Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Ганаровы ветэран Вілейскага раёна

Ганаровы ветэран Вілейскага раёна – гэта званне было прысвоена Ірыне Філіпаўне Чарнецкай, якая мае статус непаўналетняга вязня Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета падчас урачыстых святкаванняў у гонар 9 мая з гэтай нагоды Ірына Філіпаўна прымала віншаванні ад старшыні райвыканкама Віктара Ката. І гэта, думаецца, не адзіная яе ўзнагарода – за актыўную жыццёвую пазіцыю і неабыякавасць, адказнасць і сумленныя адносіны да працы. Было з каго браць прыклад: маці шмат год працавала ў гаспадарцы, а стараннасць яе неаднойчы была адзначана.

Жыццёвая вясна Ірыны Філіпаўны аказалася абпаленая вайной. Калі фашысцкая навала дайшла да Вілейшчыны, ёй было адзінаццаць. Нібы ўчора тое было – так дакладна яна памятае падзеі таго часу. Памятае – і жадае: не дай Бог нікому зведаць і ўбачыць тое, што давялося перажыць ёй…

Іх сям’я і жыла тут, у Капішчы, у ёй падрасталі чацвёра дзяцей – двое сыноў і двое дачок. Не абмінуў іх горкі лёс выгнанцаў. Разам з бацькамі трапілі спачатку ў Беласток, дзе «далі хоць трохі есці» – успамінае Ірына Філіпаўна. Пасля быў горад Эрфут – найгоршы па ўспамінах жанчыны. На ўсё жыццё засталася ў яе памяці карціна: дрот з абодвух бакоў, а пасярэдзіне гоняць людзей. У натоўпе – і яна. Нягледзячы на забарону маці, глядзіць на тое, як на транспарцёр кідаюць мёртвых людзей… Узялася за дрот – і знерухомела, застыла на месцы, не маючы сілы ісці ад жаху. Падбег немец, стукнуў па руках – людскі натоўп крочыў наперад… Пасля перавезлі іх у Нардхаузэн. Там «хадзілі на работу» – працавалі на табачнай фабрыцы. Дарэмную рабочую сілу фашысты кармілі бручкай з чарвякамі. Нялёгкімі былі тыя гады, але галоўнае, што на радзіму іх сям’я вярнулася ўся. Выжылі. Насуперак усяму.

Пасляваеннае жыццё не было салодкім. Трэба было шукаць, як пракарміцца – і яна пайшла працаваць пастухом. Потым – у паляводстве. Працавітую дзяўчыну заўважыў заатэхнік, прапанаваў перайсці ў жывёлагадоўлю. Працавала «на цялятах», потым – на свінаферме. Некаторы час, пакуль не было каму працаваць, была і даяркай, а потым зноў вярнулася на свінаферму. Ад працы не адмаўлялася ніколі. Тут жа, у Капішчы, яна выйшла замуж. Рана не стала мужа – дваіх дзяцей паднімала сама. Сёння сын Аляксандр жыве ў Мінску, дачка Наталля – у Вілейцы. Яны – жаданыя госці ў яе хаце, даглядаюць матулю, дапамагаюць ёй.

Усяму, што ўмее, Ірына Філіпаўна навучылася, як кажа, «сама праз сябе» – універсітэтаў канчаць у яе не было магчымасці. І спяваць яна таксама навучылася сама. А пасябравала з песняй на ўсё жыццё. Назваць любімую ёй няпроста – падабаюцца розныя. Удзел у працы грамадскага аб’яднання ахвяр нацызму «Памяць вайны» для яе – своеасаблівы штуршок. Яна любіць зносіны з людзьмі, у яе хаце часта бываюць члены аб’яднання. Размаўляюць, спяваюць, дзеляцца ўспамінамі.

– «Сіла ўнутры нас» – гэта пра Ірыну Філіпаўну, – адзначыў Якаў Яўгенавіч Дрэер, старшыня ГА АН «Памяць вайны». Ён завітаў да нас у рэдакцыю незадоўга да прыгожага юбілею гераіні гэтай публікацыі, які яна адзначыць 4 чэрвеня. Якаў Яўгенавіч і ўсе члены аб’яднання адрасуюць Ірыне Філіпаўне толькі найлепшыя пажаданні з нагоды 85-годдзя, а мы да іх далучаемся.

Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 31 queries