Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хірург ад Бога з’яўляецца ўраджэнцам вёскі Жаўткі нашага раёна

Вучоны з сусветным імем – Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі – хірург ад Бога.  З’яўляючыся ўраджэнцам вёскі Жаўткі нашага раёна, ён ніколі не забываў сваю родную вёску і сваю радзіму Беларусь. Кожная яго старонка біяграфіі пачынаецца з інфармацыі пра родныя Жаўткі. З 1948 па 1951 гады ён працаваў у вілейскай бальніцы хірургам. Мікалай Нікадзімавіч з’яўляецца двойчы лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, 1984), Героем Сацыялістычнай Працы (1981). Шмат гадоў працаваў галоўным хірургам чацвёртага Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя ССР, зараз гэта Медыцынскі цэнтр Упраўлення справамі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Яго пацыентамі былі Любоў Арлова, Георгій Жукаў,  Сяргей Лемешаў, Юрый Андропаў, Міхаіл Гарбачоў, Барыс Ельцын, Наіна Ельцына і іншыя вядомыя людзі.

akademik-mikalay-malinouski
Акадэмік Мікалай Маліноўскі

Імя Мікалая Нікадзімавіча Маліноўскага, ураджэнца Вілейшчыны, вядома далёка за межамі яго малой радзімы. Гэта чалавек-легенда, Герой Сацыялістычнай Працы, выдатны хірург, буйны вучоны і бліскучы педагог, які сваім прафесіяналізмам праслаўляў родную Вілейшчыну і заўжды ганарыўся тым, што нарадзіўся ў Беларусі. У 2016 годзе 1 сту-дзеня Мікалаю Нікадзімавічу споўнілася 95 гадоў.

Мікалай Нікадзімавіч родам з вёскі Жаўткі Вілейскага раёна. Яго вучоба пачалася ў польскай вясковай школе ў Каловічах. Затым ён паступіў у вілейскую польскую гімназію імя Генрыка Сенкевіча, дзе быў адным з лепшых вучняў. У 1939 годзе, пасля далучэння былых беларускіх тэрыторый Польскай дзяржавы да БССР, усе вучні польскай гімназіі сталі навучацца ў вілейскай беларускай сярэдняй школе № 1 і русскай № 2. У 1941 годзе Мікалай Маліноўскі бліскуча скончыў вілейскую рускую сярэднюю школу № 2 з залатым медалём. Яго марай на будучае было стаць ці ўрачом, ці лётчыкам, ці інжынерам. Менавіта такое пажаданне змяшчае апошні выпуск “мірнай” газеты перадваеннай Вілейкі “Сялянскай газеты” за 22 чэрвеня 1941 года. Гэты выпуск быў прысвечаны артыкулам выпускнікоў вілейскай беларускай сярэдняй школы № 1 і рускай № 2, сярод якіх ёсць артыкул і Мікалая Маліноўскага з яго марамі на будучае. Але іх выпускны прайшоў у ноч на 22 чэрвеня 1941 года,калі былыя вучні вілейскіх школ накіраваліся на драўляны мост праз Вілію, каб сустрэць світанак, то туды іх ужо не пусцілі вайскоўцы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны былы выпускнік Мікалай Маліноўскі далучыўся да партызанскага руху. Ён паступіў вучнем у вілейскую аптэку і, карыстаючыся гэтым, перадаваў партызанам розныя лекі, што былі ім так неабходны.

У канцы вайны М. Маліноўскі паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, які скончыў з адзнакай. Пасля сканчэння вярнуўся ў Вілейку і з 1948 па 1951 год працаваў у вілейскай бальніцы хірургам. Але яго прага да далейшага навучання ў 1951 годзе прывяла ў Маскву, дзе Мікалай Нікадзімавіч паспяхова здаў экзамены ў аспірантуру на кафедру факультэцкай хірургіі педыятрычнага факультэта 2-га Маскоўскага медыцынскага інстытута імя М. І. Пірагова. І ў неўзабаве ў 1954 годзе Мікалай Нікадзімавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю «Эксперыментальнае назіранне пры зандаванні сэрца і ангіакардыёграфіі», і стаў асістэнтам кафедры. У 1957 годзе ён перайшоў на кафедру шпітальнай хірургіі 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута імя І. М. Сечанава, дзе прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара. У 1963 годзе Мікалай Нікадзімавіч быў прыняты на працу ў толькі што арганізаваны навукова-даследчы інстытут клінічнай і эксперыментальнай хірургіі.

vileyka-1948-god-ardyinatar-mikalay-malinouski-krayni-zleva-z-kalegami
Вілейка 1948 год. Ардынатар Мікалай Маліноўскі (крайні злева) з калегамі

У 1964 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Трамбоз левага перадсэрдзя і яго вушка ў хворых мітральным стэнозам».

