Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Камень над Свірскім возерам займаў адметнае месца ў творчасці і жыцці пісьменніка Ігнація Ходзькі

На шэсцьдзесят шостым годзе жыцця  1 жніўня 1861 года ў маёнтку Дзевятні абарвалася жыццё нашага земляка, шырока вядомага ў той час, пісьменніка Ігнація Ходзькі. У мінулым 2015 годзе споўнілася  220 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, але гэта дата засталася амаль незаўважанай. Наступная, хоць і сумная дата, якая адбылася  ў гэтым  годзе – 155 гадоў з часу адыходу з жыцця Ігнація Ходзькі, выклікае смутак, але дае падставу звярнуцца да асобы вядомага пісьменніка, да некаторых падзей яго жыцця, асабліва апошніх, паспрабаваць высветліць, што выклікала яго даволі ранні адыход.

Калі азірнуцца на ўвесь жыццёвы і творчы шлях Ігнація Ходзькі, то склаўся ён надзвычайна ўдала і шчасліва. Атрымаў грунтоўную адукацыю. Скончыўшы школу для шляхецкіх дзяцей у Барунах, паступіў у Віленскі ўніверсітэт на факультэт літаратуры і вольных мастацтваў. Там пазнаёміўся з антычнай, рымскай і польскай літаратурай, вывучаў  археалогію, філасофію, французскую, італьянскую, нямецкую, расійскую мовы  і шмат чаго іншага. Па заканчэнні атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Стала асеў у маёнтку Дзевятні, спадчыне  па дзеду, што на Вілейшчыне. Так ён пісаў пра тагачаснае жыццё: «Асеў у доме вольны, свабодны і незалежны, але прыйшлося з неахвотай брацца за гаспадарку, хаця больш цягнула да паэзіі, чым да плуга». Адбыліся першыя літаратурныя спробы, яго вершы і гумарыстычна-сатырычныя артыкулы друкаваліся ў «Бруковых ведамасцях» і часопісе «Віленскі дзённік». Паспяхова займаўся грамадскімі справамі, удзельнічаў у розных камісіях, займаў розныя павятовыя пасады, выбіраўся дэпутатам ў губернскія органы. У Дзевятнях наладжваў паэтычныя вечары, пасля якіх з’явілася многа сяброў-літаратараў. З паэтамі Антоніем Адынцом і Юльянам Корсакам сябраваў ўсё астатняе жыццё. Ажаніўся з Людвікай Мацкевіч, дачкой гаспадара суседняга маёнтка Рускае Сяло. Нарадзілася дачка Станіслава, пазней, у дачкі нарадзілася пяцёра дзяцей.

Удзельнікі “ экспедыцыі” над Свірскім возерам

З прозай таксама праблем не ўзнікала.  У 1829 годзе ў альманаху «Мелітэле», які выдаваў  Адынец у Варшаве, была надрукавана аповесць «Падданы». Першую  спробу ў прозе  падтрымалі Адам Міцкевіч і сябры-літаратары. Затым пачалі выходзіць з друку гумарыстычныя  апавяданні, аповесці ў рамантычным стылі. Аўтар звярнуўся да мінулага нашага краю, да паданняў з дзяцінства, да дамашняга быту і  звычаяў ліцвінаў, паказваў хараство і маляўнічасць роднай прыроды. Творы былі пранікнуты вялікай цікавасцю і любоўю да гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

З 1840 года аповесці пісьменніка Ігнація Ходзькі пачалі выдавацца серыямі ў друкарні і на кошт Іосіфа Завадскага пад агульнай назвай «Ліцвінскія малюнкі», затым «Ліцвінскія паданні»  аб яшчэ больш далёкім мінулым нашага краю.  З 1829 па 1861 год было напісана і выдадзена звыш 20-ці аповесцей аб легендах і паданнях, аб жыцці вёсак і мястэчак, аб цікавых мясцінах, аб гісторыі нашага краю. У паказе краявідаў пяро пісьменніка параўноўвалі з пэндзлем мастака-жывапісца. У творах літаратуразнаўцы, напэўна, аматары статыстыкі налічылі 84 мужчынскія тыпы і 15 жаночых, паказаных яскрава, з жыццёвай праўдай.

Як мы ведаем, у ХІХ стагоддзі сучасныя Беларусь і Літва былі «Паўночна-заходнім краем», а частка Польшчы, якая адышла да Расійскай імперыі пасля падзелу, называлася «Варшаўскім герцагствам». Польская крытыка спачатку аднеслася да творчасці правінцыяльнага пісменніка даволі прыхільна. Пазней, пасля таго, як аповесць «Дзённікі квестара»   прынесла аўтару шырокую вядомасць, была перакладзена амаль на ўсе еўрапейскія мовы, у тым ліку і на расійскую, прыхільнасць пачала знікаць. Пісьменніка пачалі вінаваціць у прастаце сюжэтаў, у недасканаласці польскай мовы – шмат мясцовых слоў і выразаў, у нежаданні пісаць аб сучаснасці.  Тым не менш, свядомага ліцвіна Ігнація Ходзьку, крыху прынізіўшы  яго літаратурную творчасць, прызналі таленавітым польскім пісьменнікам.  Пазней яго біяграфію з творчым шляхам ўключылі ў Альбом заслужаных палякаў, гісторыю літаратуры польскай і іншыя энцыклапедычныя выданні. На беларускаю мову перакладзена толькі некалькі апавяданняў і фрагменты аповесці «Дзённікі квестара» ў 2000 годзе.

