Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Каласы і васількі: штодзённае і духоўнае

Пра гэта некалі пісаў Максім Багдановіч. Пытанне актуальнае і сёння.

Змрочныя лістападаўскія дні наўрад ці могуць быць крыніцай вясёлага настрою. Хутчэй наадварот, восенню звычайна, як кажуць, накрывае хандра. А сёлета, калі да гэтага дадалася яшчэ і пандэмія каронавірусу, многія з нас адчулі яе яшчэ мацней. Дзе шукаць той пазітыў, які дапаможа ўнесці ў жыццё светлыя моманты, афарбаваць яго ў яркія фарбы? На гэта ў кожнага з нас, напэўна, свой адказ. У вядомай на Вілейшчыне Антаніны Гарчаковай, якая ў ваеннае ліхалецце спазнала на сабе ўсе жахі канцлагера, перажыла іх і выстаяла, каб затым многа гадоў аддаць настаўніцтву, ёсць на гэты конт свае меркаванні, якімі яна падзялілася.

– Жыццё пражыць – не поле перайсці, – пачала Антаніна Іванаўна. – Гады як хуткакрылыя птушкі праляцелі. Памятаю, як няпроста было ўсвядоміць сябе пенсіянерам. Для чалавека, які ўсё сваё жыццё быў з людзьмі, гэта надзвычайна цяжка. Таму я вырашыла, што трэба жыць цікава, з карысцю для іншых. Вырашыла – і зрабіла: так пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з’явілася літаратурная гасцёўня, у якую я пастаралася сабраць амаль што ўсіх членаў гуртка «Дзеці вайны». Многія з іх пазней выдалі кніжкі сваіх вершаў. У бібліятэцы ёсць стэнд «Творчаць мясцовых паэтаў», дзе гэтыя кніжкі прадстаўлены. Дарэчы, у свой час выстава была высока ацэнена ў Мінску. Цікава жылі мы ў сваёй гасцёўні: абмяркоўвалі творы, дзяліліся вопытам, ездзілі па школах раёна, дзе таксама сустракаліся з творчымі лю­дзьмі.

Гадоў некалькі назад Антаніна Іванаўна пазнаёмілася з сацыяльным работнікам Зінаідай Смолік. Так, мусіць, распарадзіўся сам лёс, каб гэтыя жанчыны сустрэліся. На той час Антаніну Іванаўну суправаджалі праблемы: быў цяжкі пералом рукі, якая пяць месяцаў была ў гіпсе; як толькі знялі гіпс – здарыўся інфаркт… Вось у такі перыяд жанчыны і пазнаёміліся.

– Для мяне сацыяльны работнік – не проста памочніца, якая памые ў хаце, прынясе прадукты, – разважае Антаніна Іванаўна. – Вышэй за гэта я цаню духоўнае. Памятаеце, у Максіма Багдановіча ёсць такія радкі: «Добра быць коласам, але шчаслівы той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?» Так паэт вобразна сказаў пра важнасць духоўнага ў нашым штодзённым жыцці. А Зінаіда Васільеўна якраз той чалавек, з якім можна пагутарыць на самыя розныя тэмы, падзяліцца навінамі, параіцца. Гэта жанчына, на долю якой выпала таксама нямала выпрабаванняў, стала для мяне вельмі блізкім чалавекам. Ёй, сіраце, выпала расці і вучыцца ў інтэрнаце, затое сёння ў яе добрая сям’я – муж, сын, свякроў, і гэта важна.

Цяпер, у час пандэміі, Антаніна Іванаўна крыху ра­дзей выходзіць з дому. Ды тут і не толькі ў каронавірусе справа – ёсць праблема з суставамі, якія яна зараз лечыць. Аднак без справы не сядзіць: чытае газеты, не забываецца весці свой дзённік, займаецца пасільнымі хатнімі справамі. І ў гэтым графіку асобнае месца адводзіцца дням, калі яны сустракаюцца з Зінаідай Васільеўнай, бо шчырыя чалавечыя зносіны, упэўнена Антаніна Іванаўна, – гэта надзвычай важна і патрэбна кожнаму.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries