Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Людзі тут паміралі, як мухі…» У жыцці Антаніны Гарчаковай было столькі выпрабаванняў, як толькі ўсё вытрымала

У жыцці Антаніны Іванаўны Гарчаковай было столькі выпрабаванняў, што міжволі думаеш: як толькі ўсё вытрымала. Вытрымала, перажыла, реалізавалася ў высакароднай прафесіі настаўніка і годна ідзе па жыцці, на ўсім гэтым шляху дапамагаючы людзям.

І сёння, у сваім паважаным узросце, Антаніна Іванаўна актыўна ўдзельнічае ў многіх гарадскіх мерапрыемствах. Стварыла атрад валанцёраў, які дапамагаў хворым і нямоглым, кіравала літаратурнай гасцёўняй «Дамінанта душы» пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», выступала перад вучнямі школ горада і раёна. Нягледзячы на ўзрост і хваробы, якія, як сама кажа, «так і лезуць», Антаніна Іванаўна ніколі не губляе аптымізму. Упэўнена: жыццё працягваецца, і трэба радавацца кожнаму дню, жыць і працаваць.

Цяпер яна жыве адна – пайшоў з жыцця муж, зусім маладым памёр сын-архітэктар, а дачка Вольга, настаўніца музыкі, працуе ў сталіцы. Як і мама, яна чалавек творчы – піша вершы і музыку. Антаніна Іванаўна жыве клопатамі сваіх дарослых унукаў і заўсёды падтрымлівае мудрай парадай. Гэта вельмі важна – зразумець і падтрымаць. Так і павінна быць у жыцці, якое ніколі не бывае лёгкім.
Нарадзілася яна на Пскоўшчыне ў 1937 годзе. Бацька быў калгасным старшынёй. Спакойнага жыцця ў сям’і не было – у той час многія былі супраць калгасаў, а актывістаў, здаралася, і забівалі.

Калі пачалася вайна, баць­ку прызвалі на фронт. У памяці малой Тоні эпізод, які памятае ўсё жыццё: бацька выцірае змакрэлыя вочы, цалуе. А пасля звяртаецца да маці: «Беражы, Фрося, дзяцей, на вялікую вайну іду. Мо і не ўбачымся… Закончыцца вайна, абавязкова вучы дзяцей, будзь ім і маці, і бацькам».

Неўзабаве ў вёсцы з’явіліся карнікі. Маці з трыма дзецьмі выкінулі з хаты, а пасля разам з іншымі сем’ямі павезлі ў невядомасць. Куды? За што? Так Фрося з дзецьмі трапіла ў канцэнтрацыйны лагер «Пяты полк» у Віцебску.

– Тое, што ў ім перажылі, – вочы Антаніны Іванаўны робяцца вільготнымі, – ніколі не забыць: пераклічкі, катаванні, голад і холад. У бараках панаваў тыф.
У хуткім часе іх перавялі ў вёску Якуціна, тут была тыфозная бальніца. Людзі тут паміралі, як мухі. Голад, антысанітарыя, здзекі. Яны прайшлі праз усё гэта і дачакаліся вызвалення.

Аднак свабода не была такой салодкай, як уяўлялася. Не вярнуўся з вайны бацька, і на долю ўдавы з дзецьмі выпала многа бед. Быў голад, і дзеці, нібы буслы, хадзілі па адталым бульбянішчы, шукалі леташнюю бульбу. З яе, смярдзючай, гнілаватай, маці пякла чорныя сачні. Голад і холад выклікаў розныя хваробы: сястра Люба захварэ­ла на сухоты, Тоню трэсла малярыя, хварэў брат Вася. Аднак выжылі.

У горы і цяжкасці раслі, набіраліся сілы, працавалі. Бязбацькавічы ўмелі ўсё. А як хацелі вучыцца! Не хапала паперы, кніг, чыталі і пісалі пры газніцах, галадалі, а ўсё роўна з радасцю жылі. Наказ бацькі вучыць дзяцей маці выканала. Антаніна Іванаўна закончыла сямігодку, педвучылішча, затым завочна педінстытут.

З далёкага ўжо 1955 года яе жыццё звязана з Вілейшчынай. Працавала ў пачатковых класах у Журыхах, затым – у Нарачанскай васьмігодцы, у Вілейцы – у школе рабочай моладзі. А потым  – намеснікам дырэктара трэцяй, другой гарадскіх школ. У 1987 годзе Антаніну Іванаўну прызначылі дырэктарам школы №3 г. Вілейкі, дзе яна і адпрацавала да выхаду на пенсію.

Антаніна Іванаўна ўдзячна лёсу, што працавала з цудоўнымі настаўнікамі: Марыяй Сямёнаўнай Рынкевіч, Ірынай Васільеўнай Маркевіч, Еўдакіяй Сямёнаўнай Адамовіч, Іванам Іванавічам Луцаевым, Еўдакіяй Васільеўнай Буданавай. У іх было чаму навучыцца. Школа – гэта яе другая сям’я. Тут яны не толькі працавалі, але і цікава праводзілі вольны час.

Сумленная праца настаўніка вышэйшай катэгорыі Антаніны Гарчаковай адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Сярод іх – Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР і грамата Міністэрства адукацыі, медаль «Ветэран працы», значок «Выдатнік народнай асветы БССР і СССР», шматлікія юбілейныя медалі, дыпломы «Лепшы па прафесіі» і «Настаўнік года». Яна двойчы была выбрана дэпутатам гарадскога Савета народных дэпутатаў, з’яўляецца членам рэспубліканскага клуба «Дзеці вайны», ганаровы ветэран раённага савета Вілейскага аб’яднання ветэранаў. Імя настаўніцы занесена ў кнігу «Кто есть кто в Республике Беларусь». А яшчэ яна з’яўляецца аўтарам кніг вершаў «Душа нанізвае радкі» і «Рэха душы». Яе вершы да болю мудрыя, пранікнёныя, павучальныя. А кніга «Несупынная плынь жыцця» – гэта аповед пра цудоўных людзей Вілейшчыны.

Антаніна Іванаўна вучыць людзей любіць жыццё, цаніць яго, жыць так, каб нашчадкам пракласці шлях у веч­насць. Так яна і сама жыве. У гэтым і ёсць яе перамога.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 143 queries