Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Гэта зямля, дзе нашы дзяды былі шчаслівымі…»

Нашчадкі знакамітага роду
Лампрэхтаў, што будавалі
на Вілейшчыне млыны і заводы, наведалі наш раён.

На гэтым тыдні Вілейскі раён наведалі нашчадкі знакамітага нямецкага роду Лампрэхтаў, якіх у канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя запрасілі на нашы землі прадстаўнікі шляхецкага роду Багдановічаў, што мелі маёнткі ў Стайках, Мацькаўцах, Зацемені, Арпе і Абадоўцах. Выдатныя інжынеры, упраўляючыя і аканомы – такімі ў гісторыю Вілейшчыны ўвайшлі Лампрэхты.
– Шмат гадоў мы шукаем свае карані, вывучаючы радаслоўную і наведваючы тыя мясціны, з якімі былі звязаны нашы продкі, – падзяліўся з намі прадстаўнік роду – Марэк Лампрэхт. – Тут, на Вілейшчыне, нарадзіліся, жылі і працавалі Генрых Лампрэхт, Карл Лампрэхт і іншыя нашы продкі.
Першым мястэчкам, якое наведалі нашчадкі Лампрэхтаў была Вязынь. Менавіта тут, у пана Гяцэвіча ў вязынскім маёнтку, працаваў вядомы інжынер Генрых Лампрэхт. Захаваліся цікавыя ўспаміны яго сына Генрыха Лампрэхта-малодшага, якія нам даюць цікавыя факты з гісторыі Вілейшчыны: «Мой бацька ў 1918 годзе ўладкаваўся на працу ў якасці аканома млына ў Вязыні. Менавіта тут, у Вязыні, я нарадзіўся і жыў да канца Першай сусветнай вайны. Пасля вайны мой бацька купіў фальварак Калодчына, што каля Ільі, і арандаваў вадзяны млын у Старой Гуце. А ў 1924 годзе пабудаваў новы вадзяны млын у Вязыні…». Млынамі, броварамі роду Багдановічаў, Любанскіх і Гяцэвічаў, а таксама картоннай фабрыкай ў Раёўцы (зараз Маладзечанскі раён) кіравалі Лампрэхты.
У Вязыні мясцовая настаўніца і краязнаўца Вольга Суднік правяла экскурсію для прадстаўнікоў роду Лампрэхтаў па былых мясцінах маёнтка Гяцэвічаў, распавёўшы цікавыя гісторыі і паказаўшы капліцу, адметныя будыніны і фрагменты парку, воднай сістэмы, што захаваліся ад часу, калі тут працаваў Генрых Лампрэхт. Затым разам з сябрамі вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў і яе кіраўніком Дзянісам Канецкім нашчадкі Лампрэхтаў наведалі мясцовыя каталіцкія могілкі, дзе пахаваны іх продкі.
Маршрут паездак гасцей з Польшчы быў насычаным: Вілейскі краязнаўчы музей, Ільянскія школьныя музеі і сама Ілья, Абадоўцы, Старынкі, Мацькаўцы, Стайкі, Альковічы. У Мацькаўцах захаваўся да нашага часу пабудаваны Лампрэхтам паравы млын. Гэта адзін з лепшых узораў прамысловай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Сцены млына складзены з бутавага і колатага каменя, будынак у плане прамакутны, асноўнае памяшканне двухпавярховае, з роўнымі радамі вокнаў. З паўночнай часткі да асноўнага будынка прыбудавана паніжанае памяшканне, што знаходзіцца пад адзінай двухскатнай страхой і мае агульны фасад. Франтоны, вуглы, аконныя праёмы выкладзены з чырвонай цэглы, а кладка з вапны мае ўкрапаванні чорнага друзу. На ўсходнім франтоне ўмураваны камень з надпісам «1901 Rok ICY». У 1920-я гады гэты млын служыў і паркавым павільёнам маёнтка Мацькаўцы, што адпавядала сядзібна-паркавай модзе таго часу.
На могілках у Альковічах Лампрэхты таксама наведалі магілы сваіх блізкіх, дарэчы, тут у альковіцкім касцёле вянчаліся іх продкі. Сярод іншых пахаванняў вілейскімі краязнаўцамі разам з прадстаўнікамі роду Лампрэхтаў былі знойдзены цікавыя надмагільныя пліты роду Фалькоўскіх шляхецкага гербу Даліва, пра якія раней амаль не было вядома.
Цікавыя старыя фотаздымкі і дакументы прывезлі з сабою нашчадкі роду Марэк, Петр і Томаш Лампрэхты. На іх мы бачым віды млыноў, маёнткавых пабудоў у Вязыні, Старой Гуце, Ільі, Калодчыне. Гэта неацэнныя гістарычныя артэфакты нашай гісторыі, што даюць магчымасць больш падрабязна вывучаць мінулае нашага краю, даведвацца пра яго выбітных асоб. Вельмі важна, каб нашчадкі вывучалі свае радаводы продкаў, шукалі пра іх звесткі і перадавалі гэтыя веды маладому пакаленню. Без гэтага не можа быць паўнацэннай будучыні.
Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries