Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хто зноў разбіў сэрца Вілляны?

Рачной плынню, набраклай галінкай бярозы, наразным кляновым лісцейкам праз стагоддзі вярнулася да нас гаротная Вілляна. Перажыўшы горыч страты суджанага, яна набыла сярод віляйчан сабе сяброў, жытло, якога так доўга не мела.Нябачнай дружкай гуляе яна з намі на вяселлях, наглядае за дзеткамі падчас іх свавольных стасункаў, кідае насенне ў блакітную хвалю Мінцава возера, каб прарасло яно вільготнымі пялёсткамі гарлачыкаў і вадзяных лілеяў… Яшчэ і года не прайшло, як адчынілі мы Віллянін хутар. А ўжо колькі незабыўных уражанняў атрымалі. Ад сустрэч на драўляных, зваяных з таўшчэзных камлёў лаўках, стылізаваных пад даўніну. Ад павольнага руху плыта па спакойнай вадзе, пад тоўшчай якой упартыя рыбакі вудзяць мажных, лянівых карасёў. Ах, Вілляна-Вілляна… Лёс падрыхтаваў табе яшчэ адно выпрабаванне. У абліччы Фотобязлітасна-жорсткіх дзяцей цывілізацыі. Дакладней, яе нялюбых пасынкаў. Ламаць усё і нішчыць – такую яны абралі для сябе ролю на ўзгадаваўшай іх зямлі. Маўклівая ў сваёй пакуце, ты не назавеш іх імёны, не ўпікнеш за разбітыя ліхтары на дзіцячай пляцоўцы і ля брамы шчасця, за паламаны і спалены паркан, за надпісы на бярвеннях тваёй хаты, ад якіх шалее чалавечы розум.
Калі чалавек жыве без сумлення, ці мае ён права ім звацца, ці мае права насіць імя, падоранае Усявышнім. Нашы ўчынкі, якімі б яны ні былі, праз колькі часу нам і вяртаюцца: дабро – дабром, жорсткасць – насіллем.
У пятніцу, першага красавіка, усе, небезуважныя да лёсу Віллянінага хутара, запрашаюцца раённым Саветам жанчын да ўдзелу ў яго добраўпарадкаванні. Давайце разам, у дружнай згодзе, вылечым ад болю пакрыўджанае сэрца Вілляны!
Марыя КУЗАЎКІНА,
фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 132 queries