Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гісторыя вытворчасці ў Вязыні чайных напояў

«Летні» і «Мятны», «Раніца» і «Тонус», «Вілія» і «Фантазія», «Чараўніца» і «Вязынскі арыгінальны» – вытворчасць такіх чайных напояў была наладжана ў канцы 80-х у саўгасе «Вязынь». Рэцепт кожнага і прапорцыю лекавых зёлак у яго складзе памятае Ганна Рыгораўна, былая работніца «травянога» цэху, з прыгожым прозвішчам Чаеўская, якое у дадзеным кантэксце, згадзіцеся, мае асаблівы сэнс.

Ганна Рыгораўна з Вязыншчыны – вёскі Азярэц. Там нарадзілася, скончыла восем класаў Рэдзькавіцкай школы, потым дзявяты-дзясяты класы – Вязынскай.

У працоўнай біяграфіі Ганны Рыгораўны былі розныя прафесіі. Пасля заканчэння радыётэхнічнага вучылішча ў Маладзечна некаторы час працавала там жа, на механічным заводзе – прыйшла на прадпрыемства ў 1971 годзе вучаніцай слесара, была і зборшчыцай, і мантажніцай радыёапаратуры.

Некаторы час працавала нават загадчыцай Рэдзькавіцкага сельскага клуба. Была брыгадзірам паляводчай брыгады ў калгасе «Зара», аграномам у племсаўгасе «Стайкі», інжынерам-гідратэхнікам у калгасе імя Калініна. «Такі кругазварот атрымаўся», – усміхаецца Ганна Рыгораўна і расказвае, што ў Вязыні яны трывала асталяваліся пасля аб’яднання калгаса імя Калініна з саўгасам «Беларускі». У 1987 годзе яна ўладкавалася на працу тэхнолагам падсобнай вытворчасці ў саўгас «Вязынь», а ў 1989-м была пераведзена на пасаду тэхніка па вырошч­ванні араматычных траў. І тут Ганна Чаеўская сапраўды знайшла сябе. Адукацыя агранома, атрыманая ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, памножаная на цікавасць да сваёй справы і адказнасць давалі адпаведны вынік. Не раз Ганна Рыгораўна адзначалася ўзнагародамі, сярод якіх ёсць нават сярэбраны медаль за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР, яе імя неаднойчы трапляла на газетныя старонкі. Але ганарыцца іншым – дзецьмі і ўнукамі, здароўе і дабрабыт якіх для кожнай жанчыны важней за ўсё.

Рэканструкцыя спіртзавода ў Вязыні, дзейнасць якога ў выніку антыалкагольнай кампаніі была спынена, пачалася ў лютым 1987-га пры дырэктары Аляксандры Сахно. Узважаным было гэта рашэнне, якому папярэднічалі разлікі і вывучэнне вопыту. Новым напрамкам стала вытворчасць чайных напояў і настояў для безалкагольных напояў.

Ужо ў 1988-м было выпушчана 150 тон настояў для вытворчасці безалкагольных напояў – на натуральных лекавых травах. На аснове вязынскіх настояў выпускаліся «Раўбічы» і «Верасок», «Чабарок» і «Крапіва», «Тархун» і «Зубраня», «Купалінка» і «Крыніца», а для прыгатавання фірменнага – «Сузор’е Вязыні» – выкарыстоўвалася пяць траў, сярод якіх быў элеўтаракок, карысны для ўзнаўлення сіл.

У паслячарнобыльскія гады стаяла задача забяспечыць жыхароў рэспублікі лекавымі травамі, якія ў адрозненне ад хімічных прэпаратаў менш шкодныя для арганізму. Таму і вырошчвалі ў той час у Вязыні нават грэндэлію і манарду – травы, якія выводзяць радыёнукліды з арганізму. Для Рубяжэвіцкай гамеапатычнай аптэкі Стаўбцоўскага раёна травяная прадукцыя вырошчвалася ў васьмі гаспадарках Мінскай вобласці – у гэтым спісе быў і саўгас «Вязынь».

– Чай бадзёрыць і лечыць, падымае настрой, – з цеплынёю расказвае Ганна Рыгораўна. – Гэта напой продкаў, якія ўмелі прымяняць на карысць свайму здароўю бясцэнныя дары прыроды. Старыя людзі ведалі каштоўнасць траў, што выраслі на адкрытай сонечнай лугавіне або ў лесе. Іх, ласкава называючы зёлкамі, абдавалі крутым варам і спажывалі як чай. А з дадаткам лекавых раслін такі напой не толькі бадзёрыць, але і дапамагае чалавеку змагацца з хваробай.

Асновай для ўсіх чайных набораў, узгадвае Ганна Чаеўская, быў чай чорны байхавы або індыйскі. Рознакаляровыя кардонныя каробачкі стаграмовай расфасоўкі змяшчалі розныя прапорцыі асновы і дадатку да яе – некалькі такіх у Ганны Рыгораўны захавалася і, нягледзячы на час, рукі памятаюць, як яны складваліся. Што датычыць рэцэптуры знакамітых некалі на ўсю рэспубліку чайных напояў, напрыклад, «Фантазія» на 60 працэнтаў складалася з чорнага чаю, на 15 – з травы душыцы, на 20 – з пладоў шыпшыны, на 5 – з травы зуброўкі. У рэцэптуры «Вязынскага арыгінальнага» акрамя асновы былі корань лакрычніку, трава кацямяткі і верас. «Раніца» складалася з байхавага чаю з дадаткам кветак рамонку, ліста і галін маліны. З дадаткам пладоў рабіны звычайнай, ліста мяты перцавай, травы зверабою і верасу выпускаўся чайны напой «Вілія». «Тонус» меў у складзе зверабой і мяту, а «Летні» – кветкі ліпы.

Насенне ўсіх патрэбных для вытворчасці траў высявалася ў саўгаснай цяпліцы, а потым клапатліва пераносілася на палі гаспадаркі. Пад травы (а іх было шаснаццаць найменаванняў) разам з цыдоніяй, якая вядома як айва японская, было адведзена 50 гектараў. За насеннем траў ез­дзілі ў Маскву ў батанічны сад. Пры іх вырошчванні ніякія хімпрэпараты ад шкоднікаў або хвароб не прымяняліся – уся сыравіна прахо­дзіла строгі санітарны кантроль. А нарыхтоўвалі яе самі, сушылі – таксама. Піжма бальзамічная, мята, зверабой, зуброўка, валер’яна, мелісса, душыца, катоўнік лімонны, радзіола ружовая – і сёння Ганна Чаеўская без замінкі пералічвае гэтыя і іншыя карысныя расліны, якія вырошчваліся ў Вязыні. Пра ўласцівасці кожнай ёй ёсць што расказаць. А на сваім агородзе яна вырошчвае мяту – вось-вось прыйдзе той час, калі яе далікатныя лісточкі можна збіраць, каб захоўваць на працягу асенне-зімняга сезону і дадаваць у чай. У беларускай мове напой з дадаткам зёлак называюць яшчэ і гарбата (напэўна, уважлівыя чытачы ўзгадалі пра гэта не раз) – але ў да­дзеным выпадку няхай бу­дзе першы варыянт.

Гісторыя вытворчасці ў Вязыні чайных напояў скончылася з распадам Савецкага Саюза і з перамогай вытворцаў, якія выкарыстоўвалі не натуральныя, а штучныя інгрэдыенты – значна танней, хутчэй, але без былой карысці.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 147 queries