Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Каркоцкія – дынастыя паштовая

«Наша родная пошта» – менавіта так, па-свойску, называе Вілейскі рэгіянальны
вузел паштовай сувязі сям’я Каркоцкіх, агульны стаж работы прадстаўнікоў якой на
прадпрыемстве больш за паўвека.

Працоўная дынастыя – гэта прадстаўнікі адной сям’і, розныя пакаленні якой працягваюць справы сваіх бацькоў, ідуць па іх слядах, перадаюць сваё майстэрства, імкнуцца рабіць сваю працу на “выдатна” на адным прадпрыемстве ці ў арганізацыі. Пацвярджэннем гэтай добрай традыцыі з’яўляецца гісторыя працоўнай дынастыі віляйчан, якія працуюць у Вілейскім рэгіянальным вузле паштовай сувязі, пачынаючы з 1983 года і па гэты дзень. Агульны стаж працы паштавікоў Каркоцкіх, пра якіх пойдзе гаворка, складае больш за 63 гады.

Родапачынальнікам працоўнай дынастыі стала Наталля Міхайлаўна Каркоцкая, якая яшчэ, як кажуць, у мінулым стагоддзі, у сакавіку 1989 года, прыйшла працаваць на пошту. Нарадзілася Наталля Міхайлаўна у вёсцы Пушча Лагойскага раёна. У маладосці ўладкавалася на працу на камутатар у Барысаве. Калі выйшла замуж і пераехала жыць у Вілейку, меркавала таксама тут працаваць на камутатары, але на той час вольных месцаў па гэтай прафесіі на вілейскай пошце не было. Таму Наталля Каркоцкая працавала спачатку сакратаром-машыністкай на пошце, а з 1989 года – інструктарам-інспектарам па эксплуатацыйных і арганізацыйных пытаннях. За часы працы на пошце Наталля Міхайлаўна скончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. З верасня мінулага года Наталля Каркоцкая з’яўляецца начальнікам участка апрацоўкі і абмену пошты.

– Усё свае жыццё працую ў гэтай сферы і змяніць прафесію ніколі нават і думкі не прыходзіла, – дзеліцца з намі Наталля Міхайлаўна. – На вілейскай пошце працую больш за трыццаць год, мая праца падабаецца. Гэта, напэўна, бачылі заўжды і мае дзеці, таму прыйшлі ў гэту прафесію таксама.

І сапраўды, тут, на пошце, працуе і дачка Алеся, і сын Андрэй з дынастыі Каркоцкіх. Дачка Алеся Мікалаеўна прыйшла працаваць на пошту адразу пасля заканчэння эканамічнага ўніверсітэта, так тут і працуе ўжо 18 год. Пачынала сваю працоўную дзейнасць спачатку аператарам сувязі ў 2001 годзе, затым працавала начальнікам аддзялення паштовай сувязі “Вілейка-1”, а з 2011 года з’яўляецца начальнікам цэнтральнага аддзялення аддзялення паштовай сувязі “Вілейка-4”. Пасада адказная, але як вопытны паштавік, Алеся Мікалаеўна робіць сваю справу на “выдатна”, аб гэтым сведчаць водгукі калег і адміністрацыі.
Андрэй Мікалаевіч, сын Наталлі Каркоцкай працуе на пошце з 2015 года на пасадзе вадзіцеля аўтамабіля Вілейскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі, хаця ў свой час скончыў аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці тэхнічнае абслугоўванне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Але сямейныя традыцыі пераважылі – і зараз ён прадаўжальнік працоўнай дынастыі. Дарэчы, тут працуе і яго жонка, якая таксама цяпер з паштовай дынастыі Каркоцкіх.

Так любоў да пошты Наталлі Каркоцкай перадалася яе дзецям. Працоўная дынастыя Каркоцкіх – лепшы паказчык адданасці сваёй працы і лепшы прыклад таго, як адданасць адной установе можна перадавацца з пакалення ў пакаленне. А ў сучасным свеце, дзе ўсё ахоплена імклівай віхурай падзей, спраў, навін; дзе чалавечыя радасці і трывогі тонуць у патоку інфармацыі, а жывыя зносіны выцясняецца кароткімі фразамі ў сацыяльных сетках; дзе ні на што не хапае часу, менавіта сямейныя працоўныя традыцыі застаюцца надзейным прызначэннем кожнага чалавека. З’яўляюцца найважнейшымі сямейнымі каштоўнасцямі. Адной з такіх традыцый можна назваць і існуючую ў сям’і Каркоцкіх любоў да адной прафесіі, якая перадаецца ад бацькоў да дзяцей, а затым будзе перадавацца і ўнукам, праўнукам.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries