Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Карані

Улетку не пазнаю сваю вёсачку – маленькую, лясную і, як цяпер прынята называць, неперспектыўную. Якая ўжо тут перспектыва, калі ў ёй засталося толькі трое сталых жыхароў, што тут зімуюць. Усе астатнія – дачнікі, якія актыўна перасяляюцца з гарадскіх кватэр у вясковыя хаты з надыходам вясны. І ажываюць старыя падворкі галасамі ўжо новых гаспадароў, напаўняецца вуліца дзіцячым смехам.
Аляксандр і Вольга – маладыя мастакі з Мінска. У іх сям’і падрастаюць трохгадовая дачушка і сынок, якому нядаўна споўніўся год. Маладыя некалькі гадоў таму прыдбалі хатку, паціху давялі да ладу тэрыторыю ля яе. Любяць мінчане пахадзіць па траве басанож і малышню сваю прывучаюць да гэтага. А што ў лес, да якога ад хаты рукой падаць, дык усе разам сходзяць у ягады – нехта адзін гуляе з малымі на сцежцы, а другі, глядзіш, і назбірае для іх суніц уперамешку з чарніцамі. З задавальненнем ласуюцца дзеці.
– Тут такое паветра, што дыхаеш – не надыхаешся. Чысціня! Не тое, што ў горадзе, – разважае Аляксандр, – таму хочацца, каб малыя былі тут як мага больш. Нам у вёсцы вельмі камфортна.
Нават мінулы Новы год мінчане вырашылі сустрэць на дачы, удалечыні ад гарадской мітусні. Усю ноч ззяла агеньчыкамі ёлка ў іх акне, і неяк нязвыкла цёпла на сэрцы было ад гэтага.
У азначаныя дні дачнікі збіраюцца да аўтакрамы. Наўмысна прыходзяць загадзя, каб паспець пасядзець, пагутарыць, абмяняцца навінамі. Тут і пра агароды размовы, і пра рамонты,і пра нарыхтоўкі, і пра ўсё, хто хвалюе.
– Учора прачнулася рана-рана, ледзь сонейка ўзышло, – пачала расказваць яшчэ адна мінчанка . – Люблю ўлетку падымацца рана. Прысела на лавачцы ў двары з кубачкам кавы, а навокал такая любата! І паветра чыстае-чыстае… Раптам бачу бакавым зрокам – нехта ідзе па вуліцы. Зірнула – і аслупянела: лось! Ідзе так спакойненька, не баючыся. Мяне ўбачыў – і хоць бы што. А ў мяне душа ў пятках… Як мінуў наш двор, я хутчэй у хату.
Расказанае звычайна бурна ўсе абмяркоўваюць. Кожны знаходзіць што сказаць: і пра лясных птушак, што асвоіліся ў вёсачцы; і пра дзікіх кабаноў, якія ўмудраюцца нават рыць у некага бульбу; і пра небяспечнае суседства з восамі… Слухаеш сталічных мастакоў, педагогаў ды будаўнікоў і разумееш, што ўсіх нас звязвае агульнае – вясковыя карані. Таму так і цягне сюды, у зялёны куток Вілейшчыны, на прыроду. І жыве вёска…

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 41 queries