Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Клеопатра з Замошша

У гэты дажджлівы чэрвеньскі поўдзень сумны пейзаж сельскай аселіцы выразна дэманстраваў прыкметы знікаючай вёскі. У бухматым кустоўі губляліся мройнымі прывідамі абрысы будынкаў. У каляінах адзінай вуліцы, якую даўно не трывожылі колы аўтамашын, буйна раскусціўся падарожнік. Арыентуючыся па наводцы супрацоўнікаў Даўгінаўскага сельвыканкама, шукаем хату Клеапатры Іванаўны Адамовіч. Рукі самі цягнуцца да фотаапарата ў імкненні занатаваць малюнак адыходзячай у нябыт вёскі. Ён такі ж хвалюючы і непазбежны, як зацягнуты апошні ўздых жывой істоты. У агоніі адыходу – прыродай наканаваная прыстойнасць і нераспазнаная таямніца. Забітыя дошкамі аканіцы – як неўсвядомлены позірк прыкрытых павекамі вачэй. Яшчэ не ўсе падвор’і пакінуты нашчадкамі. Уздоўж платоў яшчэ не паспела адрасці акуратна скошаная трава. На драўляных прыступках ганку – кінутая бесклапотнай дзіцячай рукой тэнісная ракетка. Весніцы «зашпілены» кавалкам скручанага ў тугі жгут медзянага дроту.IMG_4723

На асцярожны стук у вакне з’яўляецца постаць. Жаночы твар пранізлівым паглядам акідвае нечаканую госцю. І з інтуітыўнай упэўненасцю ў бяспецы, старэчая рука расчыняе сенцы. Абапіраючыся на кій, баба Клёня, замошынская Клеапатра, запрашае ў хату. Дагледжаны трысценак напалавіну займае печ, нядаўна пабеленая, з тым каларытам хатняй утульнасці, якое нясе на сабе толькі вясковае жытло.
– Там і ляжанка, і пліта ёсць, – перахапіўшы мой погляд, ківае на занавеску баба Клёня. – Але ж цяпер лета, дык я печ не палю. А вы свой каптанчык здыміце, кіньце на крэсла, – гаспадыня відавочна пашкадавала, што з-за яе непрыкметнай асобы людзі такім безгалоўем выправіліся ў няблізкі свет. Клеапатры Іванаўне, відаць, няўцям яе значнасць, як апошняга носьбіта гісторыі, традыцый, укладу жыцця маленькай вёскі, якую нашчадкі ўжо не пазначаць на новай карце Вілейшчыны. Як не пазначаны на ёй недалёкія Румянскія і яшчэ некалькі дзесяткаў паселішчаў, сцёртых няўмольным часам з твару зямлі. Клеапатра Іванаўна – не адзінокая і не пакінутая. На зіму яе забіраюць у Маладзечна дочкі. А заструменяць маладым сокам бярозы – і баба Клёня сама ірвецца да родных куткоў. На грады ў яе ўжо сілы не стае. Гэта дочак і зяцёў клопат. А яна паціху ў хаце прыбіраецца, назірае, як распырсквае май па наваколлі першую зелень, усё больш і больш убіраючыся ў сілу, нібы народжаная на глыбокаводдзі марская хваля, што імкнецца прадэманстраваць акаляючаму прастору сваю неўтаймаваную моц.
Успаміны бабы Клёні – нібы ў беспарадку вырваныя са школьнага сшытка старонкі. Яна і спрабуе іх давесці да ладу. Але вобразы перажытага захлістваюць сваім эмацыянальным строем і вядуць памяць у імі ж самімі вызначанае рэчышча.
Мільча. Хутарок паблізу Замошша. Там цяпер мехдвор мясцовага сельгаспрадпрыемства. У бацькоў – тры сыны і яна – чацвёртая. Бацькаў брат наважыў жаніцца. Давялося выдзеліць яму частку зямлі. Пра гэта ў сям’і гаварылася многа. Зямля была асновай, падмуркам дабрабыту. Яна і яднала, і магла зрабіць ворагамі нават самых блізкіх людзей. Хоць працавалі на ёй зранку да вечара, але кавалак хлеба, потам паліты, заўсёды на стале мелі. Зямля валодала той цэнтрабежнай сілай, якая нікому не давала адарвацца ад наканаванай ім лёсам траекторыі руху.
– Гэта ж трэба, па трое-сямёра дзетак у хатках павырастала. А дома, лічы, ніхто і не застаўся. Усе – па свеце, – баба Клёня спрабуе зразумець тую сілу, якая аказалася мацнейшай за прывязанасць да родных гнёздаў, да грунту, які спрадвеку расціў нашчадкаў, здзяйсняючы натуральны адбор асоб найбольш стойкіх і вытрыманых.
