Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Колькі дрэў выратавалі вучні трэцяй школы?

Прыемная навіна: па выніках правядзення рэспубліканскай працоўнай акцыі па зборы другаснай сыравіны «Наша піянерская праца табе, Айчына!» за мінулы навучальны год піянерская дружына імя Вячаслава Сасонкі вілейскай гарадской школы № 3 заняла трэцяе месца. У якасці заахвочвання за працу хлопчыкі і дзяўчынкі адзначаны дыпломамі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і экскурсіяй у дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая адбудзецца на асенніх канікулах ужо ў новым навучальным годзе. Ды самае важнае не ў заахвочванні (хоць і гэта, згадзіцеся, зусім не другараднае), а ў тым, што ў правільным накірунку працуе педагагічны калектыў установы, нацэльваючы юных на важную для грамадства справу.
Паўней выкарыстоўваць другасныя рэсурсы – адна з задач, якая пастаўлена перад усімі намі Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3. Патрэбна не толькі пашыраць сеткі нарыхтоўчых пунктаў, аддаваць прыярытэт раздзельнаму збору адыходаў, але і прыцягваць да нарыхтоўкі навучальныя ўстановы, беспрацоўных, пенсіянераў. Гэта вельмі важна – даваць жыццё таму, што ўжо, здавалася б, адслужыла сваё і выкідваецца.
Між тым, вельмі многае з адыходаў можна перапрацаваць, вырабіць з гэтай сыравіны новыя рэчы, якія будуць служыць людзям. Перапрацоўка бытавых адыходаў, як ні круці, абгрунтавана як з эканамічнага, так і экалагічнага (меней смецця, якое атручвае наваколле) пункту погляду.
А цяпер крышку важнай статыстыкі. У Беларусі штогод утвараецца звыш трох мільёнаў тон цвёрдых бытавых адыходаў. Прыкладна 400 тысяч тон з іх – макулатура, 80 – шклабой, 140 – пластмаса… Аднак у цяперашні час пры сарціроўцы камунальных адыходаў здабываецца крыху больш за дзесяць працэнтаў другаснай сыравіны. Гэта, вядома, мала. Значыць, кожны з нас павінен зразумець, што бытавыя адыходы трэба раздзяляць і выносіць у адпаведныя кантэйнеры: шкло – да шкла, пластык – да пластыка і г. д. Недзе чытала, што ў Фінляндыі, напрыклад, прыём і перапрацоўка той жа макулатуры лічыцца вельмі важным накірункам у эканоміцы. Там людзі не саромеюцца здаваць другасную сыравіну, і робяць гэта з энтузіязмам. Можа, варта і нам у іх павучыцца?
І, калі ўжо загаварылі пра макулатуру, такая красамоўная статыстыка: збор і перапрацоўка ўсяго адной тоны макулатуры выратуе ад высечкі 17 дрэваў. Гэта факт для роздуму кожнаму з нас. І асабліва юным рупліўцам, якія з агеньчыкам у вачах збіраюць паперу, што сваё адслужыла, і нясуць яе ў школы. Важную справу робіце, хлопчыкі і дзяўчынкі.
Закончу тым, з чаго і пачала – вучнямі-энтузіястамі трэцяй школы. Прыміце шчырыя віншаванні, пажаданне так трымаць і далей. А яшчэ падлічыце, колькі дрэў вы выратавалі агульнымі намаганнямі. Уражвае?
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries