Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Іх імёны занесены на раённую Дошку гонару

У выбары прафесіі Людміле Корсак, інжынеру-тэхнолагу Вілейскага хлебазавода, дапамагло само жыццё. Так лічыць яна сама. Як і ўсе вясковыя дзеці, з маленства бачыла ўсю тую нялёгкую працу вяскоўцаў дзеля галоўнай і такой высакароднай мэты – забеспячэння людзей хлебам надзённым. Як аралі і сеялі, даглядалі пасевы і жалі ёй не трэба расказваць. Таму, напэўна, і не вагалася доўга, закончыўшы сярэднюю школу, а паступіла ў Маладзечанскі політэхнікум, на тэхніка-тэхнолага хлебапякарнай вытворчасці. Сваёй, блізкай здавалася і дзяўчыне, і яе родным гэта справа.

На Вілейскім хлебазаводзе Людміла Мікалаеўна з ужо такога далёкага 1980-га. Да гэтага адкрыла свой працоўны стаж у Маладзечне, але пацягнула сюды, бліжэй да бацькоўскага дома.
– Пачынала тэхнолагам, затым даволі працяглы час была майстрам, – расказвае жанчына. – І вось ужо каля года на пасадзе інжынера-тэхнолага.
Абавязкаў у Людмілы Мікалаеўны шмат. На ёй – кантроль за паўфабрыкатамі. Закваска, кіслотнасць, знешні выгляд вырабаў – чалавеку недасведчанаму няпроста ўявіць увесь гэты працэс ды і адказнасць за канчатковы вынік таксама. А ёй, кваліфікаванаму спецыялісту, вопытнай працаўніцы, справіцца з усім па плячы. І яна спраўляецца, рабіць сваю справу сумленна і старанна, усведамляючы, што яны, хлебазаводцы, даюць людзям самы галоўны прадукт.
– Лічу, што наш хлеб самы смачны, – дзеліцца Людміла Мікалаеўна і ў гэтым я з ёй поўнасцю згодна. – Цяпер не тое, што калісьці – выпускалі толькі хлеб ды батон. Зараз вунь які шырокі асартымент! На любы густ. Асабіста мне падабаецца хлеб з карыяндрам, яго і купляю. Дыетычныя вырабы таксама даспадобы ды і булачныя ў нас смачныя.
Цёпла, як пра самае важнае ў жыцці гаворыць жанчына пра завод. І пра кіраўніцтва – ранейшае і сённяшняе – у яе толькі добрыя словы. Як да мамы роднай, падзялілася, спяшаецца сюды, на завод. Як да мамы… А яе, мамы, ужо няма. Няма і таты, і бацькоўская хата ў родным Располлі, што на Вязыншчыне, пустуе… Прыедзеш, ступіш на родны падворак – і агорнуць успаміны. Пра маленства, юнацтва, пра той час, калі мама і тата былі жывыя… І пра вяскоўцаў думаецца, якія заўсёды былі як адна сям’я.
– А цяпер, мне здаецца, людзі зусім іншыя, – разважае Людміла Мікалаеўна. – Асабліва ў гарадах. Жывуць у адным доме, а кожны сабе. Нам, выхадцам з вёсак, гэта так нязвыкла…
І прыгадала жанчына, як лёгка і ў любую хвіліну можна было на нейкі час пакінуць дзіцятка на кагосьці з вяскоўцаў. Альбо тое, што тады, у гады яе дзяцінства, дзверы вясковых хат не ведалі замкоў. Так было. І вельмі шкада, што некалі…
Ёсць у жыцці маёй гераіні тое, што яна па праву лічыць галоўным сваім багаццем – сям’я яе адзінай дачушкі Таццяны. Так склалася, што гадавала яе адна, паспяваючы і на працы ўпраўляцца, і дома, і з дачушкай пазаймацца. Вывучылася Таццяна на біёлага, жыве і працуе ў Мінску, а што самае галоўнае – падарыла матулі цудоўнага ўнука Рыгорку, які ўжо стаў школьнікам.
– Люблю бываць у іх, – прызнаецца жанчына. – Кожную паездку стараюся не толькі пагасціць, але і наведацца куды-небудзь у сталіцы. Асабліва люблю Батанічны сад. Колькі там усяго цікавага!
Пра хобі Людмілы Мікалаеўны хобі, пра якое ведаюць яе знаёмыя, калегі па рабоце, сяброўкі – яна захапляецца кветкамі. Вясной, улетку і восенню падворак яе дома літаральна расквечаны ўсімі колерамі вясёлкі. Асаблівае захапленне – півоні. Розныя яны ў гаспадыні, а хочацца новых, экзатычных гатункаў. З такімі ж апантанымі кветкаводствам людзьмі яна падтрымлівае сувязь, раіцца, абменьваецца насеннем. Вясны чакае з нецярпеннем. Хоць і прыбавіцца тады клопатаў (не «на паверхах» жа жыве, а ў прыватным доме), але ж яны такія прыемныя!
Напрыканцы размовы, падводзячы вынік усяму, аб чым гаварылі, пацікавілася ў субяседніцы, ці ўсё ў яе склалася, ці задаволена тым, што сёння ёсць у яе жыцці. Яна ніколькі не задумвалася, адказала коратка: «Так. Задаволена». І сапраўды, падумалася, у яе жыцці ёсць усё: блізкія людзі, сябры, любімая работа, людская пашана… і кветкі. Чаго яшчэ жадаць жанчыне? Хіба што добрага здароўя – гэта нікому з нас не будзе лішнім.

