Гэтых людзей аб’ядноўвае адзінае прафесійнае братэрства, яны улюбёныя ў сваю справу, сваю зямлю – гэта камбайнеры-тысячнікі нашага раёна. У знамянальную дату 13 лістапада, падчас абласных дажынак, сваіх землякоў, якія ўзвысілі Вілейшчыну, мы будзем вітаць асабліва горача.
Дажынкі сімвалізуюць глыбокую павагу да працы ўсіх, хто забяспечвае харчовую бяспеку нашай рэспублікі і прымнажае яе багацці. Работнікі вёскі не імкнуцца да ўшанаванняў і славы, яны проста добра выконваюць сваю штодзённую работу. Сціплыя, непераборлівыя, самы вялікі гонар для іх – прыносіць карысць краіне. Мы папрасілі герояў жніва сказаць некалькі слоў пра самае важнае для іх у сваё галоўнае свята.
ААТ «Стешыцы» Генадзь Клемантовіч:
– Усё склалася ў гэтым годзе на Вілейскай зямлі – шчодрасць нівы, надвор’е, якое дазваляла весці працу без прастояў, добрая арганізацыя ўборачнай кампаніі – усё гэта прывяло да доўгачаканага выніку. Разам з напарнікам Станіславам Максімовічам працавалі зладжана. Высыпалі зерне з бункера і думалі: «Вось яно, наша сельскае золата, народнае багацце!» Радавалася сэрца і з’яўляліся сілы працаваць далей.
Васілій Гнаценка:
– Я лічу, што раз ёсць высокі намалот – ёсць і дастатак, а значыць – гонар за раён, рэспубліку. Павышаецца дабрабыт не толькі грамадства, але і дзяржавы ўвогуле. Працаваць аддана павінен кожны чалавек, які лічыць сябе грамадзянінам сваёй краіны.
Філіял «Юнік-Агра» ААТ «Гармалзавод № 2» Аляксандр Русак:
– Традыцыйнае свята ўраджаю, хлебнага каравая, які праводзіцца ў абласным маштабе, калі працаўнікоў вёскі ўшаноўваюць на самым высокім узроўні, усенародна – усё гэта павышае прэстыж і прывабнасць хлебаробнай працы. Дажынкі – нацыянальная гордасць беларусаў, свята, калі мы ўсе духоўна аб’ядноўваемся.
Аляксандр Каспяровіч:
– Нам, як людзям, якія жывуць на Вілейшчыне, вельмі прыемна, што менавіта тут праходзіць абласное свята працаўнікоў вёскі. Гэта яскравая старонка ў гісторыі раёна. Дажынкі палепшылі не толькі знешні выгляд нашага райцэнтра, але і рытм, якасць жыцця людзей. Выдатная асаблівасць гэтага свята – кожны раз абнаўляць той ці іншы горад, рэгіён, дапамагаць яму яшчэ больш расквітнець.
РУП «Даўгінава» Пётр Седы:
– Для мяне ўборачная кампанія прайшла вельмі хутка. Працаваў ужо трынаццаты сезон. Канешне, былі свае цяжкасці, аднак упэўнены: вынік таго каштаваў. У будучым таксама буду старацца, каб у агульным хлебным караваі краіны таксама была і мая заслуга. Канешне, на свяце будуць ушаноўваць далёка не кожнага, хто ўдзельнічаў ва ўборцы ўраджаю: усе адначасова не могуць быць першымі. Таму ўсім, хто ўнёс сваю лепту ў агульны каравай, але не будзе ўдзельнічаць у свяце, не паднімецца на галоўныя сцэны, жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і працоўных здзяйсненняў, якія абавязкова будуць. Магчыма,ужо ў 2016 годзе.
Дзмітрый Ляшковіч:
– Усё мяняецца ў гэтым свеце, а праца хлебароба, як і шмат стагоддзяў таму, вельмі неабходная людзям. Яе вынікамі карыстаецца кожны грамадзянін нашай краіны. Трэба заўсёды памятаць пра тое, якой цяжкай працай здабываецца сельскагаспадарчая прадукцыя, якую кожны дзень мы бачым на нашых багатых сталах.
Кацярына КАРПІК


