Святкаванне Дня незалежнасці ў Вілейцы мяняе фармат: дабаўляюцца новыя пляцоўкі, рэпеціруюцца адмысловыя формы, запрашаюцца вядомыя артысты, а тутэйшыя ансамблі выступяць у незвычайным для іх амплуа. Аб творчых «навінках» паведаміла карэспандэнту раёнкі дырэктар Вілейскага Палаца культуры Алеся Высоцкая, рэжысёр.
Уся праграма, што мае назву «Мая цудоўная зямля», разлічана на тры дні. Першай адкрыецца пляцоўка па вуліцы Камарова – увечары 1 ліпеня тут адбудзецца літаратурна-музычная прэзентацыя да 80-годдзя са дня нараджэння вядомага вілейскага паэта Івана Лашуткі «Я вершу свой лёс давяраю». Вечарына ў музычным суправаджэнні народнага калектыву «Элегія» будзе прэзентавацца ў рамках праекта «Незабыўныя імёны Вілейшчыны». Пасля яе заканчэння ўсе жадаючыя змогуць трапіць на канцэрт фартэпіяннай музыкі Леаніда Левашкевіча «Віртуозы Пецярбурга».
Увечары другога ліпеня збіраемся каля Дрэва сяброўства на плошчы імя Леніна, каб разам сустракаць гасцей з гарадоў-пабрацімаў Вілейкі. У іх гонар прагучыць невялікі канцэрт «Вечар сяброўства». Затым усіх запрашае Вільянін хутар, дзе ўжо раскіне палаткі «Рыцарскі гарадок». Сваю адмысловую праграму пакажуць вілейскі ваенна-гістарычны клуб «Паходня», «Смаргонская харугвія» і клуб лучнікаў з Мінску.
Святочны дзень 3 ліпеня пачнецца з мітынгу на плошчы Свабоды, а асноўная дзея – «Зямля з блакітнымі вачыма» – на сваім традыцыйным месцы, у Дубаўцы. Як расказала Алеся Высоцкая, асаблівасцю праграмы стане маштабная тэатральна-музычная пастаноўка (рэжысёр- пастаноўшчык Ірына Сідарэвіч), што за некалькі хвілін сродкамі музыкі і харэаграфіі творча прадставіць асноўныя гістарычныя этапы беларускай дзяржаўнасці. Адначасова ў ёй будуць задзейнічаны больш за 100 артыстаў: харэаграфічныя калектывы, народны хор «Любанія», аркестр школы мастацтваў, а таксама ўдзельнікі ваенна-гістарычных клубаў.
А ўвечары Вілейку завіхурыць і ператворыць у «Танцуючы горад» рэтра-канцэрт «Назад у СССР». Хіты 80-х гадоў мінулага стагоддзя выканаюць вядомыя і любімыя вілейскія калектывы. Між іншым і тут не абыдзецца без сюрпрызаў, якія, як вядома, раскрываць нельга. Хіба толькі адзін: прыходзьце і пабачце на свае вочы наш адказ «Бурановским бабушкам» – калектыў «Бабье лето» выканае хіты «Еўрабачання».
Затым – віляйчане хорам у некалькі тысяч галасоў далучацца да рэспубліканскай акцыі «Пяём гімн разам», фінальным акордам свята прагучыць феерверк. А замест эпілога – канцэрт зоркі беларускай эстрады Сяргея Славянскага.
«Складаючы праграму свята, мы мелі намер даць магчымасць кожнаму выбраць і наведаць мерапрыемствы на свой густ, спадзяемся, гэта атрымаецца», зазначыла рэжысёр свята.
Ірына ТРУБАЧ
Каким будет День Независимости в Вилейке
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