Сёння мы не можам ведаць, як адносіўся Ходзька да крытыкі, напэўна, было не вельмі прыемна, але гэта можна было перажыць. Сапраўды цяжкія выпрабаванні, пасля чатырох дзесяткаў  гадоў паспяховай літаратурнай працы і грамадскай дзейнасці, асабістага жыцця без асаблівых турбот,  пачаліся ў 1858 годзе.

8 красавіка, такая дата выбіта на надмагільным камяні ў Войстаме, пайшла з жыцця  адзіная дачка Станіслава. Вядома,  адна бяда не прыходзіць.

Да 6 верасня, дня наведвання горада Вільні царом Аляксандрам ІІ, Віленская часовая археалагічная камісія падрыхтавала прывітальны альбом, у які увайшлі верш Антонія  Адынца, нарысы Адама Кіркора і Мікалая Маліноўскага, хвалебны артыкул Ігнація Ходзькі. На  аўтараў абрынуліся абвінавачанні ад мясцовых польскіх патрыётаў і нават ад сяброў. Пра Ходзьку ў артыкуле «Адступнікі», надрукаваным у Літаратурным дзённіку, пісалі: «адрокся ад Польшчы, забіў яе ў сваёй душы». Адазваліся на гэту падзею і ў Варшаве і ў Парыжы. Пазней знайшлося тлумачэнне з’яўлення хвалебнага альбому.  Аўтары марылі аб стварэнні пры Часовай археалагічнай камісіі навуковых курсаў, што магло стаць пачаткам узнаўлення закрытага, пасля падзей 1831 года віленскага ўніверсітэту, аб наданні археалагічнай камісіі статуса навуковага таварыства. Але мары і вялікія надзеі стваральнікаў альбому не здейсніліся.

Яшчэ адна непрыемнасць чакала ў створаным  царскім урадам  губернскім  камітэце па аграрнай рэформе, дзе Ходзька займаў пасаду намесніка старшыні. У падпісным лісце аб вызваленні прыгонных сялян ён і старшыня камітэту Дамейка выказалі сваё асаблівае меркаванне па гэтаму пытанню. На іх погляд, метады правядзення рэформы могуць прывесці да зніжэння і, нават, развалу сельскагаспадарчай вытворчасці. На іх надоўга паставілі кляймо «прыгоннікаў». Але адбылося так, як яны і меркавалі.

Не цяжка здагадацца, як чарада гэтых маркотных падзей адбілася на настроі пісьменніка, яго маральным стане і здароўі. Свае думкі і адчуванні ў гэты перыяд Ігнацій Ходзька выказаў у сваім апошнім вершы «Мой камень над Свірскім возерам». Урывак з ліста пісьменніка да свайго сябра Антонія Адынца, ад 17 ліпеня 1861 года, і верш у тым жа годзе быў надрукаваны ў кнізе «Жыццё і творы Ігнація Ходзькі праз Уладзіслава Сыракомлю» (Кандратовіча). У лісце Ходзька піша: «…уключаю табе тут маю самотную і хіба апошнюю імправізацыю. Павандраваў цяпер па слядах маіх шчаслівейшых гадоў, між іншымі каля каменя над Свірскім возерам, пакладзеным калісьці і названым маімі сябрамі «Камянём аўтара ліцвінскіх малюнкаў». Такая мяне сентыментальнасць агарнула, такі сумны зварот да самаго сябе, такое мноства пачуццяў, што міжволі ўзяўся за аловак. Але дзе ж там выказаць у словах, што чалавек ў асаблівых хвілінах адчуваць можа!»

Некалькі год таму назад, аўтар гэтых  радкоў, зрабіў пераклад верша з польскай мовы, можа не вельмі  паэтычны, бо вельмі  стараўся найбольш дакладней перадаць стан і пачуцці аўтара.

МОЙ КАМЕНЬ
над возерам Свірскім
Знецярпелы ад болю, няшчасця і нягод,
Штодня ламаюся ў цяжкіх жыццёвых іспытах,
Блукаю, як цудам ўваскрэслы прывід,
Па маіх успамінах і магільных плітах.
Блукаю і думаю, і аддаляюся спехам,
Каб некага тут не сурочыць з людзей,
Каму б у сэрцы адазвалася рэхам
Тое слова, якое мне наймілей.
Калісьці абапёршыся на тым валуне,
Пускаючы з хвалямі мае думкі паўсонныя,
Як ў рухомых малюнках бачылася мне,
Былое пагоднае і  прышласць праменная.
Сёння  – ох! Сёння! Літасцівы Божа!
Былое імгліцца мне, як цені у далі,
А прышласць! – быць  на што падобна можа?
Разбітая лодка на знікаючай хвалі.
І адразу патоне, а над гладдзю вады,
Дзе мяне напаткалі ўспамінаў чароўныя імгненні,
Дзе мне рай калісьці прадвяшчаў век малады,
Застанецца камень – і людзі каменне.
(1861 года, ліпеня 6-га дня)

1 жніўня нашага земляка, таленавітага пісьменніка не стала, пахаваны ён побач з дачкой на могілках у мястэчку Войстам Смаргонскага раёна.

