Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Хірург Міхалевіч: свяціць іншым, згараючы самому

Пра ўрачоў ваеннага часу, лёс якіх быў звязаны з Вілейшчынай, мы расказвалі ў папярэдніх нумарах нашай газеты.

А нядаўна ў тэлефоннай размове адзін наш чытач узгадаў імя хірурга, якога і сёння памятаюць удзячныя пацыенты. Пра адказную, але не самую простую прафесію, якая адбіваецца на ўсім жыцці чалавека і нават яго сям’і, гутарылі з сынам хірурга Міхаіла Купрыянавіча Міхалевіча, Міхасём.

А размова наша пачалася так.

– У час майго дзяцінства ў гарадскую лазню хадзіла шмат людзей. Там абмяркоўваліся многія справы і ўсе навіны – такі своеасаблівы інфармацыйны цэнтр. А яшчэ там, у распранальні, навідавоку былі ўсе шрамы на чалавечым целе, – успамінае Міхась Міхайлавіч. – Людзі тады былі прасцей, адзін у аднаго цікавіліся, адкуль гэтыя шрамы з’явіліся. Сведкам такіх гісторый не раз быў і я. Камусьці шрамы на целе пакінула вайна, а хтосьці трапіў на стол да хірурга ўжо ў пасляваенны час. Памятаю, калі гучала прозвішча Рамашка, па лазні раздаваўся гучны гул галасоў – як, ты трапіў да яго і застаўся ў жывых? «Гэты – дакладна «зарэжа» – такая незаслужаная пагалоска, мусіць, запушчаная санітаркамі, хадзіла тады па Вілейцы. Але толькі бацька ярасна абараняў аўтарытэт ваеннага хірурга, які браўся нават за тыя аперацыі, дзе шанц быў усяго адзін на мільён, і за якія іншыя «разумнейшыя» хірургі не ўзяліся б ні за якія грошы. Кошт рызыкі быў высокім, але ўрач мужна ішоў на гэта, не баючыся маральнай і юрыдычнай адказнасці за лятальныя выпадкі на аперацыйным стале – такі ўжо быў характар, загартаваны вайной. Праўда, тое, што хірургі – не богі, разумелі не ўсе…

Міхась Міхалевіч узгадвае, што яго бацька таксама не баяўся рызыкаваць, валодаў мужным, нават «авантурным» характарам у змаганні за жыццё чалавека, гэтым быў падобны на старэйшага калегу. Ён неадкладна выконваў як экстраныя складаныя аперацыі, так і планавыя, а яшчэ тыя, якія раней яго калегі па аддзяленні яшчэ не рабілі. А шлях хірурга Міхалевіча ў медыцыну быў такім.

Нарадзіўся Міхаіл Купрыя­навіч Міхалевіч у 1930 годзе ў вёсцы Ліхабалотцы на Глыбоччыне. Там, у бацькоў, заўсёды праводзіў свой штогадовы адпачынак, там і знайшоў свой апошні спачын. …Калі скончылася Вялікая Айчынная вайна, яму споўнілася 15 год. У медыцыну ён, адзін з трох сыноў, пайшоў па парадзе маці, якая лічыла, што доктар – самая лепшая прафесія. Паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, пасля заканчэння якога першы хірургічны вопыт набываў у Дрысвятах, на Браслаўшчыне, куды трапіў па размеркаванні. У пачатку яго практыкі як лекара ў 1957 годзе была адзіная аперацыя «пад сасной» (літаральна ў палявых умовах) – аб тым, што тэрмінова патрабуецца яго дапамога, Міхаіл Міхалевіч даведаўся ад людзей, якія ранняй вясной, па апошнім лёдзе, ужо з прамоінамі, раптам уначы прыехалі па яго на санях з суп­рацьлеглага літоўскага ляснога берага возера Дрысвяты. Загадалі апрануцца, узяць хірургічны рыштунак – і паехалі ў цемру. Як пазней расказваў бацька сыну, ён нават не ведаў, куды яго вязуць, але свой урачэбны абавязак выканаў.

Потым у біяграфіі хі­рур­га Міхалевіча была Шаркаўшчына, а затым, з 1961года, – Вілейка.

– У кароткі час існавання Вілейскай вобласці толькі адзіная ўстанова на некалькі дзесяцігодзяў захавала абласны статус, – расказвае Міхась Міхалевіч. – Вілейская абласная бальніца з’яўлялася «2-й Мінскай абласной» аж да пачатку сямідзясятых гадоў, і працавалі тут, адпаведна, абласныя ўрачы, якія абслугоўвалі шэраг суседніх раёнаў. Гэта сямейныя пары Гардоны, Яроменкі, Шырочыны, Каляда, Кана­вальчыкавы, а таксама Ра­­машка, Каплан, Ткач, Хіжняк, Гатальская, Маслава, Зысканд, Гардзей, Кашыцкі… Гэтыя, зараз невядомыя для сучасных віляйчан, і многія іншыя прозвішчы знакамітых лекараў былі ў той час тут на слыху, а пасля і ў сталіцы – многія пераехалі у Мінск, абараніліся, сталі дацэнтамі. У шасцідзесятых гадах у вілейскіх лекараў існавала як «цэхавасць», так і пэўная «кланавасць»: каб стаць сваім сярод іх, маладому хірургу трэба было даказаць свой прафесіяналізм…

Гэтай справе вельмі дапамагалі курсы. А ў Міхаіла Купрыянавіча заўсёды было вялікае жаданне вучыцца новаму, каб павышаць сваю кваліфікацыю. Масква, Ленінград, Кіеў, Тбілісі, неаднаразова – Мінск… З вучобы ў гэтых і іншых гарадах хірург Міхалевіч «прывозіў» вопыт і такія аперацыі, якія да гэтага ў Вілейцы не рабілі. Усё новае, у тым ліку з пластычнай, сасудзістай і рэканструкцыйнай хірургіі, аперацыі на шчытападобнай залозе – ён імкнуўся ўводзіць у практыку. Прызнаннем кваліфікацыі любога хірурга з’яўляюцца факты, калі да яго па дапамогу пачынаюць звяртацца калегі па працы.

Сапраўднае прызнанне прыйшло да Міхаіла Міхалевіча тады, калі па медыцынскую дапамогу да яго звярнуўся сам урач Гардон.

– Да гэтага ён звяртаўся па дапамагу да мінскіх і вільнюскіх спецыялістаў, але не вырашыў свайго пытання, – успамінае Міхась Міхалевіч. – Пасля аперацыі, праведзенай бацькам, праблема, якая непакоіла самага знакамітага вілейскага ўрача, нарэшце, без рэцыдываў знікла. Звяртаўся, каб зрабіў аперацыю дачцэ, да яго і галоўны ўрач Вілейскай бальніцы. У яе выкананні патрэбна была асаблівая філіграннасць, і, дзякуй Богу, аперацыя прайшла паспяхова.

Працуючы хірургам, а потым – загадчыкам хірургічнага аддзялення, хірург Міхалевіч шмат увагі надаваў пасляаперацыйнаму перыяду, так званаму «выходжванню» пацыента. Верыў у тое, што паміж урачом і пацыентам існуе асаблівая энергетычная ўзаемасувязь, таму пасля аперацыі імкнуўся у самы крытычны перыяд знаходзіцца побач з пацыентам. Аднойчы прыйшлося аперыраваць пацыента з разлітым перытанітам – выпадак абцяжараны быў тым, што прайшло шмат часу, пакуль родныя хворага звярнуліся за медыцынскай дапамогай. Чацвёра сутак родныя не бачылі хірурга дома. Хлопчык, сын суддзі, паправіўся, але перажыванняў хапіла як сям’і пацыента, так і сям’і доктара. І гэта быў не адзіны такі выпадак, калі прафесія бацькі ўплывала на жыццё ўсёй сям’і. Вельмі многа свят, у тым ліку навагодніх, сумесных мерапрыемстваў у выхадныя дні – ад паходаў у кіно да запланаваных паездак на рыбалку ці на футбол у Мінск – было змарнавана. І тэлефон у іх кватэры ніколі не маўчаў…

– Канешне, у час прафесійнага росквіту былі ў бацькі пашана і местачковая слава – таксама іспыт. Не было такога тыдня, каб хоць раз ноччу яго не выклікалі калегі ў бальніцу на кансіліум. За працу бацька атрымаў ордэн «Знак пашаны», – гаворыць Міхась Міхалевіч, які з дзіцячых год памятае, як бацька перажываў за кожнага свайго пацыента, за страты, якія, як і ў кожнага хірурга, у практыцы таксама былі, і разважае: – Хірург – складаная прафесія. Любая паласная аперацыя – сур’ёзная рызыка. Памятаю і ночы без сну, і перажыванні, і стрэс пасля кожнага лятальнага выпадку, сведкам якіх быў я… Вядома, што да справы можна адносіцца і па-іншаму, не беручы да галавы і сэрца, але ці можна тады застацца сапраўдным кваліфікаваным лекарам і чалавекам? Шматразовыя стрэсы і грып, перанесены на нагах, для здароўя самога хірурга не прайшлі незаўважна. Але не толькі ён адзін у той час аддаваў рабоце ўсяго сябе.

«Aliis inserviendo consumor» – да­кладна з латыні выраз перакладаецца як «служачы іншым, раздаю сябе», а больш рамантычна ў рускім перакладзе – «светя другим, сгораю сам». І гэта – якраз пра хірурга Міхалевіча, на сціплым помніку якога выбіта свечка ў выглядзе скальпеля.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фото з сямейнага архіва Міхалевічаў

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 148 queries