Хачу электрычную пліту… Гэта жаданне вілейскай пенсіянеркі, якая на днях наведалася ў рэдакцыю.
– Жыву ў горадзе ў прыватным доме, – расказала пра сябе жанчына. – На маёй кухні зараз стаіць газавая пліта, якую супрацоўнікі газавай гаспадаркі патрабуюць замяніць, маўляў, сваё ўжо адслужыла. Я згодна, што пліту трэба замяніць. Толькі вось у мяне ёсць жаданне ўстанавіць не газавую, а электрычную. Як кажуць, у духу часу… Хацелася б даведацца, ці можна гэта зрабіць і з чаго пачынаць.
Пытанне віляйчанкі мы адрасавалі спецыялістам раёна электрычных сетак.
– Тэарэтычна гэта зрабіць можна, – адзначылі ў арганізацыі, – але шчыра скажам, пакуль чаргі з жадаючых замяніць газавую пліту на электрычную ў нас няма. Для пачатку чалавеку неабходна звярнуцца ў нашу арганізацыю, каб атрымаць адказ на пытанне, ці ёсць тэхнічныя ўмовы для таго, каб устанавіць у доме электрапліту. Самі разумееце, гэта ж будзе дадатковая нагрузка на сеткі… Там, дзе яны новыя, асаблівых пытанняў не ўзнікне, а вось калі старыя, то праблема будзе. Так ці інакш, будзе разбірацца наша арганізацыя. Пасля гэтага жадаючаму мець на кухні электрапліту трэба будзе яшчэ звярнуцца ў «Энерганагляд» і ў райвыканкам і атрымаць тэхнічныя ўмовы ў РЭСе.
Такі вось агульны план, па якім павінна дзейнічаць наша чытачка. Брацца за гэту справу ці пачакаць – вырашаць ёй.
Ірына БУДЗЬКО