У пісьменніка з самага дзяцінства былі асаблівыя  адносіны да камянёў. Аб гэтым ёсць сведчанні і ў яго творах, і ў літаратурных працах сяброў. Першы з такіх камянёў-валуноў знаходзіцца на правым баку дарогі з Касцяневіч на Княгінін на ўездзе ў маёнтак Заблошчына, сёння – там касцяневіцкая бальніца. Каля яго ў дзяцінстве ён забаўляўся з сябрамі, а вечарамі, седзячы на камяні, слухаў цікавыя гісторыі аб мінулым ад дзеда Мацея Відманта, аб гэтым вядома з першых апавяданняў пісьменніка. Па ўспамінах Адама Кіркора, у маёнтку Дзевятні, дзе Ходзька пражыў большую частку жыцця, камянямі быў упрыгожаны ўвесь сад, з камянёў зробены сталы і лаўкі.

Камень над Свірскім возерам займаў адметнае месца ў творчасці і жыцці Ігнація Ходзькі. Аб гэтым сведчаць у сваіх творах сябры пісьменніка Адам Кіркор, Уладзіслаў Сыракомля. Габрыэля Пузына  ў кнізе «У Вільні і Літоўскіх дварах» апавядае пра паездку з Дабраўлян на рыбу на возера Свір, яна піша: «Прыстанню быў шынок Каменка, на шляху паміж Свірам і Вішневам і камень каля берага – любімае месца адпачынку аўтара «Малюнкаў», які, там праязджаючы, заўсёды  на ім сядзеў у роздуме,  а, заглядзеўшыся ў сінюю далеч і на белаватыя сцены манастыра,задумаў сваю аповесць «Восень у манастыры» (манастыр Засвірскі, на супрацьлеглым баку возера).

Невялікі пагорак  на беразе Свірскага возера з камянём-валуном, звязаным з творчасцю  і жыццём знакамітага  пісьменніка Ігнація Ходзькі, сёння мог быць годным экскурсійным аб’ектам  нашага  рэгіёну, але каменя на сваім месцы няма.  Пагорак, да таго ж, з багатай і цікавай  археалагічнай  гісторыяй,  мае назву  «Селішча Хведзевічы».  Выявіў селішча і абследаваў у 1978 годзе наш зямляк з Мядзельшчыны, доктар гістарычных навук Міхал Чарняўскі, пазней, у 1979 і 1982 гадах, прадоўжыў даследаванні доктар гістарычных навук Яраслаў Звяруга, таксама наш зямляк. Устаноўлена, што раней на гэтым пагорку знаходзілася неалітычная стаянка першабытнага чалавека (І – ІІ тысячагоддзе нашай эры).

Але не толькі навукоўцы-археолагі даследавалі гэты пагорак, што неразрыўна звязаны з нашай гісторыяй і культурай. Раніцай 19 кастрычніка 2007 года з Вілейкі выправілася міжнародная «экспедыцыя» на пошукі каменя Ходзькі, у складзе Аляксандра Зайцава, Віталя  Кастэнкі, Анатоля Рогача, аўтара гэтых радкоў і фатографа-летапісца Аляксея Лужынскага. Раней, паасобку, мы там ужо пабывалі, працавалі з гістарычнымі картамі, але для ўпэўненасці не хапала спрэчак і калектыўнага меркавання. За дзень даследавалі з дзясятак розных камянёў. Знайшлі адзіны, які адпавядаў усім крытэрыям і быў годны знакамітага пісьменніка. Ён і сёння ляжыць сярод мноства драбнейшых камянёў у перасохлым рэчышчы невялікага ручая побач з пагоркам. Яго спіхнулі ў рэчышча, калі ў калгасах з’явіліся магутная тэхніка, каб пагорак разараць і, хоць ненаўмысна, пашкодзіць  культурны слой селішча нашых продкаў, але дзякуючы гэтаму селішча выявілі і даследавалі.

Не так даўно сустрэўся з Аляксандрам Зайцавым, на вялікі жаль, з усіх даследчыкаў нас засталося толькі двое. Успомнілі і абмеркавалі свае даследаванні, яшчэ раз упэўніліся ў  выніковасці пошукаў. Будзем чакаць, хто ж выцягне легендарны камень і пакладзе на яго гістарычнае месца.

Дзядзька Анатоль КАПЦЮГ.
Фота прадастаўлены аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 42 queries