Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Гісторыя ксяндза, які адбудоўваў касцёлы і душы людзей

Вялікае бачыцца на адлегласці… Мусім пагадзіцца з літаратурным класікам, перагарнуўшы старонкі выдання, якое некалькі год таму выпушчана ў польскім паселішчы Лонжа і зусім нядаўна стала даступным айчыннаму чытачу. З нагоды перакладу яго на беларускую мову. Пераклад здзейсніла, дарэчы, наша зямлячка, віляйчанка Тэрэса Канецкая. У выданні, фармату брашуры, якое ўтрымлівае 65 старонак тэксту, змешчаны пісьмы ксяндза Станіслава Жука, дэкана Вілейскай акругі і пробашча Касцяневіцкага касцёла, напісаныя ім падчас яго тут святарскай дзейнасці ў 40-80 гадах мінулага стагоддзя. Гэтыя адрасаваныя родным, сябрам і знаёмым лісты, акрамя звестак пра жыццё тагачаснага касцёла, душпастырскую працу святара, ўтрымліваюць філасофскія развагі ксяндза Станіслава аб дабраце і дарунках Божых, навуцы давер’я Усявышняму, рэлігійнай практыцы. Лісты сабрала і сістэматызавала племянніца ксяндза – Данута Жук.

У выданні ўдзельнічалі Яўгенія Твардаш, Луцыя Косач, Тадэвуш Слівоўскі, Марак Палончык. Прадмову напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Заслуга спадарыні Тэрэсы ў тым, што яна з дакладнасцю, адпаведнай арыгіналу, перадала і самі тэксты, і іх эмацыянальны фон. А гэта магчыма не толькі пры добрым валоданні абодвумя мовамі, але і самім духоўным стане перакладчыка, які грунтуецца на глыбокай веры і веданні традыцый каталіцкага касцёла.У іх Тэрэса Канецкая была пасвечана з дзяцінства. У памяці- намаганні вернікаў Даўгінаўскай парафіі, да якой належала яе сям’я, па прадухіленню,здавалася б, немінучага па тых часах закрыцця касцёла. Калі храм нейкі час не меў свайго святара, ксёндз Станіслаў Жук ахапіў сваёй душпастырскай працай і Даўгінаўскую парафію.

Святарства ксяндза Станіслава Жука прыйшлося на самыя змрочныя часы рэлігійнага пераследу. Калі ваяўнічы атэізм стаў стрыжнем ідэалогіі апантаных прывідам камунізму ўладаносцаў. Цераз дзверы зачыненых храмаў выносіліся царкоўныя рэліквіі, руйнаваліся сцены — рэалізаваныя рукамі будаўнікоў тварэнні розуму лепшых дойлідаў свету. Навязлівыя ідэі ворага роду чалавечага захліствалі людзей, пасвечаных дамарослымі атэістамі ў крытыканскае пустазвонства «бібліі для веруючых і няверуючых». Менавіта ў такі змрочны час ксёндз Станіслаў Жук рэлізоўваў сваё святарскае пакліканне ў касцёлах Вілейскай акругі. Касцяневіцкі касцёл, спалены ў час вайны, ён з парафіянамі адбудоўваў нанава.

Пачатак шляху

Нарадзіўся Станіслаў Жук 8 сакавіка 1902 годаў Свенцянах на Віленшчыне. Вучыўся ў расійскай пачатковай школе, а затым-гімназіі. Пачалася вайна і нямецкая акупацыя. Каб дапамагчы бацьку ўтрымліваць сям’ю з дзесяці чалавек, падлетак працаваў спачатку лесарубам, а пасля- ардынарцам у вайсковага бурмістра. Сваё імкненне да навукі Станіслаў працягнуў рэалізоўваць толькі ў 1919 годзе ў польскай гімназіі ў Свенцянах, а пасля вайны – у Торуні. Тут таксама была гімназія, дзе Станіслаў Жук працягнуў навуку і ў1923 годзе атрымаў атэстат. На жыццё сабе зарабляў прыватнымі ўрокамі. У адным са сваіх лістоў ксёндз Станіслаў так распавядае аб каранях свайго пакліканняі «залатой ніці любові і дабраты Божай», якая нястомна вяла яго па жыцці: «Тут на зямлі ніць пачала віцца ў сям’і… Бацькоў мне Бог даў простых, бедных, але шчыра веруючых Богу… Шчодра асыпаў мяне Бог памяццю, захапленнем і здольнасцю да навукі, лёгкасцю вымовы. Асаблівым дарам была любоў да рэлігійнай практыкі. Таму ўжо ў дзяцінстве гаварылі, што Стась будзе ксяндзом».

