Іосіф Малажавы нарадзіўся 14 чэрвеня 1926 года. Змалку лёс не песціў – яны з сястрою рана засталіся без бацькоў. І так не салодкая сірочая доля, а тут яшчэ надарылася новая бяда – вайна. Пра тое, што яна пачалася, у Дубоўцах Валожынскага раёна, адкуль Іосіф Усцінавіч родам, даведаліся, калі недалёка ад вёскі ўпаў самалёт. Туды бегалі дзеці, дзівіліся, сярод іх – і ён, яшчэ падлетак.
Вайна без запрашэння ўварвалася ў мірнае жыццё, якое на «да» і «пасля» падзяліў крык мачахі: «Немцы!». Убачыўшы, як з боку пушчы, якая падступала якраз да вёскі, вялікай чорнай хмарай ідуць ворагі, яна забегла ў хату і сказала дзецям лезці на гарышча – ратавацца. Тыя паслухаліся, палезлі, а ўжо адтуль па сцяне хаты спусціліся ўніз, а затым праз жыта, па якім ужо на конях гарцавалі немцы, ім удалося ўцячы ў лес. Мачасе ўдалося схавацца ад ворагаў у канаве ля дарогі, а немцы тым часам выганялі жывёлу з хлявоў, а людзей, якія не паспелі схавацца, зганялі ў царкву. Пазней высветлілася, з якой мэтай – іх спалілі… Немцы пайшлі. Нешматлікія ўцалелыя жыхары Дубоўцаў вярталіся ў вёску. Даілі кароў, якія засталіся, шукалі што-небудзь, каб пракарміцца – стараліся неяк жыць у апусцелай вёсцы. Было ясна ўжо ўсім: так, як раней, ужо не будзе.
Іван, стрыечны брат Іосіфа Малажавага, быў ужо ў партызанах, у разведцы, хадзіў на заданні. Людзі, якія былі, як кажуць, «і нашым, і вашым» – знайшлі каму расказаць пра Івана, тады сталі ўжо сачыць і за Іосіфам. Каб не здарылася з ім бяды, брат забраў таго з сабой у партызаны. Брыгада «За Савецкую Беларусь», атрад «Штурм» – гэтыя назвы запомніліся Іосіфу Малажаваму на ўсё жыццё, бо прайшлі і праз лёс, і праз сэрца. Спачатку ў партызанскім атрадзе Іосіфу даручылі гаспадарчыя клопаты – дровы збіраць, вогнішча распальваць ды іншыя, а потым былі і больш важныя заданні. Ішоў час, у 1944 годзе яму споўнілася васямнаццаць. У гэтым жа годзе хлопца і забралі ў армію – палявым ваенкаматам прызвалі на фронт. Прызываліся разам з братам Іванам – у пяхоту. Накіравалі спачатку ў Дзяржынск, потым у Мінск, дзе, расказаў Іосіф Усцінавіч, іх «бамбілі трошкі». На фронт Іосіф Малажавы трапіў у жніўні 1944-га.
– Якраз трапілі на ІІ Беларускі фронт да Ракасоўскага, – успамінае ён. – Прынялі прысягу, узброілі нас – і адразу на фронт…
– …Такіх ваяк, – уступае ў нашу размову спадарожніца жыцця Іосіфа Усцінавіча Людміла Уладзіміраўна, якая з яго слоў да дробязей ведае ўсё: і пра траншэі, і пра тое, як пешшу ішлі ў бок Польшчы, і як на лодках фарсіравалі Одр. Менавіта тады, 18 красавіка1945-га, Іосіф Малажавы атрымаў кантузію: бомба трапіла ў лодку, дзе, акрамя яго, знаходзіліся трынаццаць салдат. Усе яны пайшлі на дно, а яму пашанцавала – выбухной хваляй выкінула на бераг… Перамогу Іосіф Усцінавіч сустрэў у шпіталі. Пасля выздараўлення да канца абавязковага тады шасцігадовага тэрміну ён служыў у Германіі, у танкавых войсках. Калі дэмабілізаваўся, вярнуўся на радзіму, да сястры, якая тады ўжо жыла на Маладзечаншчыне ў вёсцы Відзеўшчына. Пайшлі ў сельсавет – трэба было неяк усталёўвацца ў мірным жыцці, шукаць занятак, зарабляць капейку. Там спыталі, куды яму хочацца пайсці – у пажарную службу альбо ў міліцыю. Іосіф Малажавы выбраў першае. Адвучыўшыся адзінаццаць месяцаў у Магілёве, прыехаў у Маладзечна. Працаваў у пажарнай службе там, а потым прапанавалі паехаць у Вілейку – ён згадзіўся. У той час пажарная служба размяшчалася на месцы будынка сучаснага крязнаўчага музея на плошчы Свабоды. Наладжвалася і асабістае жыццё. У Вілейцы Іосіф Малажавы ўпершыню ўбачыў сваю будучую жонку – маладзенькая дзяўчына родам з Кузьмічоў, яна вучылася на медсястру і жыла на кватэры, дзе жыў і яго калега. Калі надарыўся выпадак ім там сустрэцца, Людміла адразу запала яму ў сэрца, таму адразу і папярэдзіў: «Я ў суботу прыеду да цябе ў сваты». Як сказаў – так і зрабіў. Прыехаў у Кузьмічы, размаўляў з маці, тая аб нечым доўга распытвала – і дала згоду. Як сёння ўспамінае Людміла Уладзіміраўна, хоць выгляду не паказала, але і яна заўважыла сімпатычнага хлопца, упадабала. Неўзабаве адбылася і рэгістрацыя іх шлюбу. Зусім простым было тое вяселле, але, як аказалася, не гэта галоўнае ў сямейным жыцці. Асталяваліся ў Вілейцы. Маладым далі кватэру недалёка ад месца працы Іосіфа Усцінавіча. З’явіліся дзеці – дачка Ала і сын Уладзімір. Да выхаду на заслужаны адпачынак Іосіф Усцінавіч працаваў у пажарнай службе, Людміла Уладзіміраўна – у дзіцячай кансультацыі раённай бальніцы, потым – у дзіцячым садку №3.
Пра ўсё гэта мы даведаліся, калі разам з актывістамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі наведвалі Іосіфа Усцінавіча і Людмілу Уладзіміраўну, якія жывуць на ранейшым месцы – каля плошчы Свабоды. Тут традыцыйна праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, сёлета на гэтым месцы збяруцца віляйчане з нагоды 73-й гадавіны вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Гаспадары праводзілі нас да весніцаў.
– Жывём мы добра, ні на што не скардзімся, усяго нам хапае, – кажа на развітанне Людміла Уладзіміраўна. – Усё ж склалася ў жыцці нядрэнна…
Пасля гэтых слоў, як і пасля аповяду пра вайну, дробязнымі здаюцца некаторыя надзённыя пытанні. Людзей, якія зазірнулі ў твар вайны, яна навучыла берагчы кожны момант, радавацца кожнаму дню і кожнай новай сустрэчы. На памяць аб гэтай, надзвычай цёплай і душэўнай, застаўся гэты здымак.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА