Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ёсць у жніва адметная рамантыка…

Галоўны інжынер ААТ «Нарачанскія зоры» Руслан Садоўскі, нягледзячы на сваю маладосць, чалавек у раёне вядомы. Наўрад ці назавеш іншага дваццацівасьмігадовага чалавека, за плячыма якога – чатырнаццаць уборачных кампаній і дзесяць з іх – у якасці галоўнага
камбайнера.

Руслан Садоўскі на ўборачнай. Жнівень 2019 года
Руслан Садоўскі на ўборачнай. Жнівень 2019 года

– Палова жыцця ў сельскай гаспадарцы, – з усмешкай канстатуе Руслан, – з пятнаццаці гадоў пачаў працаваць памочнікам камбайнера ў бацькі. Ды і ў дзяцінстве, памятаю, пастаянна дапамагалі з братам яму чысціць, мыць камбайн. Падабалася назіраць, як працуюць гэтыя магутныя машыны, і марыць пра той час, калі самі зможам кіраваць імі.

З кожнай уборачнай прыходзіла майстэрства, узмацнялася жаданне стаць поруч з прафесіяналамі і дабівацца высокіх паказчыкаў. І ў Руслана гэта атрымлівалася. Набраўшыся вопыту ля бацькі Андрэя Іванавіча, праз пэўны час ён сам стаў галоўным у маладзёжным экіпажы, які заўсёды быў у раённых лідарах на жніве. За гэты час хлопец закончыў школу, паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць у сельскай гаспадарцы», закончыў вышэйшую навучальную ўстанову. І ўсё роўна кожнае лета садзіўся за штурвал камбайна. Як і яго малодшы брат Павел, які штолета працуе ў камбайнавым экіпажы разам з бацькам. Ім, сынам хлебароба, прадаўжальнікам працавітай дынастыі, як нікому знаёма своеасаблівая рамантыка жніва. Яна не бывае без мазалёў і поту, без спякоты і пылу, але ўсё гэта – дробязі ў параўнанні з той вялікай справай, якую яны робяць, і з ўсведамленнем яе важнасці для грамадства.

На працягу многіх гадоў Руслан са сваім памочнікам Аляксеем Драчылоўскім працавалі на старым камбайне, які штогод старанна падладжвалі, рыхтуючы да жніва. Тры гады назад экіпажу выдзелілі новы КЗС, а гэта значыць, што працаваць стала камфортней. І паказчыкі гэтай працы радуюць. Так, па выніках жніва-2019 Руслан Садоўскі з памочнікам Уладзімірам Куліцкім паказалі другі вынік у сваёй гаспадарцы – больш за 1300 тон намалочанага збожжа. Ненамнога ўступілі яны знакамітым лідарам Аляксандру і Мікалаю Гарэлікам.

Паўгода назад Руслану Садоўскаму, дыпламаванаму спецыялісту і дбайнаму працаўніку, даверылі ў гаспадарцы пасаду галоўнага інжынера. Што і казаць, клопатаў цяпер у яго хапае: выпуск тэхнікі на лінію, навядзенне парадку на мехдвары, пастаноўка тэхнікі на захоўванне, рамонт і многія іншыя задачы стаяць зараз перад службай, якой кіруе галоўны інжынер. Канешне ж, няпроста было б навічку, але толькі не Руслану Садоўскаму з яго багатым вопытам працы ў сельскай гаспадарцы. А калі і ўзнікаюць пытанні, то маладому інжынеру заўсёды дапамогуць старэйшыя калегі, кіраўніцтва, якія яго ацанілі і ў яго паверылі.
– Вось гэтым сёння і жывём, – падвёў вынік размовы пра вытворчае Руслан.

Што датычыць асабістага, то і тут у яго ўсё добра: ёсць сям’я, падрастае дачушка, якой ужо хутка ісці ў дзіцячы садок – і жыццё ідзе сваім парадкам.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 151 queries