У 1942 годзе ў іх памёр бацька. Пачалася яго хвароба з сенакосу, – так адразу наважылі ў сям’і. Касіў ён у самую спёку. А калі надакучны пот ручаём плыў па твары, а галава дранцвела ад стомы, акунаў барэт у ледзяную ваду і на колькі часу ствараў уяўны камфорт самаадчування, не думаючы аб затоенай небяспецы. У хату Івана ўвялі пад рукі. Адабрала бок. Ляжаць не змог. Да Пакрова сядзеў на лаўцы.
– Усе паўміралі ў Замошшы. – Клепатра Іванаўна з застылай настальгіяй пазірае ў акно. – Ганна Нацэвіч – у коме. Дзеці даглядаюць. Віктар Кур’яновіч у Мільчу выехаў… – І сама ўспамінае, як выйшла замуж у гэту невялічкую вёсачку з такой красамоўнай назвай. Вакол тут заўсёды былі балоты. З плямамі зыбучага торфу. Іх баязліва абміналі, цягнучы на сабе ў рэзьгінях набрынялыя вязкі мокрай травы. Багна магла засмактаць і чалавека, і жывёлу. Затое ўлетку, сярод балотнай асакі і багульніку, бліскучымі гронкамі спелі дурніцы. А сярод моху, на купінах, нібыта пацеркі, рассыпаныя шчодрай рукой, ірдзеліся журавіны. Замошша мела ўсяго чатырнаццаць сядзіб. Але людзі жылі заможна, мазалём сваім ладзячы дабрабыт, падсвядома трымаючы працу галоўнай умовай яго ўсталяванасці і грунтоўнасці.IMG_4716
Маладую сваю Іосіф прывёў у бацькоўскую хату і зноў жа ў вялікую сям’ю. Надумалі аддзяліцца.
– Бацька аддаваў сыну трысцен і варыўню, з гэтага хату не пабудуеш. Я аўчыны на кажух, што мне ў пасаг далі, прадала. Яму прыйшла прэмія за брыгадзірства. У Жызнаве купілі зруб. Выйшла хата і істопачка. А хляўчука няма. Я вёдры нашу ў бацькоўскую сядзібу свіней карміць. Бацька Ёсіпу кажа: на табе 700 рублёў на хлеў. Хай Клёня вёдры не носіць… Свёкар, не скажу, да мяне ласкавы быў. Калі якая спрэчка – мой бок трымаў. Аслеп рана: трыццаць год сляпы жыў. І Ёсіп яго шкадаваў. Соткі перш бацьку пасадзіць, а тады сабе. Не толькі ў нас – у вёсцы тады такая завядзёнка была.
Думаецца, на гэтай «завядзёнцы» і трымалася ў той час патрыярхальная сялянская сям’я. І не самі вяскоўцы панішчылі традыцыі. Глабальныя грамадскія зрухі пазбавілі матывацыі сялянскую працу. Калектывізацыя адабрала ў вяскоўца галоўны сродак вытворчасці – зямлю. Знік матэрыяльны стымул. Быццё вызначыла свядомасць. Сяляне ўжо самі не жадалі падобнага лёсу сваім дзецям. Свет, як кажуць, перавярнуўся. З’явілася першае пакаленне гараджан з вясковымі каранямі, якое аднак ужо моцна трымалася за дасягненні цывілізацыі. Гэта былі людзі з раздвоенай свядомасцю. З аднаго боку, іх вабіла пакінутая радзіма, з другога – засмоктвала новае жыццё, непрадказальнае, змястоўнае, дзе перамены нёс кожны дзень. Устойлівы сялянскі быт страчваў для іх сэнс і пазбаўляў перспектывы.
– У мяне дачушка меньшая вось-вось кватэру ў Маладзечне атрымае. А дзве старэйшыя – даўно там жывуць. Кожныя выхадныя і зяці, і дочкі тут у мяне… Я на жыццё не наракаю. Штотыдзень аўталаўка прыходзіць Што хочаш – сабе купіш: памідоры, агуркі, нават крабавыя палачкі. Вось газету не выпісваю. Будзе паштальён мне адной яе за колькі вёрст насіць. – Баба Клёня зноў пераводзіць позірк на вакно. За ім не сціхае дождж. А на стале асыпаюць попельна-блакітныя пялёсткі васількі, – букет для Клеапатры.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 172 queries