Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі ў паветры водар ліпы…

Ёсць у лета асаблівая пара, калі над горадам разліваецца мядова-духмяны пах ліпы. Ён напаўняе паветра нечым блізкім, знаёмым, утульным…

Ліпавы водар дорыць білет у дзяцінства. У ім была абсаджаная ліпамі вуліца. Яны, высока імкнучыся ўгору, шырока распрасціралі сваё галлё. Бы вартавыя, ахоўваючы ад тлуму і мітусні ланцужкі дамоў паабапал дарогі. А за веснічкамі  – дом прабабулі.

З малалетства яна зведала, што такое вайна. Паспрабавала на смак горкі сірочы хлеб. З маладых год працавала на чужых людзей, не па ўзросце выконваючы цяжкую работу. Выйшла замуж, нарадзіла дзесяць дзяцей. Кожнаму госцю былі рады ў гэтай невялікай хаце, і хоць не заўсёды быў у ёй дастатак, але заўсёды хапала гасціннасці, шчырай ветлівасці і спагадлівасці. Няўмольны час забраў родных людзей, пакінуўшы светлыя пра іх успаміны.

Не пашкадаваў ён і ліпы, на якіх у дзяцінстве ладкавалі арэлі, пад лістотай якіх хаваліся ў спёку, ладзілі розныя гульні. Відаць, па мэтах бяспекі высачэзныя дрэвы аднойчы спілавалі. З гэтым сваю былую адметнасць вуліца страціла. Яна светлая, прыгожая, з дагледжанымі сядзібамі – але іншая. Час цячэ і жыццёвыя змены непазбежныя. Ды насуперак уладзе часу штогод узнаўляе ліпавы водар у памяці карціны і сюжэты мінулага.

Таццяна ШАРШНЁВА

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries