11 кастрычніка споўнілася 345 год з дня нараджэння Піліпа Орліка. Будучы гетман Украіны нарадзіўся ў 1672 годзе ў вёсцы Касута Ашмянскага павета (цяпер Вілейскі раён). Піліп Орлік, гетман Украіны ў першай палове XVIII стагоддзя, увайшоў у гісторыю як аўтар першай украінскай канстытуцыі, якая была напісана ім за некалькі дзесяцігоддзяў да амерыканскай канстытуцыі 1787 года, канстытуцыі 3 мая 1791 года ў Рэчы Паспалітай і французскай канстытуцыі 3 верасня 1791 года. Канстытуцыя Піліпа Орліка з’яўляецца першай і ў Еўропе, і ў тагачасным Новым Свеце (Амерыцы). У дзень нараджэння Піліпа Орліка 11 кастрычніка Вілейку наведала ўкраінская дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў пасольства Украіны і ўкраінскай дыяспары. Яны ўсклалі кветкі да памятнага знака на малой радзіме Піліпа Орліка ў вёсцы Касута і прынялі ўдзел у адкрыцці выставы, прысвечанай знакамітаму земляку, ці ў выставачнай зале краязнаўчага музея, дзе таксама прэзентавалі памятны альбом.
Бацька Піліпа Орліка Стэфан паходзіў са старажытнага чэшскага баронскага роду. Палітычныя абставіны 15 стагоддзя прымусілі аднаго з прадстаўнікоў гэтага роду выехаць з Чэшскага каралеўства ў Польшчу, а затым і на Літву і Беларусь. Са шляхецкага роду герба «Навіна» і паходзіць непасрэдна будучы гетман Украіны Піліп Орлік. Бацька Піліпа ўдзельнічаў у вайсковых паходах і загінуў у бітве пад Хоцінам (Украіна) 11 лістапада 1673 года. Тады Піліпу Орліку было крыху больш года. Яго маці Ірына Малахоўская паходзіла з праваслаўнага шляхецкага роду і ахрысціла хлопчыка па праваслаўным абрадзе. Пасля смерці бацькі выхаваннем сына займалася маці.
Якім чынам Орлікі апынуліся ў Касуце тагачаснага Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, невядома. Як невядома і пра першыя крокі Піліпа. Пачатковае навучанне ён атрымаў у ваколіцах роднага месца – «у школе на Літве», затым ён вучыўся ў Віленскім езуіцкім калегіўме. Потым Піліп Орлік з маці пераязджаюць у Кіеў, дзе ён працягваў сваю адукацыю ў праваслаўным Кіева-Магілянскім калегіуме. Як адзін з найлепшых выпускнікоў, Піліп спачатку працаваў пісарам у кансісторыі Кіеўскай метраполіі, а прыкладна з 1693 годзе ён быў прыняты ў гетманскую канцылярыю і пераехаў у рэзідэнцыю гетманаў Украіны, дзе зрабіў бліскучую кар’еру.
Высокая адукаванасць, здольнасць і працавітасць юнака прыцягнулі ўвагу гетмана Івана Мазепы, і ў 1702 годзе Піліп Орлік заняў вельмі важную пасаду ў гетманскай адміністрацыі – генеральнага пісара. Цяпер ён не толькі ўзначальваў гетманскую канцылярыю, але і займаўся справамі кіравання краінай. Неўзабаве Піліп Орлік ажаніўся з Ганнай Горцык, дачкой вядомага генерала. А калі ў іх сям’і нарадзіўся першынец Рыгор, то яго хросным бацькам стаў гетман Іван Мазепа. Потым Піліп Орлік разам з гетманам Мазепам быў удзельнікам Палтаўскай бітвы, а затым яны разам апынуліся ў эміграцыі. Пасля смерці Івана Мазэпы Піліп Орлік быў выбраны гетманам і прыняў ад казацкай рады булаву гетмана Багдана Хмяльніцкага.
Адной з найважнейшых спраў маладога гетмана, стала напісанне пагаднення, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Канстытуцыя правоў і свабод Запарожскага Войска». Канстытуцыя Украіны 1710 года, напісаная Піліпам Орлікам, была створана на падставе традыцыйнага казацкага права, але з новымі элементамі парламентарызму. Улада гетмана абмяжоўвалася, каб пазбегнуць яго аўтарытарнага панавання. Упершыню ў Еўропе была выпрацавана рэальная мадэль вольнай, незалежнай дзяржавы, заснаваная на нязнаных дасюль прынцыпах дэмакратыі, якая нават некаторы час дзейнічала на тэрыторыі Правабярэжнай Украіны. Мэтай гэтай Канстытуцыі было аб’яднанне Права- і Левабярэжжа Украіны ў моцную Украінскую дзяржаву пад уладай аднаго гетмана.
Еўрапейскія дзяржавы прызналі новага гетмана Піліпа Орліка. Наперадзе у выбранага кіраўніка была барацьба за незалежнасць Украіны. У гэты час Орлік займаецца не толькі палітычнымі справамі, але і грамадскімі праектамі, а таксама стварае паэтычныя творы і многае іншае.
Далейшы жыццёвы лёс завёў Піліпа Орліка ў Польшчу, Францыю, а затым у Турцыю. Апошнія 12 гадоў свайго жыцця ён правёў у Салоніках у Грэцыі. Пасля пераехаў у Ясы (Румынія), дзе і памёр 24 мая 1742 года ва ўзросце 70 гадоў.
Старэйшы сын Піліпа Орліка – Рыгор Орлік (1702-1759) – стаў выбітным разведчыкам, дыпламатам, а затым і ваенным начальнікам – генерал-лейтэнантам Францыі. Ён меў тытул графа. Быў цяжка паранены ў Сямігадовай вайне і 14 лістапада 1759 года памёр ад ран у Германіі, быў пахаваны на беразе Рэйна. Людовік XV пісаў яго ўдаве: «Мадам! Я страціў найгоднейшага двараніна Францыі, адважнага і выбітнога генерала, імя якога застанецца ў слаўных аналах Арміі. У бязмежным горы, што ў Вас здарылася, знайдзіце суцяшэнне ў гэтым маім прызнанні, што спадар граф Орлік памёр, як мае паміраць чалавеку яго роду і годнасці «. У ХХ стагоддзі на былых землях сына Піліпа Орліка на поўдзень ад Парыжа ў цяперашнім прыгарадзе быў пабудаваны вядомы аэрапорт Орлі. Так што імя беларускага шляхціча Орліка засталося на карце Францыі.
У гонар Піліпа Орліка названы вуліцы ў многіх населеных пунктах Украіны; у шведскім горадзе Крыстыанстад усталяваны мемарыяльная шыльда на доме, дзе пражываў Орлік, і непадалёк – помнік з канстытуцыяй і булавой гетмана. У чэрвені 2011 года ў Кіеве ўсталяваны помнік Піліпу Орліку, які знаходзіцца на вуліцы, названай у яго гонар. Заснавана і ўкраінская прэмія імя Піліпа Орліка, а таксама яго партрэт размешчаны на паштовай марцы, а ў 2002 годзе была выпушчана і памятная манета, прысвечаная Піліпу Орліку.
Памятаюць свайго земляка і на Вілейшчыне: у вёсцы Касута ўсталяваны памятны валун з дошкай, а ў Вілейцы яго імя носіць адна з вуліц, дзе таксама ўсталявана памятная дошка. У Вілейскім раёне ладзяцца ў гонар Орліка выставы, мастацкія пленэры і многае іншае.
Ганарымся нашым знакамітым земляком.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота Надзеі АЎДЗЕЙ