Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гісторыя Вілейкі праз помнікі Пілсудскаму, Сталіну, Леніну

Вілейка, безумоўна, адносіцца да ліку гарадоў з уласным непаўторным абліччам. Першыя ўзгадкі Вілейкі ў пісьмовых крыніцах адносяцца да 1460 года, хаця горад намнога старэйшы. У наш час, на пачатку 21 стагоддзя Вілейка захавала даволі шмат гістарычных будынкаў, месцаў, што з’яўляюцца сведкамі гістарычнага мінулага, аднак некаторыя з іх, – часам, самыя каштоўныя – страчаны беззваротна.
Калі ідзеш па вуліцах нашага горада,заўжды здзіўляешся, наколькі гарманічна і ўнікальна тут пераплятаецца гісторыя і сучаснасць. Прычым, у большасці мы не заўважаем гэтай унікальнасці, бо прыгожы будынак неагатычнага стылю для нас звычайны будынак стаматалагічнай палікліннікі, а будынак канца 19 стагоддзя ў стылі класікі – звычайны «будынак на базары». Напэўна, ўсё таму, што гэта для нас становіцца паўсядзенным, звычайным.
Вілейка – унікальны і непаўторны горад, кожны яе куточак, кожны будынак прасякнуты гісторыяй, мастацкімі адметнасцямі. Галоўнае – не спяшацца ў час прагулкі па горадзе і тады адметнасці Вілейкі загавораць з вамі на мове гісторыі.
Польская гімназія, велічныя храмы і нават малапрыкметная дамы – гэта ўсё Вілейка, такая блізкая і далёкая. Але, пагадзіцеся, гісторыя горада схаваная не толькі ў пышнай і манументальнай гарадской забудове. Шпацыруючы па горадзе, важна не выпусціць з погляду ніводнага помніка ці скульптуры. Уся справа ў тым, што гэта таксама гісторыя, якая можа многае расказаць пра жыццё горада і яго цікавыя факты.
Само слова «помнік» можна знайсці яшчэ ў старажытных слоўніках, у якіх яно трактуецца, як памяць, або памятны запіс. Самым першым помнікам, быў помнік Адаму, які складаўся толькі з гары камянёў, якія нашчадкі насыпалі над яго целам. Зараз гэта месца называюць Галгофай, і кожны лічыць за гонар наведаць яго. Таксама першымі помнікамі можна лічыць рымскія старажытныя калоны і аркі, або конныя статуі імператараў і скульптуры вядомых людзей. Помнікі ў наш час не толькі «запісваюць» гісторыю чалавецтва, але і ўвекавечваюць яе для будучых пакаленняў, якія хочуць ведаць, што было ў іх мясцовасці ў гісторыі. Так ці інакш, людзі спрабавалі пакінуць з дапамогай помнікаў частку гісторыі і мець магчымасць зносін з пэўнымі падзеямі ці чалавекам праз пэўны прамежак часу.
Давайце зробім гістарычны зрэз помнікаў горада Вілейкі, якія былі і страчаны, і якія існуюць на сённяшні час.

1. Помнік з барэльефам Юзэфу Пілсудскаму 

12

З 1921 года тэрыторыя Заходняй Беларусі па Рыжскай мірнай дамове адышла да Польскай дзяржавы. Менавіта, з гэтага года і Вілейка з большасцю тэрыторыі Вілейскага раёна апынулася «пад Польшчай». Новыя ўлады перайменавалі большасць вуліц, пабудавалі ў Вілейцы значную колькасць новых будынкаў і арганізавалі новыя ўстановы.
Ключавым момантам тагачаснага жыцця Вілейкі было найменаванне галоўнай вуліцы горада ў гонар Ю. Пілсудскага (зараз гэта вуліца Савецкая) – польскага ваеннага, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча, першага кіраўніка адроджанай Польскай дзяржавы, заснавальніка польскай арміі, маршала Польшчы.
Значнай падзеяй стала і ўстаноўка ў гарадскім парку помніка з барэльефам Пілсудскага. Гэта быў першы вядомы нам помнік палітычнаму дзеячу, які ўсталявалі ў горадзе. На жаль, як у цэлым выглядаў гэты манумент, пакуль невядома, бо ўсе тыя фотаздымкі, што захаваліся,не даюць нам поўнага ўяўлення аб яго знешнім вобліку. Бачна, што гэта чатырохгранны пастамент-калона недзе прыкладна 2,5 метры ў вышыню, на вонкавай частцы якой змешчаны барэльеф з выявай профіля Пілсудскага і годам адраджэння Польскай дзяржавы.
Помнік быў дэмантаваны ў 1939 годзе, пасля далучэння тэрыторыі Заходняй Беларусі да БССР, калі была ўтворана Вілейская вобласць з абласным цэнтрам у Вілейцы.
Ёсць меркаванні, што яго сцягнулі ў раку Вілію, дзе ён ляжыць да сенняшняга часу.

