Восемдзясят адзін год назад, 22 сакавіка 1943 года, карнікамі была спалена вёска Хатынь. Амаль сто пяцьдзясят яе жыхароў загінулі ў агні і расстраляны. З таго часу і да сёння назва гэтай вёскі – сінонім трагедыі і болю, сімвал масавага знішчэння мірных людзей.
Што для кожнага з нас значыць гэта дата – 22 сакавіка 1943-га? Якія пачуцці выклікае само слова «Хатынь»? Гэтыя пытанні мы задалі віляйчанам.
Вольга Коласава:
– Знішчэнне мірных жыхароў – гэта самая вялікая трагедыя ў часы Вялікай Айчыннай вайны. 22 сакавіка і Хатынь – гэта сімвалы болю і жалобы ўсяго беларускага народа, месца вечнай памяці ўсіх спаленых беларускіх вёсак.
Святлана Лях:
– Хатынь – сімвал трагедыі беларускага народа ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Званы Хатыні гучаць у нашых сэрцах як набат памяці пра страшны дзень 22 сакавіка 1943 года, калі 149 мірных жыхароў вёскі, у тым ліку 75 дзетак, былі жывымі спалены гітлераўцамі і паліцаямі. Забываць гэтыя страшныя падзеі мы не маем права перад памяццю загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне, перад тымі, хто цаной жыцця падарыў нам мірную будучыню.
Людміла Буркевіч:
– Трагедыя Хатыні мяне, як, відаць, і кожнага чалавека, хвалюе. Мінаюць дзесяцігоддзі, а з людской памяці яна не сціраецца і ніколі не сатрэцца. Амаль сто пяцьдзясят чалавек загінулі ў той сакавіцкі дзень ад рук карнікаў. Гэта страшна нават ўявіць…
Так супала, што 22 сакавіка ў мяне дзень нараджэння, але я практычна ніколі яго не адзначаю. Яшчэ ў дзяцінстве пабывала ў Хатыні і даведалася, што нарадзілася ў дзень, у які была спалена цэлая вёска, загінула столькі людзей. Мяне гэта вельмі ўразіла. Менавіта тады я вырашыла, што ў гэту дату святкаваць свой дзень нараджэння не буду. Пазней, ужо дарослай, вырашыла 22 сакавіка ездзіць на экскурсіі, падарожнічаць па роднай Беларусі. Так і раблю. Сёлета чакаю сустрэчы з Навагрудкам.
А яшчэ дзесяць гадоў таму назад менавіта 22 сакавіка мы праводзілі ў апошні шлях маю бабулю, і я яшчэ раз упэўнілася, што гэты дзень для мяне асаблівы.
Падрыхтавалі Таццяна ШАРШНЁВА і Ірына БУДЗЬКО