У 1965 годзе Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі быў абраны прафесарам кафедры шпітальнай хірургіі 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута, а ў 1970 годзе ён стаў загадчыкам клінічнага аддзела Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута клінічнай і эксперыментальнай хірургіі.

Рух па кар’ернай лесвіцы Мікалая Нікадзімавіча можна пералічваць дзясяткамі старонак. У 1973 годзе ён заняў пасаду галоўнага хірурга 4-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя СССР, зараз гэта Медыцынскі цэнтр Упраўлення справамі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Яго пацыентамі былі Любоў Арлова, Георгій Жукаў, Сяргей Лемешаў, Юрый Андропаў, Міхаіл Гарбачоў, Барыс Ельцын, Наіна Ельцына і іншыя вядомыя людзі.

У 1974 годзе ён быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1978 годзе – правадзейным членам (акадэмікам) Акадэміі Медыцынскіх навук СССР. Мікалай Маліноўскі апублікаваў больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, сярод якіх «Хірургічнае лячэнне мітральнага стэнозу ў дзяцей» (1971), «Антыкаагуляторная і тромбалітычная тэрапія ў хірургіі» (1976, у сааўтарстве з В. А. Казловым), «Экстраная хірургія сэрца і сасудаў (1980), а таксама двухтамнік «Атлас грудной хірургіі» (1971 – 1974).

Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі ўнёс значны ўклад у асваенне і ўкараненне ў клінічную практыку метадаў зандзіравання паражэнняў сэрца і ангіакардыёграфію. Распрацоўваў дыягностыку прыроджаных і набытых парокаў сэрца. Пры яго непасрэдным удзеле распрацаваны і стаў ужывацца ў клінічнай практыцы электракардыёстымулятар на радыеізатопах. Адным з першых у СССР ён паспяхова выканаў эмбалэктамію з лёгачнай артэрыі.

Значная частка прац Мікалая Нікадзімавіча тычыцца праблем хірургічнага лячэння набытых парокаў сэрца, у прыватнасці мітральнага стэнозу, асабліва ў дзяцей. Паралельна М. Н. Маліноўскі займаўся пытаннямі агульнай хірургіі, у тым ліку захворваннямі падстраўнікавай залозы, парэнтэральнага харчавання і інш. Асабліва важнымі лічацца яго працы, прысвечаныя дыягностыцы і хірургічнаму лячэнню ранніх формаў рака страўніка.

Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі – не толькі бліскучы хірург, але і таленавіты педагог. Яго лекцыі ў асаблівай пашане ў студэнтаў, іх адрознівае яркасць, эмацыйнасць і насычанасць жыццёвымі прыкладамі. Так заўжды гавораць пра яго калегі і студэнты. У розныя гады Мікалай Нікадзімавіч працаваў у Першым Маскоўскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце імя І. М. Сечанава і Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М. В. Ламаносава. У цяперашні час Мікалай Нікадзімавіч – прафесар кафедры шпітальнай хірургіі № 1 лячэбнага факультэта ПМГМУ ім. І. М. Сечанава. Пад яго кіраўніцтвам выкананы 11 доктарскіх і 26 кандыдацкіх дысертацый.

Акадэмік Мікалай Маліноўскі з’яўляецца членам Міжнароднага таварыства хірургаў, ганаровым членам Польскага хірургічнага таварыства, ганаровым доктарам Медыцынскай акадэміі ў Кракаве, ганаровым членам Акадэміі медыцынскіх навук Беларусі. Мікалай Нікадзімавіч шмат супрацоўнічае з перыядычнымі выданнямі, у тым ліку з часопісам «Хірургія. Часопіс ім. Н. І. Пірагова», дзе ў апошнія гады ён узначальвае рэдакцыйную калегію.

У 1981 годзе за вялікія заслугі ў развіцці медыцынскай навукі акадэміку Мікалаю Нікадзімавічу Маліноўскаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

Акрамя гэтага, ён мае званне заслужанага дзеяча навукі Узбекскай ССР, з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1985, 1987), узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны»; за дасягнутыя працоўныя поспехі, шматгадовую добрасумленную працу і ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі – ордэнам Дружбы (2002); іншымі медалямі і ўзнагародамі.

Але больш за ўсё калегі і блізкія цэняць душэўныя якасці Мікалая Нікадзімавіча: яго дабрыню, спагадлівасць, прынцыповасць і справядлівасць. Ён заўсёды дэманструе любоў да людзей, жаданне ім дапамагчы і падтрымаць у цяжкую хвіліну.
Ганарымся нашым земляком!

Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлены часопісам “Хірургія”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 139 queries