Перад будынкам селішчанскага комплексна-прыёмнага пункта я міжволі прыпынілася, залюбаваўшыся ім. Нічога не скажаш – установа, вартая аграгарадка. Яна пачала працаваць зусім нядаўна, прыкладна месяц назад, а ўжо, відаць па ўсім, стала месцам, куды шматлікія наведвальнікі прыходзяць з задавальненнем.
– Пад комплексна-прыёмны пункт у Селішчы выдзелены двухпавярховы жылы дом, які ўжо пэўны час пуставаў, – расказала напярэдадні маёй паездкі ў гэты аграгарадок дырэктар раённага камбіната бытавога абслугоўвання Аляксандра Салава. – Пры падтрымцы і мясцовай улады, і кіраўніцтва УП «Новая Вілія» адрамантавалі пабудову, набылі ўсё неабходнае для таго, каб селішчанцы і жыхары суседніх населеных пунктаў маглі атрымаць неабходную паслугу ці купіць патрэбнае. Нават трэнажоры купілі за ўласныя сродкі, навінку ўжо ацанілі мясцовыя жыхары.
Зацікавіла мяне расказанае Аляксандрай Генадзьеўнай, а літаральна праз дзень прадаставілася магчымасць убачыць усё сваімі вачыма – машына КБА ехала ў Селішча па вытворчых справах. Разам з начальнікам вытворчага аддзела раённага камбіната бытавога абслугоўвання Аляксандрай Ярашонак адправілася ў аграгарадок і я.
Як і належыць гаспадыні ўстановы, загадчыца КПП Алена Мандрык гасцінна сустрэла нас і пачала знаёміць са сваёй гаспадаркай:
– На першым паверсе ў нас размяшчаюцца цырульня, пакой, дзе ўстаноўлена пральная машына-аўтамат, а таксама прасторны пакой прыёму заказаў. Тут жа мы размясцілі і камп’ютар, дзе з задавальненнем бавяць час дзеці. А на другім паверсе – швейнае атэлье, пакой рытуальных паслуг, трэнажоры.
Ва ўтульным пакойчыку шчыравала над чарговай наведвальніцай цырульнік Анастасія Бурак. Дзяўчына трэці год працуе ў КБА, заслужана лічыцца і добрым спецыялістам, і адкрытым, чулым чалавекам. Насця з тых, хто знойдзе ключык да самага незгаворлівага кліента.
– Мне вельмі падабаецца тут працаваць, – падзялілася дзяўчына. – Зручны і ўтульны пакой, добразычлівыя людзі… Прыемна дастаўляць ім радасць, рабіць прыгожымі.
– Паслугі цырульніка запатрабаваны, – дадае Алена Мандрык. – Да кожнага прыезду майстра папярэдне запісваецца нямала жадаючых зрабіць прыгожыя прычоскі.
З задавальненнем набываюць наведвальнікі КПП пасцельную бялізну, пашытую вілейскімі швачкамі з прыгожай, а галоўнае, трывалай беларускай бязі, цёплыя безрукаўкі, халаты, кашулі, трыкатаж.
– Здаюць рэчы ў рамонт, – адзначае загадчыца КПП, – ёсць жадаючыя пачысціць падушкі. Увогуле, усе паслугі наведвальнікі ацанілі і вельмі задаволены, што ў нас зноў запрацаваў свой комплексна-прыёмны пункт.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара
(Працяг у №4 на стар.4)