Юнак напачатку марыў вывучаць будову машын, тэхніку ўзвядзення мастоў. У пісьмах ён распавядае, што нават рыхтаваўся да конкурснага экзамена ў Варшаўскі політэхнічны інстытут. «Аднак Бог распарадзіўся па-іншаму і выбраў мяне, …да будаўніцтва іншых мастоў-мастоў да неба. Пераварот наступіў у апошні год, пад час вялікапосных рэкалекцый… У выніку глыбей задумаўся над сэнсам свайго жыцця і прызначэння, у сваёй наіўнасці зрабіў вывад, што каб заслужыць сабе збаўленне, патрэбна аддацца службе Божай у якасці святара.» Сваю тайну юнак колькі часу трымаў у сабе. Падзяліўся ёю на выпускным вечары, чым выклікаў усеагульнае здзіўленне, а ў некаторых выкладчыкаў-і расчараванне. Радаваўся толькі ксёндз-прэфект, які выкладаў у гімназіі рэлігійную навуку. На развітанне ён падарыў Станіславу арыгінальнае выданне пра спадчыну Хрыста, суправадзіўшы свой дарунак словамі: “Ні на якой іншай дарозе няма столькі супярэчнасцей, цяжкасцей і людской няўдзячнасці, як на гэтай. Але, разам з тым, ні на якой няма столькіх Божых ласк, як на ёй” …У справядлівасці шчырых слоў свайго духоўнага настаўніка Станіслаў Жук пераконваўся на працягу ўсяго свайго далейшага жыцця.

Дзесяцігоддзе ў Будславе

У кастрычніку 1923 года ён быў прыняты ў Віленскую духоўную семінарыю. А праз пяць год атрымаў святарскае пасведчанне з рук ксяндза-арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.Затым была праца ў Віленскай архідыяцэзіі. Беласток, Гродна, Кузніца Беластоцкая, Ашмяны, Ракаў… У 1936-1946 гадах ксёндз Станіслаў стаў пробашчам Будслаўскага касцёла. Не толькі як пра духоўнага настаўніка, але і проста цікавага чалавека, адгукаюцца пра яго былыя парафіянкі Луцыя Косач, Матыльда Ліброўская, Ганна Пэціў. Ён быў досыць патрабавальным на катэхезах і вельмі вясёлым, калі са сваёй любімай мандалінай праводзіў з моладдзю вольны час. А пачалася вайна-і святар праявіў высокую чуласць да людскога гора. Хаваў ад немцаў яўрэйку, свядома рызыкуючы ўласным жыццём, укрываў яе на касцёльнай вежы, дапамагаў савецкім салдатам, што засталіся ў сілу розных абставін на акупаванай зямлі. Толькі моцай Боскай можна вытлумачыць цудоўнае ацаленне Будслаўскага касцёла. Немцы, адступаючы, меркавалі яго знішчыць, як і многае з духоўных рэліквій на акупаванай імі зямлі.Калі ворагі падыйшлі да мястэчка, ксёндз з групай парафіян падаліся ў лес. І маліліся там цэлую ноч. Варожае войска абмінула Будслаў.

Касцяневічы

Адразу пасля вайны ксёндз стаў дэканам Вілейскага дэканату. У сваіх лістах ён так піша аб новых задачах: «трэба было навесці парадак у дэканаце, бо немцы парадкам парадзілі рады ксяндзоў… Цэнтральным пунктам асірацелай парафіі былі Касцяневічы, таксама спаленыя. Ад касцёла уцалелі толькі сцены, а ад плябаніі не засталося нават попелу. Не мог прапанаваць нікому такога «раскошнага» месца…Пазбавіўся многіх рэчаў і, маючы толькі самае неабходнае, прыехаў на гэтае папялішча. Знайшоў сабе закінутую вясковую хату, без вакон і дзвярэй, з дзіравым дахам. Стаў жыць разам з Панам, пад адным дахам»… Літаральна праз пару месяцаў была збудавана часовая капліца, дзе можна было адпраўляць імшу. Святар разам з рабочымі працаваў на рыштаваннях, разам з імі маліўся. Па нядзелах у разбураных сценах праходзілі набажэнствы. У адным са сваіх лістоў ксёндз распавядае, што адбудова матэрыяльная лягчэй яму далася, чым аднаўленне духоўнае: «Ёсць у парафіі душы сапраўды шчырыя і верныя, але большасць – гэта халодныя і абыякавыя. І гэта – боль з боляў».

Святароў у той час было мала. Абмежаванымі былі і магчымасці дайсці да ўсіх са словам ісціны. Дадайце яшчэ валадарства ваяўнічага атэізму. Наведванне храмаў жорстка кантралявалася мясцовымі ўладамі. Дзецям забаранялася чуць слова Божае. Людзі майго пакалення памятаюць, якім пакутным быў іх шлях да веры. Цераз кантроль і пераслед, водпаведзі настаўнікаў на школьных уроках…

Ён вёў сціплае жыццё, застаючыся ў той самай хатцы, якая і сёння захавалася, напэўна, ў сваім першаствораным выглядзе. Яна, непрыкаяная ў сваёй адзіноце, пахілілася паміж гэткіх жа маркотных дрэўцаў, як помнік самаахвярнасці святара і вернасці яго Боскаму пакліканню.

Мяняюцца часы і людзі – і ўжо ў процілегласць мінорнаму настрою святара іншы тон набываюць яго допісы да блізкіх: «…Найперш пачалі лагаднець людскія сэрцы і гарнуцца да пакуты… Наведванне ўсе дні і ночы чування было добрае.Выйшла ўсё цудоўна. Як гэта добра аддаць і даверыць усё Пану Найдабрэйшаму і Усемагутнаму. Пасля Вялікапоснага смутку прыйшла Велікодная радасць. Сапраўдная радасць. Алелюя!»…»Каталіцызм існуе для звычайных людзей, а не толькі для гераічных душ. Бог патрабуе ад сваіх прыхільнікаў не аднолькава, а ў залежнасці ад індывідуальнасці кожнага. Перш за ўсё-гэта такая Дабрыня і Любоў, якую мы нават не можам уявіць. І адносіны чалавека да Бога павінны перш за ўсё грунтавацца на Любові і веры, веры ў Яго Любоў» – Блізкія адзначаюць апостальскую роль прыватнай карэспандэнцыі святара: ”Наш былы пробашч пісаў тым, якія выехалі з Беларусі, пастырскія лісты, поўныя бацькоўскага клопату аб кожным”.

Памёр ксендз Станіслаў Жук 7 скавіка 1983 года. Пахаваны на могілках у Касцяневічах. Перад сваім адыходам у вечнасць ён напісаў так званы тэстамент, апошняе слова з-за труны для сваіх парафіян. У ім – падзяка «за радасць і ўцеху, якія рабілі майму святарскаму сэрцу ваша вера, ваша любоў і вернасць Богу»… І – просьба аб прабачэнні:» Потым хачу вас усіх вельмі шчыра і пакорліва перапрасіць за ўсё, у чым вінаваты перад вамі… Не ўсім, як трэба, ўслужыў,шматлікіх засмуціў, балюча дакрануўся і параніў сэрца, не аднаго пакрыўдзіў і шматлікіх расчараваў. Вельмі часта гаварыў сабе і Богу, а зараз гэта гавару перад вамі: мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна… Напрыканцы яшчэ адно:»Любіце адзін другога ўзаемна, як дзеці Божыя, любоўю шчырай, зычлівай, паслужлівай, ахвярнай, цярплівай і прабачаючай… Каб Езус па тым пазнаваў, што вы – вучні Яго… «Сапраўдным запаветам з-за мяжы вечнасці гучаць для нас, веруючых хрысціян, гэтыя словы святара, які з гонарам прайшоў свой зямны шлях і сёння апякуецца за нас у Небе.

Марыя КУЗАЎКІНА

Да ведама: кнігу «На стражы веры» можна набыць у Вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа.

Асаблівую цікавасць выклікаюць пісьмы святара да пляменніцы Дануты Жук і студэнтак інстытута каталіцкага ў польскім горадзе Гетжвалдзе.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 38 queries