2. Помнік-стэла на польскіх могілках па вуліцы 1 Мая

2а

2.1

У 1920-я гады з’явіўся помнік (а дакладней два помнікі) на месцы пахавання польскіх салдат, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны 1919-1921 гадоў. Гэта бетонная чатырохгранная стэла вышынёй каля 5 метраў, на гранях якой размяшчаюцца выявы крыжа з польскім арлом. Да нашага часу стэла захавалася ў нязменным выглядзе. У мінулым годзе польскія валанцёры пафарбавалі крыжы з арламі на помніку.
Побач са стэлай, пры ўваходзе на «польскія» могілкі, размяшчаецца помнік накшталт абеліска з гранітных валуноў у гонар салдат-памежнікаў і паліцэйскіх, якія пахаваныя побач. Да нашага часу не захавалася навершые абеліска ў выглядзе арла з ракінутымі крыламі, які ў кіпцюрах трымаў меч. Гэта гіпсавая птушка была разламана прыкладна ў 60-я гады.

3. Помнік Іосіфу Сталіну ў гарадскім парку

3а

Помнік Сталіну ўзвышаўся сярод гарадскога парка. Гэта жалезабетонная фігура мела агульную вышыню каля 4 метраў (2,5 м скульптура і каля 1,5 м пастамент). Помнік з’яўляўся дакладнай копіяй манумента «Сталін», што месціўся на ВДНГ у Маскве каля павільёна «Механізацыі». Скульптура прадстаўляла сабой «…гіганцкі манумент, які паказвае арганізатара і натхняльніка перамог сацыялістычнага будаўніцтва, любімага правадыра і настаўніка народаў СССР і працоўных усяго свету – вялікага Сталіна…», пад аўтарствам знакамітага скульптара С. Д. Мяркурава.
Вілейскі манумент быў размешчаны на асаблівай прыпаднятай пляцоўцы з чашамі-кветнікамі, побач з круглым павільёнам, што стаяў у парку. У 50-я гады помнік быў пафарбаваны бронзавай фарбай і меў выгляд металічнай скульптуры.
Пасля смерці І. Сталіна і пачынаючай кампаніі па выкрыцці культу яго асобы, у 1953-54 гадах, за адну ноч, помнік прыбралі з парку ў Вілейцы.
Некаторыя сведкі сцвярджаюць, што ён быў закапаны ў траншэі каля былога хлебазавода (зараз каля будынкаў аддзела адукацыі і упраўлення капітальнага будаўніцтва).

4. Помнік вызвалення

IMG_2301

Многія віляйчане памятаюць помнік у гарадскім парку з мінамётам. Менавіта, гэты мінамёт быў устаноўлены ў 1955 годзе на пастаменце, які застаўся ад помніка Сталіна.
Так, да 10-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 11-годдзя вызвалення горада ў парку культуры і адпачынку быў усталяваны помнік-мінамент у гонар вызвалення горада. У 1984 годзе на пастаменце былі ўсталяваны мемарыяльныя дошкі з надпісам-прысвячэннем і прозвішчамі савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за горад.
У 1989 годзе пастамент быў дэмантаваны, мінамёт здадзены, а недалёка,на новым месцы, устаноўлены гранітны прыродны валун з інфарматыўнай дошкай-прысвячэннем вызваленню горада.
Хаця, трэба было старацца захаваць помнік-мінамёт, бо па знешнім выглядзе сучасны помнік-валун намнога саступае былому. На вялікі жаль.

5. Помнік Леніну

5а

Першапачаткова скульптура Уладзіміра Ільіча была ўстаноўлена ў 1958 годзе. Як ужо адзначалася, помнік Леніну стаяў без вялікага пастамента-пляцоўкі і быў павернуты да цяперашняга будынка райвыканкама і толькі ў 1970-я гады вырашылі зрабіць плошчу для парадаў, для чаго знеслі частку забудовы вуліцы 17 Верасня. У той час, помнік Леніну развярнулі на 180 градусаў да новай плошчы (у бок царквы), пабудавалі пастамент-трыбуну і зрабілі рэстаўрацыю жалезабетоннай скульптуры.
Цікавы факт – у Вілейцы кожны ведае нашу галоўную плошчу як плошчу Леніна, хаця яе афіцыйная назва – Цэнтральная. За ўсе гады савецкай улады ў Вілейцы не было ні вуліцы Леніна, ні плошчы. Калі пра такі факт даведалася б партыйнае кіраўніцтва, то быў бы сур’ёзны «казус». Аднак у народзе стабільна замацавалася назва «плошча Леніна», што і не давала падставы для якіх-небудзь сумненняў.

6. Помнік землякам

6

Размяшчаецца помнік на плошчы Свабоды, у выглядзе скульптуры воіна і партызана са сцягам, як сімвал барацьбы воінаў Чыр-вонай арміі і партызанскага руху супраць нямецкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены помнік у 1968 годзе на ўшанаванне памяці 119 землякоў-віляйчан, якія загінулі і не вярнуліся з вайны. Аўтарам скульптары з’яўляецца Курачкін Акім Рыгоравіч.
У савецкі перыяд большасць парадаў і мітынгаў,прысвечаных 9 мая і 3 ліпеня, праходзіла менавіта на гэтай плошчы.
За апошнія дзесяцігоддзі помнік захаваўся ў нязменным выглядзе, толькі некалькі год таму былі заменены гранітныя пліты з прозвішчамі і галоўная дошка на пастаменце.

Сяргей ГАНЧАР. Фота з архіва ТАП і рэдакцыі.
Пряцяг – у наступным нумары

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 133 queries