсёды любіла дзяцей, умела знаходзіць з імі агульную мову. А, магчыма, выбар прафесіі быў запраграмаваны на генным узроўні – прадзядуля Алены быў настаўнікам. Так ці інакш, а студэнткай абранай  навучальнай установы яна стала… Неўзабаве адбыліся і прыемныя перамены ў асабістым жыцці – у васямнаццаць гадоў дзяўчына выйшла замуж, год маладыя жылі ў сталіцы, а затым вярнуліся ў Вілейку. Тут купілі невялічкі домік, на месцы якога праз пэўны час  пабудавалі свой, прасторны, з разлікам на сваю сям’ю, у якой, дарэчы,  падраслі два сыны. З ужо далёкага 1985-га  Алена Лявонцьеўна ў «Логасе». За гэты час у настаўніцы было столькі цудоўных вучняў, развітваючыся з  якімі не магла хаваць слёз! Яны, яе хлопчыкі і дзяўчынкі, выходзілі ў самастойнае жыццё… А якім яно будзе? Вось і сёлета для выпускнікоў ужо празвінеў апошні званок, абудзіўшы ў настаўніцкім сэрцы букет пачуццяў і перажыванняў. Дзеці выходзяць у самастойнае жыццё. Няхай усё ў іх атрымаецца…

Усё сваё жыццё Алена Лявонцьеўна стараецца быць падобнай да сваёй мамы. Дакладней, не стараецца,  а так атрымліваецца . Бо заўсёды бачыла і бачыць перад сабой, як  годна і мудра ідзе па жыцці яе няўрымслівая матуля.

– Паміж сабой называем яе маці Тэрэзай, – дзеліцца Алена Лявонцьеўна. – І сапраўды, кожнаму дапаможа, паспачувае. У вёсцы да яе звяртаюцца па любым пытанні – ад нараджэнняў і да пахаванняў. Залаты чалавек наша мамачка…. У нашы справы стараецца  ніколі  не ўмешвацца, не навязвае сваю думку, дае права самастойна вырашаць праблемы. І абавязкова дапаможа, калі гэта трэба. Нас, дзяцей, бацькі выхоўвалі ўласным прыкладам, ніколі не павышалі голасу, не абражалі крыўдным словам, ужо не кажучы пра «выхаванне» розгамі…

Ужо няма на свеце бацькі Алены Лявонцьеўны, аднак не стаў сіратою іх дом у Сакалоўцы. Тут жыве любая мама, якая з вялікай радасцю сустракае  ўсіх іх, чатырох дачок, чатырох зяцёў, дзесяцярых унукаў і чатырох праўнукаў, у хаце! Разам збіраюцца звычайна на Вялікдзень, і цеснавата становіцца такой сямейцы. Але так добра і цёпла на душы ў кожнага! І гучаць у хаце песні (Бог не абдзяліў маці і ўсіх яе дачок добрымі галасамі),  не заканчваюцца размовы-успаміны…

– У нашай сям’і ёсць прадстаўнікі самых розных прафесій, – падзялілася мая суразмоўца. – Сястра Таццяна – фельчар,Ганна працуе ў сталіцы на «Камунарцы», Ніна – на будоўлі. І дзеці нашы выбралі свае шляхі. Мой старэйшы, напрыклад, стаў праграмістам, у сталічным Парку высокіх тэхналогій працуе. Малодшы ж дома, у Вілейцы, знайшоў сябе ў аўтамабільнай справе – на СТА. Вось так і жывём…

Яшчэ многа пра што мы гаварылі: і пра кветкі, у якіх патанае вілейскі дом маёй гераіні; і пра бацькоўскі дом, у якім сёстры запланавалі сёлета зрабіць рамонт; і пра сваякоў, што жывуць за межамі Беларусі, але з якімі трымаюць цесную сувязь; і пра чарговы паход, у які Алена Лявонцьеўна адправіцца на днях са сваімі вучнямі…. І пра тое,  што ёсць у яе планы на перспектыву – калі ў свой час выйдзе на пенсію, абавязкова пераедзе ў Сакалоўку. На радзіму, да мамы.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага альбома Алены МАЧЭЛЬ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 132 queries