Ірына БУДЗЬКО
Фота прадастаўлена Вілейскім хлебазаводам

Таццяна Аляксееўна Капцюг, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, у Вілейскай спецыяльнай школе-інтэрнаце працуе з 1984 года. Яе бацькі родам з Вілейшчыны, расказала падчас нашай сустрэчы Таццяна Аляксееўна, у свой час пераехалі ў Глыбоцкі раён, у маляўнічую вёску Псуя. Там яна нарадзілася, там прайшло яе дзяцінства. А потым бацькі вярнуліся ў Нарач, дзе з першага па восьмы клас яна і вучылася. Дзявяты і дзясяты класы, выпускныя, наведвала сярэднюю школу №1 у Вілейцы. Закончыла яе з залатым медалём і паступіла ў БДУ. Скончыўшы навучальную ўстанову, атрымала размеркаванне ў школу-інтэрнат, дзе працуе ўжо амаль трыццаць год. А нядаўна Таццяна Аляксееўна заняла пачэснае месца на раённым п’едэстале гонару.
Хоць навучальная праграма ў школе-інтэрнаце такая ж, як і ў агульнаадукацыйнай школе, толькі базавая, спецыфіка ў рабоце, безумоўна, ёсць. Тут навучаюцца дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення і асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця і цяжкасцямі ў навучанні. І калі галоўная праблема для першых – развіццё звязнага маўлення, то ў адносінах да другіх настаўніку важна знайсці падыход, свой ключык – да кожнага. «Дайсці да кожнага» – такім дэвізам кіруюцца тут.
– Галоўная праблема, – лічыць Таццяна Аляксееўна, – напэўна, гэта. А ў цэлым, галоўная мэта маёй дзейнасці і ўсіх настаўнікаў, педагогаў нашай школы – навучыць дзяцей гаварыць, чытаць, пісаць, разважаць, каб яны пайшлі ў жыццё сацыяльна адаптаванымі.
Яна выкладае беларускую мову і літаратуру на другой ступені навучання – з шостага па дзясяты клас. З першага па шосты клас (дадатковы год даецца для таго, каб дзеці маглі выправіць сваё маўленне) вялікую работу выконваюць настаўнікі пачатковых класаў – да іх часам прыходзяць дзеці, якія наогул не ўмеюць размаўляць. Яны ж, настаўнікі-пачаткоўцы, маюць другую вышэйшую адукацыю настаўнікаў-дэфектолагаў і вядуць лагапедычныя заняткі. Дзякуючы такім намаганням, многія вучні, паводле заключэння медыка-педагагічнай камісіі, выводзяцца са школы-інтэрната і потым навучаюцца ў звычайнай школе.
Калі настаўнікі агульнаадукацыйных школ могуць спадзявацца на бацькоў, то педагогам школы-інтэрната застаецца спадзявацца толькі на сябе. І запасціся цярпеннем, паўтараць матэрыял па некалькі разоў, каб вучні яго засвоілі. А калі вучань яго зразумее – тады пойдзе далей.
Выхавальнікі – тыя, хто ў пазакласны час замяняюць выхаванцам школы-інтэрната бацькоў. Яны прасочаць за выкананнем дамашняга задання, напомняць, а калі трэба – і прымусяць, тут ужо паблажкі няма.
– Не навучым мы – ніхто не навучыць, – кажа Таццяна Аляксееўна. І мае рацыю. – Што можам – мы ўкладаем, а далей ужо самі – як у іх хопіць цярпення, як у іх розуму хопіць.
Вучняў, якім хапіла гэтых якасцяў, у школе-інтэрнаце заўсёды ставяць у прыклад. У іх шэрагу – Віталь Жураўскі, сірата, які скончыў школу з адзнакай, потым – будаўнічы тэхнікум у Мінску, пасля – БНТУ, а затым паступіў на эканамічны факультэт і стаў выдатным спецыялістам. Калі б не паставіў ён перад сабой мэты, не ішоў да яе – гэтага магло і не быць.
– Кожны сам каваль свайго шчасця, – падводзіць рысу Таццяна Аляксееўна Капцюг.
Пераглядаючы папкі з рознымі заданнямі да ўрокаў – крыжаванкамі, малюнкамі, сачыненнямі, сінквейнамі і трыялетамі – і чытаючы прозвішчы вучняў, Таццяна Аляксееўна расказвае пра лёс кожнага, узгадвае выпадкі з урокаў. Аднойчы вывучалі «Незагойную рану» Васіля Быкава – як маці сямнаццаць год чакала сына. І адзін хлопчык настолькі блізка ўспрыняў гэта, што заплакаў. А клас апанавала мёртвая цішыня…
Для настаўніка, напэўна, гэта найвышэйшая ўзнагарода, калі вучні не проста слухаюць тое, што даносіць ён ім, але і адчуваюць душой. Калі яны не проста адбылі ўрок і пайшлі, а калі ім было цікава. Паспрабаваўшы некалі на ўроку ў Таццяны Аляксееўны ўпершыню зрыфмаваць радкі, некаторыя з яе былых вучняў сёння нават пішуць песні.
Таццяна ШАРШНЁВА.
На здымку: Таццяна Аляксееўна КАПЦЮГ са сваёй вучаніцай Янай РАЎПУК.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries