Карагод сяброўства
Вянок з гербаў вакол дрэва дружбы на цэнтральнай плошчы Вілейкі папоўніўся за гэтыя святочныя дні яшчэ чатырма памятнымі знакамі. Пакрывалы з сімвалаў сваіх гарадоў і рэгіёнаў знялі прадстаўнікі дэлегацый Усевалжскага раёна Ленінградскай вобласці, Валдая (Расійская Федэрацыя), Бліжына (Польшча), Унны (Германія). А перед цырымоніяй адкрыцця адбылося ўручэнне святочных караваяў гасцям на фоне харэаграфічнай замалёўкі – каларытнага рытуалу, што стаў своеасаблівым гімнам хлебу. Прадукт спажывання, хлеб прысутнічае на стале кожнага народа і нясе ў сабе пры гэтым высокі духоўны сэнс. У ім матэрыялізаваны наша гісторыя, традыцыі, працоўныя набыткі. Менавіта аб гэтым думалі арганізатары мерапрыемства, закладваючы ў яго сцэнарый агучаныя вядучымі радкі.
Суседзяў гасцінна і шчыра
вітаем
На шчодрай і слыннай
вілейскай зямлі
І дорым вас спелым, як мёд,
караваем,
Каб дужымі, быццам асілкі,
былі…
Гісторыя міжнародных кантактаў Вілейкі налічвае ўжо за 35 год. Першай кветкай у шматколерным букеце сяброўства быў Пераяслаў-Хмяльніцкі, затым – свяшчэнны горад Мажайск. Пабрацімы штогод прысылаюць дэлегацыі на святкаванне гадавіны вызвалення Вілейкі, якую мы адзначаем штогод 2 ліпеня ў рамках адметнай у жыцці краіны даты – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Пра гэтыя абставіны нагадала прысутным старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч.
Гасціннасць віляйчан і добрыя змены на нашай зямлі адзначалі ўсе прадстаўнікі дэлегацый, якія палічылі асабістым абавязкам выказаць свае найлепшыя намеры адносна перспектывы нашага сяброўства. Струменіў фантан, гучалі песні – не толькі на беларускай, але і на мовах братніх народаў. Раздзеленых межамі, але паяднаных агульнымі лёсамі і памкненнямі да дружбы. У кнізе народнай дыпламатыыі былі занатаваны новыя радкі – яркае сведчанне таго што повязь гісторыі і на фоне яе – чалавечых лёсаў – маюць аднолькава глыбокія карані. Яны сімвалічна сілкуюць дрэва, аплеценае рознаколернымі стужкамі, якія традыцыйна павязалі на яго галінках вілейскія госці. У імя здзяйснення пажадання, выказанага аўтарамі святочнага сцэнарыя.
Няхай жа надзейным
і велічным стане,
Сяброўскі расце і гудзе карагод.
Ім і завяршылася святочная дзея на Цэнтральнай плошчы. А ў сэрцах гасцей, будзем спадзявацца, яшчэ доўга будуць гучаць песні, пачутыя на нашай зямлі, у выкананні творчых і па-сапраўднаму таленавітых нашых землякоў – Вікторыі Ількевіч, Таццяны Макарэвіч, Леаніда Гайчука, узорнага дзіцячага калектыву «Экспромт». Запомняцца танцавальныя нумары пад гучанне інструментаў, на якіх ігралі нашы продкі.
Дзеля таго свае ўрокі,
Напэўна, продкі і вялі,
Каб наша мары, нашы крокі
Заўсёды светлымі былі.
Са святам, любімы горад!
Менавіта з гэтых слоў вядучых пачалася святочная дзея ва ўрочышчы Дубаўка. Яна праходзіла ў абрамленні кветкавых кампазіцый, у аздобе выстаў народных умельцаў, навучэнцаў каледжа, устаноў адукацыі. Настрой прысутных стварыла вакальна-харэаграфічная кампазіцыя ў выкананні дзіцячага танцавальнага калектыву Палаца культуры, ансамбля танца «Карагод» гімназіі №2, выхаванцаў дзіцячай юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву.
Па традыцыі землякоў прывіталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Васільевіч Сініла, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Азоравіч Спільнічэнка. Ад імя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны прысутных павіншавала са святам Валянціна Аляксандраўна Валынец. Падкрэсліўшы высокі духоўны фон урачыстасці, да ўдзельнікаў свята звярнуліся святары – благачынны вілейскай акругі мітрафорны пратаіерэй Сямён Мацюх і вілейскі дэкан – ксёндз Аляксандр Барыла. Арганічна ўплялося ва ўрачысты фон свята выступленне народнага хору ветэранаў вайны і працы Палаца культуры. Патрыятычны запал мастацкага нумара «Сівая гвардыя», яго жывы аптымізм па сапраўднаму крануў сэрцы тых, хто высокі сэнс укладвае ў паняцці вызвалення і незалежнасці. Хто свядома чакае гэтай даты, пераплеценай болем і радасцю, як набрынялымі крывёю ружамі цярновы вянок. Вакальна-харэаграфічная кампазіцыя «Жытнёвае поле» – жыццесцвярджальны лейтматыў дзеі, якая, аддаючы даніну памяці, несла ў сабе высокі пафас стварэння. Яго ўтрымлівалі прывітанні сяброў-пабрацімаў, што прыехалі да нас з ідэямі супрацоўніцтва і дружбы. І геаграфія замежных стасункаў Вілейшчыны штогод пашыраецца. У Польшчы мы маем ужо два гарады-пабрацімы – Уязд і Бліжын. Згоду на сяброўства заявіла Малдавія. Яе прадстаўнік, прымар (кіраўнік) горада Чымышлія раніцой другога ліпеня падпісаў з Яўгенам Сінілам дагавор на супрацоўніцтва. Аналагічны заключаны і з Усевалажскім раёнам Ленінградскай вобласці. Яго кіраўнік Таццяна Зэбодэ, прэзентуючы свой рэгіён, адметнасцю яго назвала Ладажскае возера, адно з самых вялікіх у свеце. Гэта па ім у час вайны праходзіла дарога жыцця, якая зберагла апошнія кроплі крыві блакаднаму Ленінграду.
Па традыцыі, менавіта на святкаванні Дня вызвалення Вілейкі называюцца імёны тых, каму сумесным рашэннем райвыканкама і Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, прысвойваюцца званні Ганаровых грамадзян Вілейскага раёна. На гэты раз яго ўдастоены Віктар Пятровіч Анікеенка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання і (пасмяротна) – старшыня калгаса імя Кірава (цяпер ААТ «Чурлёны) –Мікалай Іванавіч Шайко. Абодва ўнеслі значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.
І – таксама па традыцыі – узнагароджанне лепшых людзей Вілейшчыны, справы якіх атрымалі высокую адзнаку раённага выканаўчага камітэта.
Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны: Мікалай Мікалаевіч Гіро, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 3 горада Вілейкі»; Фёдар Міхайлавіч Гур, настаўнік вышэйшай катэгорыі ўстановы адукацыі «Вілейская дзіцячай школа мастацтваў»; Віктар Іосіфавіч Паўлоўскі, дырэктар гарадскога ўнітарнага прадпрыемства «Вілейская жыллёва-камунальная гаспадарка».
Падзякі старшыні райвыканкама аб’яўлены:
Сяргею Якаўлевічу Галко, выканаўцы работ будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «ПМК-185»; Юрыю Станіслававічу Гакуцю, вадзіцелю пагрузчыка філіяла «ДЭУ-63» УП «Мінскаўтадар-Цэнтр»; Людміле Мікалаеўне Кажукайла, вядучаму інжынеру-тэхнолагу УП «Рамашка»; Паўлу Анатольевічу Савіцкаму, спецыялісту па маркетынгу тэлекамунікацыйных паслуг філіяла раённага вузла электрасувязі; Станіславе Іванаўне Салонінай, памочніку ўрача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Падзячныя лісты старшыні райвыканкама ўручаны Аліне Кузьмінічне Мікулёнак, старасту вёскі Юнцавічы Альковіцкага сельсавета і Людміле Пятроўне Субач, старасту вёскі Ілішчавічы Асіпавіцкага сельсавета.
Па выніках штогадовага раённага агляду-конкурсу сярод сельскай моладзі на лепшае сялянскае падвор’е пераможцай стала сям’я Сяргея Мікалаевіча і Алены Мікалаеўны Бяльковічаў з аграгарадка «Даўгінава».
Узнагароджанне – не фінал, а толькі апагей свята. Яшчэ доўга гучала музыка. А паказальныя выступленні на батуце членаў зборнай краіны, прызёраў першынства Беларусі Яна Аўласовіча і Івана Літвіновіча сабралі шмат аматараў гэтага прыгожага і ўражальнага віду спорту. Вядомая ў рэспубліцы і вілейская школа акрабатыкі. Яе прадстаўнікі таксама прадэманстравалі землякам сваё майстэрства. Выступілі на імправізаванай сцэне спартсмены клуба «Самурай». І яшчэ адна адметнасць свята: старт міжнароднай беларуска-літоўскай экспедыцыі па шляху графа Тышкевіча. Сцяг экспедыцыі прыняў ад старшыні райвыканкама яе пастаянны кіраўнік Міхаіл Петух. А пасля, ужо на беразе Віліі, аматараў падарожжаў па родным краі благаславіў на шчаслівы шлях мітрафорны пратаіерэй Сямён Мацюх.
І яшчэ доўга звінела ў Дубаўцы свята. Мелодыі роднай зямлі плылі над празрыстымі водамі Віліі, трывожачы спакой прырэчнага сасняку. Спакой, які ўжо 68 год пануе на Вілейшчыне, дзякуючы неўміручаму подзвігу, здзейсненаму нашымі дзядамі і бацькамі ў гэтым слынным краі.
Прадоўжылася святкаванне канцэртам папулярнага гурта «Ігры» на цэнтральнай плошчы Вілейкі. І завяршылася маляўнічым феерверкам і Гімнам Рэспублікі Беларусь. Непаўторным момантам яднання ўсіх віляйчан вакол важнейшай даты ў сваім гістарычным лёсе.
Рэквіем
Раніца 2 ліпеня. Мемарыял зніклых вёсак. Своеасаблівы рэквіем памяці адыйшоўшых у вечнасць сяліб, знішчаных часам шпакоўняў, у якіх ужо не адрадзіцца новаму жыццю. Мы прыводзім сюды гасцей, каб расказаць аб сваёй гісторыі ў кантэксце яшчэ адной, таксама трагічнай яе рэаліі. На камянях – назвы вёсак, сцёртых з твару Вілейшчыны збегам абставін і пякельным агнём вайны. Сёння тут павінна з’явіцца яшчэ адна мемарыяльная пліта. Падрыхтавана месца для захавання капсулы з зямлёй блакаднага Ленінграда. Кіраўнік дэлегацыі Ленінградскай вобласці Ірына Рогава, старшыня спецыялізаванага фонду расійска-беларускага супрацоўніцтва «Белыя Росы», падчас афіцыйнага цырыманіялу ўзнаўляе адзін з трагічных эпізодаў жыцця блакаднага Ленінграда. Наколькі ж моцная яна, повязь двух славянскіх народаў, змацаваная агульнай памяццю, болем і пралітай крывёй.
На могілках Санкт-Пецярбурга пахаваны 12 тысяч юнакоў і дзяўчат з Беларусі. Кожны другі з тых, хто быў накіраваны ў Ленінград для навучання рабочым прафесіям якраз напярэдадні вайны. Толькі ім быў наканаваны зусім іншы лёс. Яны да канца выпілі горкую чашу пакут, суджаных жыхарам гераічнага і трагічнага горада. Беларускія падлеткі раздзялілі разам з ленінградцамі іх блакадны лёс. І пайшлі ў вечнасць, прадоўжыўшы лік вялікіх чалавечых трагедый той страшнай вайны. Пры захаванні капсулы прысутнічала і падзялілася ўспамінамі віляйчанка Вера Макараўна Сепселева. Яе таксама спасціг блакадны лёс. Няхай гэтыя радкі таксама стануць сціплым рэквіемам памяці нашым землякам, чые жыццёвыя шляхі абарваліся на горкіх вуліцах знясіленага Ленінграда.
Их матери провожали,
Тайком осеняя крестом.
Ботиночки ноги жали, –
Привыкшие, чтоб босиком…
На лицах – весны беспечность
Да, что вы! – 17 лет…
Они уходили в вечность,
А думали, что в рассвет.
Об этой вселенской были
Нельзя вспоминать без слёз…
Они даже не любили
И плакали не всерьёз.
Их судьбы – без многоточия,
В дорогу – одни кресты.
А над Ленинградом ночи
Болью людской чисты.
Не звали вы близких в гости
Рубеж бытия – бессмертье.
И молится на погосте
В Россию сбежавший ветер.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара і Сяргея БЯДРЫЦКАГА

























