Гэта была не звычайная, а юбілейная сустрэча. 10 год нас збірае Ніна Жвалеўская, старшыня раённага савета педагогаў-ветэранаў. Ёй дапамагае Святлана Валынец, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Таццяна Цітуленка і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Шляпо.
На гэты раз нас прымала Нарацкая школа (дырэктар Сяргей Капцюг), старшыня савета ветэранаў школы Святлана Ганчар. Быў халодны марозны дзень. А цёплы прыём мы адчувалі ужо перад уваходам у школу. На ганку сустракалі дырэктар школы разам з калядоўшчыкамі. Апошнія спявалі калядныя песні і паказалі святочную сцэнку.
Сяргей Уладзіміравіч запрасіў нас у школу. А там жанчыны ў нацыянальных касцюмах віталі беларускай песняй і хлебам-соллю. Далей знаёмства са школай пачалося з наведвання краязнаўчага музея. Кіраўнік яго Міхаіл Кучко – чалавек улюбёны ў свой край. Тут сабраны багаты матэрыял: аб мінулым і сённяшнім Нарацкага краю, аб буйнейшых вёсках сельсавета, аб знакамітых земляках…
Зацікавіў нас раздзел з рознымі прыладамі сялянскага быту. Яшчэ пабывалі ў кабінеце працоўнага навучання. Гэта месца, дзе працуе таленавіты настаўнік Уладзімір Шапель. Цікавым яго захапленнем з’яўляецца ракетабудаванне. Яго вучні ўдзельнічаюць у спаборніцтвах і перамагаюць. Мы ўбачылі шмат мадэляў ракет. Затым нас правялі ў казачна прыбраную залу з ёлкай.
Упрыгожванне школы было зроблена сваімі рукамі пад кіраўніцтвам Вольгі Міклуш. Нас па-добраму ўразіла забаўляльная праграма мерапрыемства. Творчая група гаспадароў распрацавала сцэнарый «Машына часу» – вяртанне ў дзяцінства. На працягу сустрэчы ўвесь час з ветэранамі былі Аксана Гакуць, Аксана Максімовіч, Вячаслаў Насякайла, Вольга Мікуліч. Сцэнарый насычаны фрагментамі з кінафільма «Карнавальная ноч». Шчыра вітаў ветэранаў дырэктар школы Сяргей Капцюг.
Забыўшыся пра груз пражытых гадоў, ветэраны актыўна вадзілі карагоды з песнямі, спявалі караоке, удзельнічалі ў розных гульнях.
Акрамя выступленняў гаспадароў, удзел прынялі і госці. Спявалі Кастанцін Осіпаў (СШ №3) і Галіна Ханяўка (Людвіноўская школа), свае вершы эмацыянальна чытаў Віктар Кажура (гімназія №2). Ад школы №1 з віншаваннямі выступілі Зінаіда Галавенка, аўтар гэтых радкоў, Галіна Міроненка. Душэўна пад гітару спяваў сямейны дуэт Уладзімір і Ніна Жук знаёмую ўсім песню «Как здорово, что все мы здесь…» З музычным нумарам выступілі педагог музычнай школы Алена Апанасевіч (акардыён) і дырэктар установы Ніна Радзевіч (скрыпка). Як у дзяцінстве, да нас прыйшлі Дзед Мароз (Андрэй Гакуць) і Снягурка (Алена Капцюг). З імі дабавілася весялосці. Ветэраны ад іх атрымалі падарункі.
Мы ўбачылі дружны і таленавіты калектыў школы.
Трэба адзначыць і ўзаемадзеянне адміністрацыі школы, прафсаюзнай арганізацыі, музычнай школы і Дома культуры. Са словамі ўдзячнасці ў адрас кіраўніцтва школы, прафкама (старшыня Вячаслаў Насякайла), педкалектыва, савета ветэранскай арганізацыі выступілі Ніна Жвалеўская і Святлана Валынец. Яны высока ацанілі арганізацыю мерапрыемства, уручылі падарункі школе, узнагародзілі падзячнымі пісьмамі старшыню савета ветэранаў школы Святлану Ганчар. Усе ўдзельнікі каляднай сустрэчы засталіся задаволенымі. Мы сапраўды быццам вярнуліся з дзяцінства. Будзем чакаць новых сустрэч.
Галіна КАПЦЮГ, ветэран педагагічнай працы.
Фота прадстаўлена Святланай ВАЛЫНЕЦ