На днях сустрэлася з доўгажыхаркай Лідзіяй Рыгораўнай Кажура з вёскі Шыпкі, сведкай тых часоў, калі на нашу зямлю прыйшлі боль, страх, смерць і прыніжэнне. Яе муж Андрэй Усцінавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай і савецка-японскай войнаў.

Худзенькая, невысокага росту бабуля сустрэла мяне на парозе свайго роднага дома і ветліва запрасіла зайсці. У спякотны летні дзень з-за паніжанага ціску без патрэбы на вуліцу не выходзіць. Пра многае кажа ўзрост, бо не кожнаму наканавана пражыць амаль стагоддзе – 95 гадоў.
Лідзія Рыгораўна нарадзілася ў шматдзетнай сялянскай сям’і ў тыя часы, калі нашы землі ўваходзілі ў склад Польшчы. Бацька быў мясцовым, а маці – з Лугавых. «Я была старэйшай з дзяцей, бацька моцна хварэў, быў паралізаваны. Таму з дзяцінства была мамінай памочніцай. Усё ўмела рабіць. З зарой даводзілася ўставаць, з заходам сонца класціся. Гаспадарка была вялікая: і каровы ў хляве стаялі, конь, свінні, авечкі, птушка па двары і па выганах разгульвала. І свой надзел зямлі меўся, на якім мы сеялі і саджалі ўсё неабходнае. У тыя часы крам у вёсцы не было, таму кожная сям’я выжывала дзякуючы ўласнай працы, старанным рукам. Нічога лішнім не лічылася, хоць і патрабавала нямала клопату», – распавяла суразмоўца.
Пра тое, што фашысты напалі на нашу краіну, ведалі ўсе ў вёсцы. У кожнага свая гісторыя «сустрэчы» з вайной. Па словах Лідзіі Рыгораўны, спачатку яна, 15-гадовая дзяўчынка, не разумела ўсёй сур’ёзнасці таго, што адбываецца. Дарослыя абмяркоўвалі навіну, але асаблівай панікі ў вёсцы не было. Усе займаліся звыклымі справамі. Адчуць дыханне вайны давялося ў 1944 годзе, калі немцы ішлі праз Беражок. «Убачыўшы ворага, паспела за сабой прывязаць карову і бегчы да роднай цёткі ў Латыгаль. Бацька застаўся ў хаце, не здольны быў хадзіць, а маці з астатнімі дзецьмі паспяшалася ў лес у зваротным накірунку. Як і ўсе, у што была апранутая, так і прастаяла ў лясным балоце ўсю ноч. І камары не пакусалі», – успамінае Лідзія Рыгораўна.
Маладых хлопцаў і дзяўчат, хто не паспеў уцячы, вывезлі на працу ў Германію. Жанчын, сярод якіх былі цяжарныя, дзяцей, старых сагналі ў хлеў суседняй акупаванай вёскі Раёўка. А зусім побач ля Беражку немцы старанна ахоўвалі мост праз раку Ілія, што злучаў Маладзечанскі і Ільянскі кірунак, дзве вёскі – Шыпкі і Раёўку.
«Раней не было такога лесу, як цяпер, таму наша вёска была як на далоні, калі немец у Беражку назіраў за намі ў бінокль», – распавяла суразмоўца.
Немцы мясцовае насельніцтва не чапалі, прыходзілі ў вёску за ежай і сыходзілі. Акрамя выпадку, калі дваіх за ракой ўсё ж такі забілі. «Адзін з вясковых хлопцаў выкапаў нару ля ракі, доўга хаваўся. А як пайшоў на Чысць, усё ж забілі. Пражыўшы столькі гадоў, усяго не ўзгадаеш. Ды і няма ўжо сведак тых ваенных падзей. Усяго, дзетка, было. Прасіце Бога, каб не бачыць такога! Добра, родных братоў у мяне не было, толькі стрыечныя, сярод якіх ёсць загінуўшыя на фронце», – распавяла суразмоўца.
З часам тыя, хто пакінуў свае дамы, вярталіся з лесу. Вайна працягвалася і працу не адмяняў, трэба было працягваць жыць і верыць у лепшае. Так працягвалася некалькі месяцаў, дакладней жанчына ўжо не памятае, пакуль не прыйшлі савецкія войскі і вызвалілі акупаваную тэрыторыю ад фашысцкіх захопнікаў. Адыходзячы, ворагі спалілі некалькі дамоў у Шыпках. На шчасце, жывымі вярнуліся сагнаныя ў хлеў аднавяскоўцы, з часам – і з Германіі. Мужчын бралі на фронт, і многім, як і пасля сталінскіх рэпрэсій, не наканавана было вярнуцца жывымі дадому.
Што і казаць, цяжкасці жанчын і ў пасляваенным жыцці былі, даводзілася выконваць працу нароўні з мужчынамі. Яркім момантам, які адбыўся ў жыцці Лідзіі Рыгораўны і захаваўся ў яе памяці на доўгія гады, – стала сустрэча з мужам восенню 1945-га. «Пасля вайны я працавала ў дарожным упраўленні. Штодня ездзілі пад Краснае ў Мазалі на конях каменне вазілі. А ў гэты час з савецка-японскай вайны вяртаўся мой аднавясковец Андрэй, на шэсць гадоў за мяне старэйшы. Ён яшчэ і ў Вялікай Айчыннай ваяваў. У яго ўсе грудзі медалямі і ордэнамі блішчалі на сонцы. Яго падвезла на кані да хаты. Па дарозе разгаварыліся і так ужо не расставаліся», – з хваляваннем успамінае Лідзія Рыгораўна.
Тым часам маладыя пажаніліся. Пакуль будавалі свой дом, непадалёк жылі ў яго бацькоўскай з мамай. Усё жыццё Лідзія Рыгораўна працавала даяркай на ферме ў Абадоўцах. У сям’і нарадзіліся чацвёра дзяцей, якіх трэба было адправіць у школу і «даць адукацыю». З гэтым руплівыя гаспадары спраўляліся дзякуючы ўласнаму падвор’ю і летняму заробку – збору ягад і грыбоў, якія вазілі на рынак у Іллю і Мінск.
З бацькоўскім абавязкам Андрэй Усцінавіч і Лідзія Рыгораўна справіліся. «У 50 гадоў не стала нашага бацькі, засталася я адна. Да гэтага часу дзеці выехалі ў горад і стварылі свае сем’і. А праз пяць гадоў я выйшла на пенсію, цяжка было працаваць і трымаць вялікую гаспадарку, дапамагаць дзецям. Яшчэ і ўнукаў паспявала выхоўваць», – расказвае субяседніца.
Сёння ў Лідзіі Рыгораўны галоўнае багацце – гэта дзеці, дваццаць адзін унук, восем праўнукаў і адна чатырохгадовая прапраўнучка. На пытанне, адкуль усе гэтыя гады ў яе бяруцца сілы, адказвае: «А куды дзенешся, робіш і робіш. Няма калі было сядзець. Вось і зараз сярэдняя дачка прывезла мяне з Мінска на лета. Пахаджу ўвечары, пагляджу агарод, падыму плёнку на агурках, але не палю, вельмі нізкі ціск у мяне».
Вікторыя АПЯЦЁНАК/фота аўтара







