Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ёсць высокае званне ў жанчыны…

Тую першую сустрэчу з Уладзімірам Алена ўспамінае сёння з усмешкай.

– Жылі мы ў суседніх вёсках Нарачанскага сельсавета, я – у Вайдзенях, Валодзя – у Касічах. Ён тады працаваў у нашай гаспадарцы трактарыстам, а я толькі закончыла тагачаснае прафтэхвучылішча №48, атрымаўшы прафесію повара. Памятаю, трэба было ў вёсцы прывезці сена, і мама папрасіла маладога трактарыста… Так мы сустрэліся, пазнаёміліся, пачалі сябраваць. А неўзабаве і вяселле згулялі. Вырашылі з мужам жыць у вёсцы, і я пайшла працаваць на ферму. А ўсе веды повара прымяняю дома, бо вельмі падабаецца мне гатаваць, радаваць блізкіх смачнымі мясам, рулетамі, салатамі…

Кіраўніцтва сённяшняй гаспадаркі «Нарачанскія зоры», у якой працавалі і зараз працуюць муж і жонка Борысы, выдзеліла маладой сям’і добраўпарадкаванае жыллё, якое неўзабаве зазвінела дзіцячымі галасамі. Жэня, Ліза, Рома, Ваня… Яны – радасць і сэнс жыцця бацькоў, іх апора і надзея на будучае.

Так склалася, што бацькі і Алены, і Уладзіміра даволі рана пайшлі з жыцця, і маладой мнагадзетнай сям’і не даводзілася разлічваць на чыюсьці дапамогу.

– Ды мы і не думалі, што нам нехта павінен дапамагаць, – прызнаецца Алена Уладзіміраўна. – Усе нашы дзеткі жаданыя, любімыя, і мы былі ўпэўнены, што самі зробім усё магчымае, каб яны выраслі добрымі людзьмі. Таму і стараліся, каб яны з дзяцінства былі клапатлівымі,працавітымі, шчырымі.
Сёння Алена Уладзіміраўна і Уладзімір Іванавіч могуць ганарыцца дзецьмі і радавацца за іх. Так, старэйшы сын Яўген, які ўжо мае сваю сям’ю і хутка парадуе бацькоў трэцім унукам, закончыў Ільянскі аграрны каледж і зараз працуе ветфельчарам у «Нарачанскіх зорах». Адзіная ў сям’і дачка Лізавета стала медыцынскім работнікам, працуе медсястрой у Мінскай абласной бальніцы. Прафесію будаўніка абраў трэці сын Раман і паступіў на вучобу ў Маладзечанскі каледж, а самы малодшы, шасцікласнік Ваня, вучыцца ў Нарачанскай школе. Хлопчык расце творчым, нераўнадушным да прыгожага, займаецца музыкай, саломапляценнем.

Нядаўна Борысы адзначылі дваццаціпяцігоддзе сумеснага жыцця. На сярэбранае вяселле бацькоў сабраліся ўсе дзеці і самыя блізкія ім людзі. «І не заўважыла, здаецца, як гэтыя гады праляцелі, – прызналася Алена Уладзіміраўна. – Усё ў працы, у клопатах…»

Так склалася, што муж і жонка Борысы працуюць на адной ферме ў Касічах: яна – аператарам машыннага даення, ён – слесарам. Іх працоўны дзень пачынаецца вельмі рана – без пятнаццаці хвілін шэсць аўтобус гаспадаркі забірае іх і вязе на працу. Да гэтага часу Алена і Уладзімір ужо павінны ўправіцца са сваёй гаспадаркай, падрыхтаваць усё неабходнае для школы сыну.

– У нас двухразовая дойка, таму ўдзень прыязджаем дамоў, а ўвечары – зноў на працу, з якой вяртаемся недзе пасля дзевяці, – расказвае Алена Уладзіміраўна. – У такім рэжыме працуем круглы год. Ну, а ў вольны час заняты на сваёй гаспадарцы – усюды разам з мужам, падтрымліваючы адно аднаго. А разам яно ўсё лягчэй і прасцей…

Работа аператара машыннага даення нялёгкая, аднак мнагадзетная мама не скардзіцца. Наадварот, з цеплынёй у голасе гаворыць пра сваіх рагулек-выхаванак, якіх мае ў групе 58 галоў. І да кожнай патрэбен свой падход, бо карова, як і чалавек, любіць ласку і мае свой нораў. «У дрэнным настроі да іх не падыходзь, – дзеліцца Алена Уладзіміраўна. – Усё адчуваюць і адпаведна рэагуюць. А вось на ласку адказваюць ласкай і радуюць добрым надоем. Ёсць такія, што па трыццаць і болей літраў малака ў дзень даюць».

Алену Борыс у гаспадарцы паважаюць і называюць у ліку лепшых аператараў машыннага даення. У мінулым годзе ёй аказалі давер стаць удзельніцай раённага злёту перадавікоў, яе партрэт змясцілі на раённую Дошку гонару. Яна ж, у сваю чаргу, удзячна ўсім калегам па працы за давер’е, падтрымку і дапамогу, а яшчэ – дырэктару гаспадаркі Генадзю Кучко. «Ён з тых кіраўнікоў, хто заўсёды зразумее і дапаможа, – выказала сваё меркаванне Алена Борыс. – Строгі, справядлівы і, разам з тым, добры, просты, з ім можна параіцца не толькі як з кіраўніком, але і як са старэйшым братам ці сябрам. А гэта вельмі важна».

Адказная работа, дастойны заробак, павага калег і кіраўніцтва – усё гэта ў Алены Борыс ёсць. Так, гэта вельмі важна ў жыцці кожнай жанчыны. І ўсё ж… Самае галоўнае для яе, прызналася мнагадзетная мама, – гэта яе дзеткі. «Здаровыя і паспяховыя дзеці – шчаслівыя і мы, бацькі, – выказала галоўную думку Алена Уладзіміраўна. – Хіба ж можа быць нешта важней за дзяцей?!»
Наўрад ці патрабуе адказу гэтае пытанне. Гэта ісціна, пацверджаная жыццём. Урэшце, словы жанчыны высокага звання – мнагадзетнай мамы – наўрад ці патрабуюць пацвярджэння.

Ірына БУДЗЬКО.

На здымку: аператар машыннага даення ААТ «Нарачанскія зоры» Алена Борыс перад урачыстай сустрэчай у райвыканкаме з мамамі Вілейшчыны.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries