Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

КАБ ПАМЯТАЛІ. Аб чым расказала сціплая папка «для папер»

Не ў напамінак тым, хто і так нясе ў сваёй душы застаялы смутак і вечную боль, гэта газетная рубрыка. Яе амаль загадны тон для таго, хто павінен памятаць.  Не абцяжарваць сэрца чорствым раўнадушшам, бо гэта груз, які праз некаторы час вернецца бумерангам да нашых дзяцей, унукаў і блізкіх.  І тады адбудзецца тое самае забыццё памяці, аб’ектам якога станем мы самі. І справа, магчыма,  нават не ў тым, як мы будзем гучаць у гісторыі, а якой будзе сама гісторыя, пазбаўленая імён яе стваральнікаў. Першай на прэм’еру рубрыкі «Каб памяталі» адгукнулася Таццяна Жук, педагог дзіцячай школы мастацтваў.

Перада мной – сціплая, ужо злёгку пацёртая ад даўняга захавання, папка «для папер», шчыльна завязаная чырвонымі тасёмкамі. А ў ёй – хроніка жыцця знакамітага чалавека, некалі вядомага на Вілейшчыне. І не толькі з-за свайго службовага становішча. Генадзь Францавіч Бальчэўскі, бацька Таццяны Жук, пяць год (з 1972 па 1980) працаваў у апараце Вілейскага райкама партыі, спачатку – інструктарам, пасля – загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі. Згодна службовых абавязкаў курыраваў сферу культуры. І меў да яе, прама скажам, сапраўдную чалавечую прывязанасць. Ды і працоўны шлях яго пачаўся з пасады дырэктара крывіцкага Дома культуры. На яе Генадзь Францавіч быў прызначаны ўжо тады, калі меў у сябе за спіной ладны кавалак жыццёвага шляху. Выхадзец з сінявокай Мядзельшчыны, ён скончыў школу фабрычна заводскага навучання. З пуцёўкай камсамола будаваў Камсамольск на Амуры. Гэтыя радкі з яго біяграфіі занатаваны ў папулярным некалі ідэалагічным выданні – часопісе «Политинформатор и агитатор». Тут апублікаваны артыкул Генадзія Бальчэўскага наконт ролі нагляднай агітацыі ў ідэйна-палітычным, працоўным і маральным выхаванні людзей.
Пасля службы ў арміі Генадзь Францавіч завочна скончыў вышэйшую прафсаюзную школу ў Ленінградзе. Працаваў інспектарам, намеснікам, затым загадчыкам вілейскага аддзела культуры. Па сутнасці менавіта гэта галіна вызначыла галоўны сэнс яго жыцця – рэзюмуе жонка нашага героя Галіна Пятроўна Бальчэўская ў сваіх кароткіх біяграфічных нататках. Адметна тое, што Генадзь Францавіч быў першым дырэктарам гарадскога Палаца культуры, 35-годдзе якога нядаўна адзначыла грамадскасць Вілейшчыны.
Не хочацца, каб радкі гэтыя гучалі як сумны некралог. Генадзь Бальчэўскі быў усмешлівым, захопленым, творчым чалавекам. Такое яго аблічча захавалі старыя, дастаткова пажухлыя ад часу фотаздымкі. Вось ён – сярод калектыву мастацкай самадзейнасці хлебазавода. Як мастацкі кіраўнік і адначасова выканаўца. Вось на сцэне ў якасці артыста народнага тэатра. Ён сапраўды валодаў акцёрскім талентам. Магу гэта смела сцвярджаць, бо не аднойчы даводзілася назіраць яго сцэнічную ігру. Найлепш, мне здаецца, Генадзю Францавічу даваліся жартоўна-гратэскныя ролі, уласцівыя жанру камедыі. Нездарма папка захоўвае адрасаванае яму запрашэнне рэктарата Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута на дыпломныя спектаклі сваіх выпускнікоў. А абласное ўпраўленне культуры пацвердзіла яго ўдзел у народным тэатры адпаведным пасведчаннем. Знаёмыя абрысы твару – на фотаздымку, дзе занатавана выступленне харавой капэлы Дома культуры на Рэспубліканскім фестывалі самадзейнага мастацтва ў Мінску (1967 г.). Як бачым, сённяшнія поспехі вілейскіх артыстаў сілкуюць глыбінныя карані мастацкай творчасці. Яны бяруць пачатак ад Міхаіла Мельніка, Сяргея Трыдзенскага, Генадзя Бальчэўскага, – усіх, што стаялі ля вытокаў і стваралі добрую славу вілейскаму краю.
Провады зімы, традыцыйнае свята ў Дубаўцы, якая некалі была месцам сустрэч былых народных мсціўцаў. Урачыстыя мітынгі і дэманстрацыі гараджан, прысвечаныя «чырвоным» датам календара… На ўсіх фотаздымках – эфект яго бачнай ці нябачнай прысутнасці. Інакш не знайшлі б яны месца ў сямейным архіве. Як і тыя, дзе Генадзь Бальчэўскі з калегамі і аднадумцамі ці то за сяброўскім сталом, ці на адпачынку ў гарадскім парку, ці на ганку былога райкама партыі. «Адных – няма, другія – ужо далёка», – так і хочацца адрасаваць гэтым фотасюжэтам вядомы афарызм, калі са зразумелым смуткам углядаешся ў знаёмыя некалі вобразы. І адзін з іх – што паслужыў пабуджальным матывам для гэтай публікацыі.
Як творчы чалавек, Генадзь Бальчэўскі спрабаваў сябе ў мастацкім слове. Яго пяру належаць некалькі вершаваных гумарэсак, лірычных вершаў і апавяданняў, якія захоўваюцца ў папцы «для папер» і якія ён, з-за сваёй прыроджанай сціпласці, пэўна, так і не здолеў вынесці на суд грамадскасці.
Буду ждать я неустанно –
Ты мне только покажись.
Должником твоим я стану
На оставшуюся жизнь.
Подари приветным взглядом,
Малость рядышком побудь.
Больше ничего не надо –
Только к чаю, что-нибудь.
Хоць часткова, але адно непаразуменне на нейкую яго долю выпраўлена. Цяпер пастараемся выправіць яшчэ адно. У час святкавання 35-годдзя юбілею гарадскога Палаца культуры вядучы сказіў імя першага яго дырэктара. Цяперашні дырэктар, Алеся Высоцкая, просіць цераз газету перадаць просьбу аб прабачэнні ўдаве Генадзя Францавіча – Галіне Пятроўне Бальчэўскай. І мы з задавальненнем яе выконваем. Людзям, кажуць, уласціва памыляцца, як людзям. І мудрасць не ў тым нават, каб не рабіць памылак, а каб іх не паўтараць.
Няхай светлае і добрае імя Генадзя Францавіча Бальчэўскага надоўга захаваюць сэрцы ўдзячных віляйчан.

Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота з сямейнага архіву Бальчэўскіх

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 38 queries